BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

"Мы не можам чакаць, пакуль іншыя стануць добрымі". Арцыбіскуп Станеўскі - на Раство

У той жа час, адзначае іерарх, "нельга забываць, што ўзаемнае праяўленне добрай волі павінна заўсёды адбывацца ў атмасферы пошуку праўды"

З пастырскім пасланнем на Нараджэнне Пана 2021 года звярнуўся да каталіцкіх вернікаў і людзей добрай волі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён падкрэслівае, што "cёння патрэбныя людзі добрай волі, гатовыя да добразычлівага дыялогу ва ўсіх сферах сямейнага і грамадскага жыцця":

"Мы не можам чакаць, пакуль іншыя стануць добрымі. Папа Францішак пастаянна нагадвае, што сучасны свет чакае ад нас, веруючых хрысціянаў, Евангелля на далоні, гэта значыць, чакае ад нас праведнага жыцця ў адпаведнасці з прынцыпамі Евангелля", - цытуе Сatholic.by.

У той жа час, адзначае іерарх, "нельга забываць, што ўзаемнае праяўленне добрай волі павінна заўсёды адбывацца ў атмасферы пошуку праўды, а гэта патрабуе намаганняў і мужнасці":

"Бо мы як хрысціяне абавязаны не толькі раскайвацца і перапрашаць за свае грахі, але найперш абавязаны выконваць запаведзь любові да кожнага бліжняга. Бо ўсе мы — браты і сёстры, і ўсе мы з’яўляемся салідарна адказнымі за будаўніцтва грамадства".

Спасылаючыся на энцыкліку Fratelli tutti Папы Францішка, арцыбіскуп нагадвае, што Пантыфік заклікае да адраджэння цуду ветлівасці ў дыялогу, які называе зоркай у цемры, вызваленнем з жорсткасці, страху.

"Акуніцеся ў гэтую добрую волю, якую Бог аказаў людзям, сыходзячы на зямлю. Няхай яна паселіцца ў сэрцах і розумах, няхай будзе прысутнай ва ўсіх сферах сямейнага і грамадскага жыцця і няхай дзейсна супрацівіцца ўплывам зла. Няхай яна прынясе трывалы спакой, няхай захавае сям’ю і хрысціянскую традыцыю. Няхай паспрыяе нашаму паяднанню", - запрашае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. І благаслаўляе на "радасць сустрэчы і дыялогу з Богам, чалавека з чалавекам, грамадзяніна з грамадзянінам у Новым 2022 годзе".

Last modified onПятніца, 24 Снежань 2021 16:25
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць