BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Ці святкаваць хрысціяніну Купалле – адказвае даследчык каталіцкай цывілізацыі

Можа быць і вогнішча, але пры гэтым варта разабраць паганскае свята на элементы і перасабраць іх нанава, гаворыць эксперт і нагадвае аб традыцыях на ўрачыстасць святога Яна.

Сумяшчэнне каталіцкіх і дахрысціянскіх святаў даследчык Алесь Белы лічыць прыкметай цывілізацыйнай і тэалагічнай катастрофы ў Касцёле. На працягу двух тысячагоддзяў ён умела супрацьстаяў пагрозам і спакусам паганства, прыстасоўваючы народныя дахрысціянскія традыцыі ў розных частках свету да ядра хрысціянскага веравучэння і цывілізацыйнага коду, адзначае даследчык.

«Купалле – самае яскравае і магутнае паганскае свята з усіх, якія заспеў Касцёл у сваёй місіі ў Літве, Беларусі і на суседніх землях. Гэта свята такіх магутных стыхій як Агонь, Вада і Эрас. Цяжка ігнараваць яго натуральную аснову – дзень летняга сонцастаяння, самы доўгі дзень у годзе, трыумф магутнага Сонца і ўрадлівасці зямлі. Менавіта таму змагацца з гэтымі стыхіямі, ўзяць іх пад кантроль – "прызначылі" святога Яна Хрысціцеля, аднаго з самых моцных духам прарокаў, які жыў на рубяжы Старога і Новага тэстаментаў», – каментуе для Katolik.life Алесь Белы.

Таму, як ён адзначае, веруючы католік, перадусім, ніколі не прызнае гэты дзень і гэтую святочную нагоду «Купаллем»:

«Для нас гэта дзень святога Яна, а любыя ўрачыстасці і атрыбуты гэтага дня – святаянскія, а не купальскія. Нават у Літве, дзе пазіцыі паганства вельмі моцныя, асноўная назва свята для большасці літоўцаў – Joninės. Зразумела, мы не ў стане думаць і адказваць за ўсіх, але сведчыць сваю веру і прынцыповую пазіцыю – абавязаныя».

Касцёл назапасіў багатую традыцыю, як вырашаць гэтую праблему, падкрэслівае даследчык:

«Этнографы ХІХ і ХХ ст. сустракалі найменш слядоў святкавання менавіта Купалля ў каталіцкіх рэгіёнах, у параўнанні з праваслаўнымі, найменш юрлівасці і апантанасці стыхіямі. У крайнім выпадку, дзе пераканаць людзей трымацца веравучэння строга было цяжка, Касцёл вымушана закрываў на нешта вочы, але не браў найбольш яскрава паганскія з’явы пад свой патранаж. І пакуль што гэты падыход да святкавання дня святога Яна не размываецца ў католікаў Польшчы і Літвы. Кажу тут менавіта пра каталіцкія супольнасці, а не пра грамадствы ў цэлым, якія, канешне, ахопленыя той самай «стратэгічнай нявызначанасцю», або інакш кажучы, маральным рэлятывізмам».

Алесь Белы прывёў прыклад, што ў гарадах Польшчы на гэта свята ладзяць маштабныя святаянскія кірмашы, рамесніцкія майстар-класы, спартовыя спаборніцтвы, канцэрты.

«Такім кірмашам ды варштатам Касцёл ніколі не адмаўляўся патранаваць – дастаткова ўспомніць хаця б традыцыю кірмашоў на дзень святога Казіміра. Шмат дзе – і не толькі ў Польшчы, але дзе-нідзе і ў сённяшняй Беларусі, ладзяцца святаянскія музычныя канцэрты. На іх, у прынцыпе, можа гучаць не толькі духоўная музыка. Абы была прыстойнай. Важная і вельмі старая святаянскія традыцыя – асвячэнне ў касцёле зёлак. Тых самых, з якіх плятуцца вяночкі. Супраць іх наш светапогляд нічога не мае. Найбольш традыцыйныя для гэтага дня зёлкі – святаяннік (самая тыповая, зверобой па-руску, адзін з сімвалаў гэтага дня ў народна-каталіцкай традыцый краін былой Рэчы Паспалітай), аер, мацярдушка, рута, размарын, любіста, дзіванна, і канешне, папараць. Не было б грахом і агульнае застолле парафіянаў (ці адкрыты цывільны фэст) – хай сабе з традыцыйнымі для гэтага дня стравамі – напрыклад, верашчакай і кулагой», – раіць даследчык.

Паводле яго, разабраць паганскае свята на элементы – зёлкі, вяночкі, вада, і нават агонь, і перасабраць іх нанава, але ўжо як хрысціянскае – гэта акурат тое, да чаго трэба імкнуцца:

«Хай сабе будзе і вогнішча – з каўбаскамі і таварыскімі спевамі – менавіта святаянскае. І гульня з пусканнем вяночкаў па вадзе – не грэх сама па сабе. Вось скаканне праз вогнішча, забегі з вогненнымі коламі, неўтаймаваны масавы эратызм, а нават і любыя намёкі на ўсё гэта, якія дазваляюць лічыць свята паганскім, – для католікаў недапушчальна».

Алесь Белы рэзюмуе, што парафіям неабходна альбо самім ладзіць такі фэст, да якога не будзе прэтэнзій адзінаверцаў і дакораў уласнага сумлення, або ўхіліцца ад адзначэння сумніўнага свята ўвогуле: «не прадаваць ці не аддаваць дарам аўтарытэт і сакральную ўладу Касцёла, яго 2000-гадовую традыцыю, ніякай чужой уладзе».

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onСубота, 22 Чэрвень 2024 15:44
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць