BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Помнік архітэктуры - 100-гадовы каталіцкі касцёл - пачнуць рэстаўраваць ў Рагачове [фота]

Вернікі збіраюць ахвяраванні на будаўнічыя працы і сустракаюцца на Імшы ў маленькай капліцы.

Храм рыма-каталіцкай парафіі святога Антонія Падуанскага ў Рагачове акружаны будаўнічымі лясамі - ўжо працяглы час вернікі спрабуюць аднавіць разбураны касцёл і вярнуць яму мінулыя веліч і прыгажосць. Нядаўна парафія, нарэшце, атрымала ўсе неабходныя дазволы і ўзгадненні ад архітэктараў, цяпер у Рагачове чакаюць прадстаўнікоў будаўнічай кампаніі, якая будзе рэканструяваць храм, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. А пакуль вернікі па-ранейшаму збіраюцца на Святую Імшу ў невялікай капліцы, а пробашч парафіі айцец Андрэй Шут праводзіць збор ахвяраванняў для будучых прац па аднаўленні касцёла.

Храм ўжо адзначыў свой 100-гадовы юбілей - ён быў асвячоны 6 жніўня 1912 года. А пабудаваў цагляны касцёл на месцы былога драўлянага тагачасны пробашч айцец Бернатовіч. Сродкі на гэтую справу ахвяравалі чальцы Дзяржаўнай Рады і самі парафіяне. Касцёл дзейнічаў да 30-х гадоў мінулага стагоддзя, пасля ў ім быў размешчаны зернясклад, затым цэх па вырабу напіткаў і марозіва. У 1940 годзе адбыўся пажар, згарэў дах і драўляныя канструкцыі. Чорную справу дарабіла вайна: падчас вызвалення Рагачова ад фашыстаў у храм трапіла некалькі снарадаў. Пасля Перамогі ў касцёле дзяжурыў пажарны пост, затым працаваў хлебазавод. У 70-х гадах будынак зноў пачаў пуставаць. З пачаткам гарбачоўскай «перабудовы» мясцовыя краязнаўцы паспрабавалі ўзняць пытанне аб рэстаўрацыі храма, але беспаспяхова. У 2000 годзе Рагачоў наведаў кардынал Казімір Свёнтак, і касцёл быў перададзены мясцовай каталіцкай супольні. А праца па рэстаўрацыі нарэшце пачалася ў 2003 годзе.

- Будынак храма - гэта дом малітвы, дом Божы, і трэба яго аднаўляць у першую чаргу згодна з такімі мэтамі. Калі касцёл будзе адчынены, гэта безумоўна дазволіць пашырыць колькасць вернікаў у парафіі. Часам мы маліліся каля касцёла ці ў самім будынку, і некаторыя падыходзілі, цікавіліся. Ёсць таксама людзі, якія цяпер не наведваюць парафію, але так кажуць: калі будзе касцёл, тады пачну сюды хадзіць. Часцей за ўсё гэта адгаворка, але тым не менш – калі ёсць будынак сакральны, гэта больш прыцягвае і скіроўвае на малітву, - упэўнены пробашч.

Last modified onЧацвер, 07 Лістапад 2013 09:17
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць