BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Чэлендж: беларусам прапануюць арыгінальна адзначыць Дзень святога Казіміра

Адрадзіць традыцыю шанавання заступніка сучасных Беларусі, Літвы і Польшчы – чаму гэта важна?

Група каталіцкіх вернікаў прапануе ўзяць удзел у чэленджы ў гонар Дня святога Казіміра, які хутка будуць адзначаць у Касцёле. Мэта акцыі – узнаўленне культу святога Казіміра і адраджэнне традыцыі шырокага шанавання гэтага святога, які з даўняга часу з'яўляецца заступнікам земляў сучасных Польшчы, Беларусі і Літвы.

Першы варыянт чэленджу – паўдзельнічаць у мясцовых «Казюках», фэсце святога Казіміра, засведчыць свой удзел праз сэлфі ці іншае фота або відэа і выкласці яго з хэштэгам #Kazimir25 у Facebook ці іншую сацсетку.

Даволі шмат касцёлаў з тытулам святога Казіміра ёсць у Беларусі – напрыклад, у Лагойску, Стоўбцах, Уселюбе, Ліпнішках, а тым больш у Польшчы і Літве. Таму можна абраць любы для ўдзелу ў фэстах, якія пачнуць праводзіць ужо з 1 сакавіка.

Таксама можна паўдзельнічаць у свецкім свяце ў гонар святога Казіміра, прайсціся ў працэсіі, заспяваць гімн, набыць абаранак ці пернікавае сэрца. А пры адсутнасці такіх магчымасцяў – зрабіць сэлфі з абразом Каралевіча, запосціць нейкую гісторыю, звязаную з ім, малітвy – то бок любым чынам прадэманстраваць сваю прыхільнасць да святога Казіміра.

Яшчэ адзін варыянт – запісаць свой спеў гімну да святога Казіміра па-беларуску і даслаць ініцыятарам чэленджу, якія пазней звядуць асобныя партыі разам у віртуальны хор (ноты і тэкст глядзіце ніжэй).

Важнасць ініцыятывы тлумачаць неабходнасцю ўзнаўлення культу, які некалі быў агульнадзяржаўным у Вялікім Княстве Літоўскім. Не толькі дзеля адраджэння традыцыі, але і каб гэты вялікі святы працягваў заступацца ў Небе за братнія народы сучасных Беларусі, Літвы і Польшчы.

Нагадаем, святы Казімір – літоўскі княжыч і польскі каралевіч – жыў у XVI стагоддзі. Рана пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці, але разам з тым выдзяляўся надзвычайнай пабожнасцю. Штодзённа ўдзельнічаў у святой Імшы, шмат маліўся, здзяйсняў учынкі міласэрнасці. Памёр зусім маладым – ад сухотаў 4 сакавіка 1484 года ў Гродне. Лічыцца апекуном моладзі.

Прасіць святога Казіміра аб заступніцтве важна не толькі ў асабістых, але і ў грамадскіх, дзяржаўных справах. Шырока вядомы «Цуд над Дзвіной», здзейснены пры пасрэдніцтве Княжыча ў 1518 годзе – калі ён дапамог уратаваць Полацк ад захопу маскоўскім войскам і прагнаць акупантаў.

Малітвы да святога Казіміра можна знайсці тут >

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onПятніца, 14 Люты 2025 15:32
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць