BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Адмовіцца на месяц ад алкаголю заклікаў каталіцкі біскуп

Быць цвярозым - значыць быць свабодным, падкрэслівае біскуп Антоні.

Біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка традыцыйна заклікаў на працягу ўсяго жніўні ўстрымацца ад ужывання алкагольных напояў:

"Неабходнасць такой ініцыятывы тлумачыцца большай жыццёвай актыўнасцю ў гэтым месяцы. Устрыманне ад алкаголю, якое практыкуецца дабравольна і прымаецца з рэлігійнай матывацыяй, узмацняе нашу веру. Я звяртаюся з заклікам не ўжываць алкаголь таксама ў сувязі з падрыхтоўкай да святкавання 90-годдзя існавання нашай Пінскай дыяцэзіі. Гадавіну гэтай важнай падзеі мы ўрачыста адзначым у кастрычніку бягучага года. Прыняцце абавязку ўстрымання ад алкаголю стане заўважальным штрыхом у гісторыі дыяцэзіі, які будзе сведчыць аб вышыні духоўнага жыцця яе вернікаў.

Святое Пісанне не лічыць, што віно з’яўляецца злом само па сабе. Біблійны пункт гледжання тлумачыць нам святы Ян Златавусны: “Некаторыя, ўбачыўшы п’яніц, якія нягодна сябе паводзяць, не дакараюць іх, але дакараюць дар, дадзены Богам. Яны кажуць: “Няхай не будзе віна!” А мы ім адказваем: “Няхай не будзе п’янства! Віно створана Богам, але п’янства – гэта справа д’ябла. Не віно прыводзіць да п’янства, але адсутнасць устрымання” (Ян Хрызастом, Гамілія на словы: “Віна па троху ужывай”).

Тым, хто не мае алкагольнай залежнасці, патрэбна цвярозасць. Цвярозасць – гэта ўстрыманне і пэўны стыль жыцця, гэта разумны выбар, які так патрэбны кожнаму чалавеку, каб захаваць і развіваць сваю свабоду. Быць цвярозым – значыць быць свабодным.

Новы Запавет змяшчае словы, якія з’яўляюцца кароткім зместам гэтага ліста і паказваюць на адносіны да алкаголю. Апостал Пётр кажа: “Будзьце цвярозымі, чувайце. Праціўнік ваш, д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці” (1 П 5, 8). А апостал Павел у сваю чаргу падкрэслівае: “ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае” (1 Кар 6, 10).

Заклікаючы да ўстрыманння ад алкагольных напояў на працягу жніўня, мы ўзнімаем такое сур’ёзнае пытанне, як алкагольная залежнасць. Гэта той выпадак, калі самой устрыманасці ўжо не дастаткова. Калі чалавек трапіў у залежнасць, яго нельга вылечыць, выкарыстоўваючы піццё ў дазволеных памерах. У такіх выпадках неабходна поўная ўстрыманасць, гэта значыць свядомае ўстрыманне ад ужывання тых ці іншых напояў, якія прыводзяць да залежнасці. Абстыненцыя – гэта радыкальная дарога, якой спадарожнічае Дух Святы. Поўная абстыненцыя з’яўляецца маральным абавязкам у адносінах да канкрэтных асобаў і канкрэтных сітуацый. Поўная абстыненцыя да канца жыцця абавязвае ўсіх людзей, якія трапілі ў залежнасць ад алкаголю. Для іх гэта адзіны спосаб ратунку. Поўная абстыненцыя абавязвае цяжарных жанчын, вадзіцеляў падчас кіраваннем аўтатранспартам, усіх, хто знаходзіцца на працоўным месцы, а таксама тых асобаў, для якіх нават сімвалічнае спажыццё алкаголю было б шкодным для здароўя, людзей, якія склалі прысягу абстыненцыі.

Абстыненцыя неабходна для будучых маці. У выпадку цяжарных жанчын нават малая доза алкаголю з’яўляецца вялікай пагрозай для іх дзіцяці, якое знаходзіцца пад мацярынскім сэрцам. Захаваць абстыненцыю падчас цяжарнасці і на працягу кармлення дзіцяці – гэта экзамен сталасці на адказнае мацярынства. Няхай, як кажа апостал Павел, “жанчыны будуць годнымі, не пляткаркамі, цвярозымі, вернымі ва ўсім” (1 Цім 3, 11).

Адзінай формай цвярозасці дзяцей і моладзі да 18 гадоў жыцця з’яўляецца поўная абстыненцыя. Многія маладыя людзі чакаюць ад дарослых заахвочвання да абстыненцыі і асабістага прыкладу. Таму вельмі важнае сведчанне саміх бацькоў. Акрамя таго, бацькі павінны ставіць ясныя патрабаванні сваім дзецям, матывуючы гэта любоўю. Яны не маюць права быць абыякавымі да дзяцей, калі бачаць, што тыя пачалі ўжываць алкаголь.

Клопат аб цвярозым ладзе жыцця – гэта клопат аб сям’і. Нашай краіне патрэбны цвярозыя сем’і, бо толькі ў іх могуць фармавацца здаровыя сямейныя паводзіны і ўзоры для наследавання. Калі гэтага няма, то з’яўляюцца балючыя драмы. Нараджаецца насілле, скіраванае на безбаронных дзяцей і іх маці, а жыццё ў сям’і, пазбаўленай любові і годнасці, з ранамі пастаяннага страху, з’яўляецца няспынным пасмам цярпенняў і прыніжэнняў. Не так рэгулярна гэтыя балючыя тэмы закранаюць увагай сродкі масавай камунікацыі. Абсалютна недапушчальна пачынаць гаварыць аб гэтым толькі тады, калі наступіць трагедыя.

Клопат аб цвярозасці – гэта клопат аб збаўленні. Няма большага дару любові для бліжняга, чым дапамога яму ў дарозе да збаўлення. Гэта любоў з’яўляецца асновай таго, што найбольш каштоўнае, служэннем таму, што найбольш высакароднае, пашанай да таго, што найбольш каштоўнае. Менавіта ў такім сэнсе трэба разумець нашу актыўнасць за цвярозы лад жыцця, наша служэнне і наш удзел у гэтай справе.

Клопат аб цвярозасці – гэта не пустая актыўнасць. Ён не з’яўляецца толькі формай грамадскай актыўнасці. Гэта адна з асноўных дарог ажыццяўлення хрысціянскага паклікання чалавека.

Апекуном абстынентаў з’яўляецца святы Ян Хрысціцель, да якога мы звяртаемся з такой просьбай: “Святы Яне Хрысціцелю, ты практыкаваў абстыненцыю на працягу ўсяго жыцця. Дапамажы нам зразумець тую небяспеку, якую нясе алкагалізм. Захавай нас ад граху п’янства. Няхай з нашых дамоў знікне алкагольны прымус. Ахіні апекай сем’і, зруйнаваныя алкагалізмам і іншымі залежнасцямі, дай ім радасць вызвалення ад залежнасці і яе наступстваў!”

Last modified onНядзеля, 19 Ліпень 2015 15:19
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць