Не толькі аўто. У касцёлах масава асвячаюць транспартныя сродкі
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Ці трэба пры благаслаўленні адчыняць дзверы і падымаць капот, для чаго гэта робяць – спыталі ў святара [+ фота і малітва кіроўцы]
Каталіцкі Касцёл успамінае 25 ліпеня святога Крыштафа, які лічыцца заступнікам кіроўцаў, маракоў, падарожнікаў і паломнікаў, таму ў гэты дзень у касцёлах праводзяць благаслаўленне кіроўцаў і транспартных сродкаў.
У многіх парафіях гэта адбылося ў мінулую нядзелю – напрыклад, у Варнянах [фота глядзіце ніжэй], таксама благаслаўленне аўтамабіляў і кіроўцаў запланавана ў бліжэйшую нядзелю.
Дарэчы, у дадзеным выпадку больш дарэчы слова не «асвячэнне», а менавіта «благаслаўленне» – паколькі ў гэты момант мы малітоўна заклікаем Божае благаслаўленне на транспартны сродак. Гэта можа быць не толькі аўтамабіль – але і матацыкл, ровар, самакат.
У некаторых рэгіёнах прынята пры гэтым адчыняць дзверы аўто, падымаць капот і багажнік, каб вада трапіла ўнутр аўто. Такая ж традыцыя ёсць у праваслаўных. Больш за тое, на сайтах многіх праваслаўных прыходаў гэта прапісана ў інструкцыях як абавязковае дзеянне.
Ці не з'яўляецца такое стаўленне да благаслаўлення праявай паганства (адносіны да малітвы як да магічнага дзеяння), забабонамі? Адзін са святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі лічыць, што гэта проста глупства:
«Малітвай благаслаўляецца транспарт на добрую справу, а астатняе залежыць ад кіроўцы, і тут святая вада не дапаможа. Пакрапляць вадой увогуле не абавязкова. На жаль, не ўсе ўмеюць карыстацца логікай. Баюся, што ў лепшым выпадку чакаюць "загаду": каб сказаў ксёндз/бацюшка, а калі іх няма, любы іншы чалавек, сусед. Справа ў тым, каб людзі навучыліся самастойна разумець сутнасць, а не "так трэба, а так ні ў якім выпадку нельга"».
З іншага боку, святар з Гродзенскай дыяцэзіі ўпэўнены, што няма нічога кепскага, калі людзі выконваюць традыцыю і ставяцца да гэтага проста як мясцовага звычаю.
У цэлым, Касцёл нагадвае, што не варта ставіцца да благаслаўлення аўтамабіля як да нейкага магічнага рытуалу. Гэта не гарант таго, што машына ніколі не патрапіць у аварыю. Асвечаны – значыць, прысвечаны Богу. Благаслаўляючы машыну, як, зрэшты, і любую іншую рэч, Касцёл моліцца аб тым, каб яна стала для яе ўладальніка сродкам, які прыносіць не толькі матэрыяльную, але і духоўную карысць.
Благаслаўленне наўрад ці дапаможа, калі кіроўца будзе парушаць правілы дарожнага руху, паводзіць сябе на дарозе некарэктна ў адносінах да іншых, рызыкаваць бяспекай людзей – гэта ўвогуле грэх, які аддаляе ад Бога і можа пазбавіць благаслаўлення.
Дэкалог кіроўцы
Кіроўца, ты знаходзішся на дарозе не адзін. Усюды ёсць Пан Бог твой - заўсёды памятай пра гэта.
1. Не забівай.
2. Няхай дарога будзе для цябе тым, што аб’ядноўвае людзей, а не смяротнаю небяспекаю.
3. Няхай ветлівасць, карэктнасць і асцярожнасць дапамогуць табе выйсці з непрадбачаных сітуацый.
4. Аказвай міласэрнасць і ў выпадку патрэбы дапамагай бліжняму, асабліва калі ён з’яўляецца ахвярай дарожна-транспартнага здарэння.
5. Няхай аўтамабіль не будзе для цябе праяваю ўлады, панавання і нагодай для граху.
6. З любоўю пераконвай маладых і не толькі маладых вадзіцеляў не сядаць за руль, калі яны не ў стане кіраваць аўтамабілем.
7. Аказвай падтрымку сем’ям ахвяраў дарожна-транспартных здарэнняў.
8. Дапамажы ахвяры і вінаватаму ў аварыі сустрэцца ў адпаведны момант, каб яны маглі перажыць вызваленчы досвед прабачэння.
9. На дарозе аберагай слабейшага.
10. Адчувай сваю адказнасць за іншых.
Малітва кіроўцы
Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо прычынаю калецтва тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
- Расійскіх католікаў у Беларусі ўразіла гасціннасць
- Каталіцкія падкасты: пра што яны і дзе шукаць
- Праваслаўныя ў касцёле, католікі ў мячэці. Топ-5 навін рэгіёнаў
- Новы біскуп пасвечаны ў Беларусі: «Просім міра ў Бога»
- Сотні людзей прыйшлі развітацца з сям'ёй грэка-католікаў у Львове: трыма сёстрамі і іх мамай