BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

УНІКАЛЬНАЯ ПАДЗЕЯ! Маці 18 дзяцей прэзентуе сваю кнігу на беларускай мове

Адна з самых шматдзетных пар Еўропы, сужэнцы з Іспаніі, наведаюць Беларусь [+АФІША]

Вядомыя каталіцкія сужэнцы з іспанскай Барселоны - Хасэмарыя Пасціга і Роза Пік - наведаюць Беларусь 25-27 лістапада. Роза Пік прэзентуе сваю кнігу «Як жыць шчасліва ў сям'і з 1,2,3... дзецьмі?», а Хасэмарыя Пік правядзе прэзентацыю курсаў Міжнароднай федэрацыі сем'яў IFFD.

У сям'і Пасціга-Пік нарадзілася 18 дзяцей, іспанскія сужэнцы - самая шматдзетная пара Еўропы з дзецьмі школьнага ўзросту. Яны сталі героямі шматлікіх газетных публікацый і тэлеперадач, а 51-гадовая Роза нядаўна выпусціла кнігу, у якой распавядае пра сваё жыццё і на асабістым вопыце паказвае, як быць шчаслівым у сям'і. У 2016 годзе па ініцыятыве сужэнскай пары з гомельскай парафіі, знаёмай з іспанскай сям'ёй, кнігу пераклалі на беларускую мову і выпусцілі ў выдавецтве Гродзенскай дыяцэзіі. Пераклад з іспанскай выканала Юлія Шэдзько, таксама над тэкстам працавала вядомая іспанка, якая ў дасканаласці вывучыла беларускую мову і піша на ёй вершы - Анхела Эспіноса.

Дарэчы, Роза Пік бясплатна перадала ўсе правы на выдавецтва яе кнігі і адмовілася ад ганарару. Усяго кніга шматдзетнай маці з Іспаніі перакладзеная ўжо на 11 моваў і хутка з'явіцца ў продажы ў Беларусі.

Як адзначыла ў інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё адна з арганізатараў прыезду іспанцаў, гомельская парафіянка Алена Германовіч, сустрэча з вядомымі сужэнцамі стане добрым мэседжам для мясцовых сем'яў:

«Мы гасцявалі ў іх сям'і, бачылі іх жыццё знутры, іх стасункі з дзецьмі, тое, з якой ахвярнасцю, любоўю і радасцю яны клапаціліся адзін аб адным і аб нас таксама. Гэта сапраўды шчаслівая сям'я, якая жадае падзяліцца сваім шчасцем з іншымі, паказаць, што быць бацькамі - гэта не цярпенне, не крыж, а радасць, што можна атрымліваць асалоду ад жыцця ў сям'і. Роза казала, што мэта яе кнігі - паказаць вельмі простыя рэчы, якія можна штодня практыкаваць ва ўласнай сям'і і цудоўна бавіць час, маючы аднаго, двух, трох і болей дзяцей».

Сужэнцы шмат вандруюць па свеце - як па пытаннях бізнесу Хасэмарыі, так і працы Розы (яна працуе ў індустрыі моды), а таксама ў якасці мадэратараў IFFD - Міжнароднай федэрацыі сем'яў, якая была створана ў 1978 годзе ў Іспаніі. З тых часоў у больш за 60 краінах свету IFFD праводзіць курсы для сужэнцаў, канферэнцыі, кангрэсы, навучанне, даследаванні. Курсы даюць адукацыю сужэнцам і бацькам з выкарыстаннем сітуацыйнага аналізу (case method). На сустрэчах з удзелам мадэратараў аналізуюцца канкрэтныя праблемныя сітуацыі сем'яў з пошукам рашэнняў. Такім чынам семінары не толькі перадаюць веды, але, у першую чаргу, развіваюць уменні і навыкі ў вырашэнні праблем шлюбнага жыцця. Задача IFFD - пабудова гарманічных адносін і шчаслівых сем'яў. Заснавальнікам IFFD быў Рафаэль Пік - бацька Розы.

У сакавіку 2016 года курсы «Акадэміі сям'і» адкрыліся ў Гомелі. У гэтым горадзе сустрэча мясцовых сем'яў з сужэнцамі Пасціга-Пік запланаваная на 26 лістапада ў гатэлі «Надзея» (вул. Савецкая, побач з гатэлем «Турыст»), пачатак - а 14-й.

А днём раней, 25 лістапада, іспанскія сужэнцы сустрэнуцца з сем'ямі Мінска. Мерапрыемства пройдзе ў 18.00 у памяшканні «Тартак» на вуліцы Магілёўская 2/2 (ст. метро «Інстытут культуры»). Таксама плануецца, што сужэнцы прымуць удзел у святой Імшы ў Чырвоным касцёле і ў катэдры.

Media

Last modified onНядзеля, 27 Лістапад 2016 01:24
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць