Пілігрымка да закрытага храма ў Рагачове сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Паломнікам далі магчымасць зайсці ў касцёл, які пустуе ўжо амаль 100 гадоў, і паглядзець, як ён выглядае знутры.
Пешая пілігрымка каталіцкіх вернікаў са Жлобіна ў Рагачоў, да старадаўняга касцёла святога Антонія Падуанскага, прайшла 8 чэрвеня. Пілігрымка штогод праходзіць да дня памяці святога Антонія, і гэтым разам стала ўжо 15-й.
Па трасе паміж райцэнтрамі вернікі пераадолелі пешшу шлях у 25 кіламетраў (відэа глядзіце ніжэй). Пілігрымка сабрала звыш 70 чалавек, удвая больш,чым у мінулыя гады, – вернікаў са жлобінскай парафіі, а таксама з Мінска, Гомеля, Светлагорска і Нароўлі.
Ля касцёла ў Рагачове іх прывітаў біскуп Казімір Велікаселец: блаславіў пілігрымаў і акрапіў іх асвячонай вадой.
«Ужо ў 15-ы раз штогод мы ідзем з малітвай-просьбай аб аднаўленні храма ў Рагачове і, вядома, аб маральна-духоўным жыцці ў нашым горадзе сярод усіх хрысціян», – адзначыў пробашч парафіі святога Казіміра ў Жлобіне ксёндз Алег Грыгаровіч.
Пілігрымам далі магчымасць зайсці ў закрыты храм і паглядзець, як ён выглядае знутры.
Паўразбураны храм рымска-каталіцкай парафіі святога Антонія Падуанскага ў Рагачове ўжо працяглы час спрабуюць аднавіць. Касцёл унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Храм быў асвечаны 6 жніўня 1912 года і дзейнічаў да 30-х гадоў мінулага стагоддзя, затым касцёл закрыла камуністычная ўлада.
У ім быў размешчаны зернесклад, потым цэх па вытворчасці напояў і марозіва. У 1940 годзе адбыўся пажар, згарэў дах і драўляныя канструкцыі. Чорную справу давяршыла вайна: падчас вызвалення Рагачова ад нацыстаў у храм трапіла некалькі снарадаў. Пасля вайны ў касцёле дзяжурыў пажарны пост, затым працаваў хлебазавод.
У 70-х гадах будынак зноў пачатак пуставаць. З пачаткам гарбачоўскай «перабудовы» мясцовыя краязнаўцы паспрабавалі ўзняць пытанне аб рэстаўрацыі храма, але беспаспяхова. У 2000 годзе Рагачоў наведаў кардынал Казімір Свёнтэк, і касцёл быў перададзены мясцовай каталіцкай парафіі. А праца па рэстаўрацыі нарэшце пачалася ў 2003 годзе. Аднак мясцовыя парафіяне па-ранейшаму моляцца ў капліцы.
Фота – «Навіны Рагачова», відэа – гомельская парафія Нараджэння Божай Маці
Media
Related items
-
Асеннія фотасесіі зрабілі беларускія манахіні
-
Святар РПЦ прайшоў праз Святыя брамы ў Ватыкане. Як так?
-
«Спадзяюся, што людзі, даведаўшыся пра гэта, умацуюцца ў веры». З'явілася вестка ад ксяндза Акалатовіча
-
Новы Апостальскі нунцый упершыню наведаў Гомель – і вось з якой нагоды
-
А вы бачылі, як вырабляюць ружанцы? Працэс паказаў беларускі майстар