Як католіку паводзіць сябе ў праваслаўным храме – адказаў святар
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Не трэба хаваць сваю каталіцкую ідэнтычнасць, але пры гэтым важна не абразіць вернікаў іншай канфесіі.
Бываюць выпадкі, калі католікам даводзіцца бываць на Літургіях у праваслаўным храме – напрыклад, па запрашэнні на шлюб, хрост, пахаванне. Як католіку паводзіць сябе на набажэнствах іншых канфесій, патлумачыў пробашч парафіі Ўнебаўзяццяя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах ксёндз Андрэй Кулік.
Святар адзначыў, што ў Каталіцкім Касцёле няма афіцыйных прадпісанняў, як неабходна паводзіць сябе ў храме ці на набажэнствах іншай канфесіі. Але выказаў уласную пазіцыю і даў пастырскія парады.
Паводле святара, католікі павінны прытрымлівацца пэўных нормаў, каб не абразіць прадстаўнікоў іншага веравызнання і захаваць сваю годнасць верніка, які належыць да Рыма-каталіцкай царквы.
Па-першае, гэта выкананне патрабаванняў знешняга характару. Так, у праваслаўнай царкве жанчына павінна прыходзіць у храм з пакрытай галавой і ў спадніцы. Таму, калі каталічка ведае, што накіруецца ў праваслаўную святыню (напрыклад, на пахавальную літургію), варта загадзя паклапаціцца аб адпаведным адзенні, каб не абразіць прысутных сваім знешнім выглядам.
Па-другое, гэта духоўны бок, які звязаны з рознымі традыцыямі і формамі малітвы. Так, католікі і праваслаўныя па-рознаму ўдзяляюць знак крыжа, у праваслаўнай царкве пры малітве практыкуюцца паклоны і частае ўдзяленне знака крыжа.
Прысутнічаючы на малітоўных набажэнствах у праваслаўнай царкве, мы не заўсёды дакладна разумеем, што адбываецца, таму не варта бяздумна паўтараць паклоны і паспешліва ўдзяляць знак крыжа, капіруючы іншых, бо гэтым мы толькі абражаем праваслаўных вернікаў і губляем сваю ідэнтычнасць як католікі.
«Што ж тады рабіць? Не трэба саромецца ўдзяліць знак крыжа па-каталіцку напачатку і напрыканцы малітвы, ціха прамаўляць словы малітвы "Ойча наш..." ці "Вітай Марыя...", зноў жа па-каталіцку, калі яе прамаўляюць праваслаўныя».
Вядома, не варта наўмысна выпячваць сваю форму малітвы і, у той жа час, хаваць сваю прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла. Знайсці залатую сярэдзіну няпроста, аднак пры Божай падтрымцы ўсё магчыма, падкрэсліў святар.
Ад сябе нагадаем, што католікам не трэба падыходзіць да Камуніі ў праваслаўным храме – РПЦ, да якой належыць БПЦ, забараняе прычашчаць католікаў, гэтак жа як і сваім вернікам забараняе прымаць Святую Камунію ў каталіцкім храме.
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
-
Нунцыю і біскупу не дазволілі сустрэцца са зняволенымі святарамі
-
«Сустрэліся два энерджайзеры». Незвычайную пару абвянчаў біскуп
-
Стаў вядомы загадкавы «Асаблівы госць» Юбілею моладзі ў Брэсце
-
Папулярны праваслаўны манах з Гомеля раскрытыкаваў Ватыкан і моцна памыліўся
-
Пакаянне за Беларусь і пілігрымка да Каралевы Беларусі: дзве важныя падзеі на захадзе і ўсходзе