BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Спяшайцеся любіць: у Вялікі чацвер святары абмылі ногі парафіянам [ФОТА]

«Езус хоча абмываць нам ногі кожны дзень, служыць кожнаму з нас».

У Каталіцкай царкве распачаўся Вялікі Пасхальны Трыдыум са святой імшы Вячэры Пана. У Вялікі чацвер католікі ўзгадваюць устанаўленне Езусам Хрыстом сакрамэнту Эўхарыстыі: «...І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць». Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць Новым Запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта».

Таксама падчас Апошняй Вячэры Езус абмыў ногі сваім вучням: «...устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся. Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падпяразаны. Падышоў да Сымона Пятра. Той сказаў Яму: Пане! Ты хочаш абмыць мне ногі? Езус адказаў яму: Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля. Сказаў Яму Пётр: Не, не абмыеш ніколі маіх ног. Езус адказаў яму: Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною. Сымон Пётр кажа Яму: Пане! Не толькі ногі, але і рукі, і галаву. Сказаў яму Езус: Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты. І вы чыстыя, але не ўсе. Бо ведаў, хто выдасць Яго. Таму і сказаў: Не ўсе вы чыстыя. А калі абмыў ім ногі, апрануў вопратку сваю і зноў сеў за стол, і сказаў ім: Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць. Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам».

Таму ў Вялікі чацвер каталіцкія святары, біскупы і сам Папа Рымскі па прыкладзе Хрыста абмываюць ногі простым вернікам. У Гомелі літургію абмывання ног здзейснілі пробашч парафіі Нараджэння Божай Маці айцец Славамір Ласкоўскі і адміністратар парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі айцец Андрэй Шут, запрасіўшы для гэтага з ліку парафіянаў 12 мужчын.

- Паўната жыцця і любові - тое, чаго ўсе шукаюць, тое, чаго кожнаму не хапае для сапраўднага шчасця - ёсць толькі ў Езусе Хрысце. Гасподзь паказвае прыклад, як атрымаць гэтую паўнату жыцця і любові: не камандаваць, а служыць іншым, любіць у служэнні - абмываць ногі. Паўната жыцця не ў тым, каб мець грошы і ўсё, што пажадаеш. Езус хоча абмываць нам ногі кожны дзень, служыць кожнаму з нас, каб мы атрымалі паўнату радасці, жыцця і любові з гэтай крыніцы - не патрабавалі ад іншых, каб служылі нам, напаўнялі нас, але самі служылі. Бо мы часта думаем пра тое, што нам усе павінны, але не хочам служыць самі. Таму не здзіўляйцеся, калі вашыя дзеці не слухаюцца, дрэнна вучацца - таму што яны глядзяць на вас, на вашы паводзіны, бяруць з вас прыклад уцякаць ад крыжа. Спяшаецеся любіць - да гэтага заклікае Гасподзь. А сапраўдная любоў заўсёды выяўляецца ў канкрэтных справах, - адзначыў падчас казання айцец Славамір.

Вялікі Пасхальны Трыдыум працягнецца Літургіяй Пакуты Гасподняй у Вялікую пятніцу.

Last modified onЧацвер, 24 Сакавік 2016 23:39
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць