Унікальныя спевы палескіх католікаў запісалі ў Нараўлянскім раёне
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Падчас Імшаў у Грушаўцы вернікі выконваюць мясцовыя спевы з тэкстамі на палескай гаворцы.
Верніца з Пінскай дыяцэзіі Таццяна Ефіменка пабывала ў маленькіх каталіцкіх парафіях у Нароўлі і Грушаўцы, дзе служыць ксёндз Януш Чарнамораў. Яна запісала і апублікавала на старонцы дыяцэзіі ўнікальныя спевы мясцовых вернікаў, якія больш нідзе не пачуеш [глядзіце відэа ніжэй].
Звычайна падчас святых Імшаў у парафіях гучаць агульна вядомыя касцёльныя спевы, многія з якіх – польскія, перакладзеныя на беларускую мову.
А ў Грушаўцы вернікі выконваюць мясцовыя спевы з тэкстамі на палескай гаворцы. Адзін з такіх – «Прыйдзі да мяне, Езу».
Калі з'явіліся гэтыя спевы і хто іх аўтары – дакладных звестак у публічнай прасторы няма. Але ёсць дадзеныя, што сярод жыхароў паселішча, якое вядомае з XVIII стагоддзя, здаўна пераважалі рыма‑католікі.
У савецкі час, пры пераследзе вернікаў, католікі ў Грушаўцы не зніклі, але збіраліся разам на могілках, у дамах на супольную малітву. Наведвалі касцёлы ў Пінску, Кіеве і Жытоміры. Збіраліся каля крыжа ў бязлюдных месцах – там таксама маліліся і спявалі пабожныя песні.
Наноў парафію зарэгістравалі ў 1989 годзе, арганізавалі часовую капліцу. У 1994 годзе пачалі будаваць касцёлы ў Грушаўцы і паралельна ў Нароўлі.
Акрамя спеваў, католікаў гомельскага Палесся адрозніваюць і некаторыя традыцыі. Напрыклад – наведваць могілкі падчас Велікоднага перыяду. Малітва за памерлых пачынаецца ў касцёле, а затым вернікі ідуць працэсіяй на могілкі.
Media
Related items
-
Ратуючы дзіця, загінула верніца ў Уфе. Яна была ў пілігрымцы ў Беларусі
-
Аднаўляць не было чаго. Чаму ў Навагрудку разабралі будынак кляштара, патлумачыў вернік
-
Гістарычны будынак кляштара знеслі ў Навагрудку – манахіні просяць дапамогі, каб пабудаваць новы
-
У Беларусі заўважылі новага святара з Афрыкі. Хто ён?
-
Трансляцыя Імшы на беларускім радыё засталася. Разабраліся, чаму вернікі яе не чулі