Быў ксяндзом – стаў шматдзетным бацькам. Адкрыта – пра былых святароў
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Comments (1)
Праца дальнабойнікам, афіцыйная сям'я... А што з верай, ці ёсць шчасце і як наогул такое адбываецца?
І ў Каталіцкай, і ў Праваслаўнай царкве ёсць выпадкі сыходу са святарства і манаства, але адкрыта казаць пра гэта не прынята. Katolik.life вырашыў узняць тэму з надзеяй, што гэта дапаможа вернікам спакойна ставіцца да такіх фактаў і не забываць маліцца за духоўных асобаў.
Без заахвочвання і без асуджэння такіх крокаў мы гаворым пра жыццё – такое, якое яно ёсць. Таксама спадзяемся, што матэрыял дапаможа тым святарам, якія таемна маюць сем'і. Магчыма, прыклад тых, хто прыняў рашэнне – служыць сумленна: або парафіі, або сям'і – натхніць іх вызначыцца.
Мы пагаварылі з былым беларускім каталіцкім святаром, які адкрыта распавёў пра сваю гісторыю.
Адзначым, што ёсць і выпадкі выхаду манахінь з ордэнаў, але мы хацелі б акцэнтаваць увагу менавіта на экс-святарах. Чаму яны пакінулі служэнне, што з імі стала пасля выхаду са святарства?
Паглядзеўшы на выпадкі, якія былі ў апошнія гады ў Беларусі, можна зрабіць выснову пра агульную карціну: сыход са святарства адбываецца па прычыне ўзніклых адносін з жанчынамі.
Пакінуўшы служэнне, у многіх выпадках экс-святары афіцыйна ствараюць сем'і, адпраўляюцца на звычайную свецкую працу. Паколькі іншай адукацыі, акрамя семінарыйнай, часцяком няма, былыя святары працуюць кіроўцамі-дальнабойнікамі.
Важны момант – у тых выпадках, пра якія мы ведаем, святары не пакідаюць веру, практыкуюць частую малітву, у тым ліку па Брэвіярыі, удзельнічаюць як свецкія ў Імшы, а ў сужэнскіх адносінах адкрытыя на жыццё – іх сем'і цяпер шматдзетныя.
Хатні алтар аднаго з былых святароў
Праўда, пры пакіданні служэння экс-святары атрымліваюць кару, але праз некаторы час яна можа быць знятая, і тады былога святара афіцыйна пераводзяць у разрад свецкага.
Сваю гісторыю нам распавёў Валянцін, які пакінуў святарства пасля двух гадоў служэння. Гэта адбылося больш за дзесяць гадоў таму. Цяпер ён мае сям'ю, працуе кіроўцам.
Пра сваю сям'ю Валянцін распавядаць не стаў – каб хтосьці не ўспрыняў гэта як рэкламу. Калі ён быў святаром, адбылося тое, што ён закахаўся:
«Па-чалавечы пакахаў дзяўчыну. І тады зразумеў, што не магу служыць і Богу, і мамоне. Усе мае думкі пра веру, пра служэнне, пра Бога пераключыліся на яе. Фізіялогія, псіхалогія, эмацыйны складнік, які захоплівае чалавека ўраз. Хто быў закаханым – той зразумее».
Валянцін кажа, што супраціўляўся гэтым думкам і гэтаму стану, прасіў Бога накіраваць:
«Разумеў, што трэба было выбраць нейкае адно служэнне. Я размаўляў пра гэта са сваім начальствам, але не ўбачыў падтрымкі. Я прасіў аб духоўных практыках, рэкалекцыях, занятках. Але час тады быў складаны, было крыху не да мяне. У выніку я сам прыняў рашэнне, і нікога не вінавачу».
Як адзначае Валянцін, сыходу са святарства не папярэднічаў які-кольвек «крызіс веры», не паўстаў ён і потым:
«Былі моманты, калі я хаваўся ў цені ад Божага святла, але ніколі не адчуваў, каб Бог мяне пакінуў. Я адчуваю сябе любімым дзіцяці Бога, Ён мяне засцерагае і любіць да гэтага часу. Нічога не змянілася. Я бачу, што Гасподзь накіроўвае мяне і ўдзячны Яму за гэта».
Што тычыцца паклікання, то цяпер Валянцін бачыць яго ў тым, каб верыць, служыць Богу і бліжняму:
«Ты святар, ты настаўнік, ты шахцёр, ты дворнік... Служыць на тым месцы, на якім Бог цябе паставіў. Я зразумеў, што сустрэў чалавека, які ўва мне мае патрэбу. Напэўна, гэта ў пакліканні галоўнае. Я быў шчаслівы ў святарстве, але і не стаў нешчаслівы, калі стварыў сям'ю. Гэта таксама выдатна, і трэба радавацца таму, дзе ты ёсць, дзе цябе паставіў Бог».
Валянцін адзначае, што ягонае духоўнае жыццё практычна не змянілася: па нядзелях – святая Імша, штодзённая малітва па Брэвіярыі.
У той жа час ёсць выпадкі, у прыватнасці, сярод праваслаўных святароў, калі іх сыходу папярэднічала «страта веры», а ўжо потым яны заводзілі сем'і. Што зноў гаворыць аб асаблівай важнасці малітвы за святароў.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
- Пра дапамогу Царкве ад дзяржавы распавялі ў Віцебску. Паглядзелі, што па факце
- Ксёндз Завальнюк набраў тысячу падпісчыкаў. Ён стаў адзіным, хто згадаў пра гадавіну закрыцця Чырвонага касцёла
- Яркія моманты – у прамым эфіры: у Ружанах святкуюць 100-годдзе Пінскай дыяцэзіі
- Нецікавыя ці не цікавяцца? Пра што гаворыць статыстыка каталіцкіх медыя Беларусі
- У сустрэчы біскупаў Еўразіі ў Астане ўдзельнічаюць беларускія іерархі
RSS-стужка каментароў гэтага запiсу