BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

З кнігі "Каталікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны"

 

У 1914 г. выбухнула Першая сусветная вайна, якая ў значнай ступені паўплывала на грамадскае становішча жыхароў Гомеля і ўсёй Магілёўскай губерні, у тым ліку і на становішча католікаў. Для каталіцкай грамадскасці Гомеля (і ў цэлым Магілёўшчыны) пэўным пераломам быў не столькі сам выбух Першай сусветнай вайны, колькі прыбыццё на гэтыя землі восенню 1915 г. тысяч польскіх эмігрантаў, выселеных з занятых нямецкімі войскамі тэрыторый Каралеўства Польскага і заходняй Беларусі. У Магілёўскай губерні налічвалася каля 146 тыс. бежанцаў, з іх каля 75 тыс. знаходзіліся пад апекай польскіх арганізацый дапамогі. З прыбыццём бежанцаў паўстала неабходнасць дапамогі гэтым людзям. Для арганізацыі такой дапамогі былі заснаваны камітэты, якія стварылі бюро працаўладкавання і танныя сталоўкі. У Гомелі найбольш дапамагалі ўцекачам мясцовыя дваране Фелікс і Караль Фашчы.

Каталіцкае (пераважна польскае) насельніцтва Гомеля ў час Першай сусветнай вайны за кароткі тэрмін павялічылася са звычайных 1700—1800 чалавек прыкладна да 4700 чалавек (1916—1917 гг.).

Прыбыццё польскіх бежанцаў умацавала каталіцкі асяродак Гомеля. Але бежанцы ў сваёй большасці былі носьбітамі польскай нацыянальнай самасвядомасці і ўжо адной сваёй прысутнасцю тут як бы заклікалі католікаў да праявы пачуцця польскага патрыятызму. Вялікая колькасць бежанцаў не да канца разумела спецыфіку нацыянальных і палітычных стасункаў і спрабавала перакласці на беларускі грунт вопыт Каралеўства Польскага.

Такім чынам, Першая сусветная вайна разам з часовым узмацненнем польскасці (а таксама і каталіцкасці) на Гомельшчыне, звязаным з прыбыццём польскіх бежанцаў, у канчатковым выніку стала і прычынай паслаблення гэтай каталіцкасці.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. выклікала дэмакратызацыю ўсіх сфер жыцця грамадства, у тым ліку ў рэлігійнай сферы. Была абвешчана свабода веравызнання, і такім чынам юрыдычна было скасавана дамінаванне Праваслаўнай Царквы. Католікі Беларусі нарэшце атрымалі магчымасць адкрыта змагацца за свае правы. У сакавіку 1917 г. быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт з прадстаўнікоў беларускіх арганізацый і партый, у які ўвайшлі і беларускія каталіцкія святары. 25 красавіка 1917 г. магілёўскаму арцыбіскупу быў уручаны мемарыял, дзе прапаноўвалася ўвесці ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася ў Петраградзе, лекцыі па беларускай мове і літаратуры і гісторыі Беларусі. Таксама прапаноўвалася рэкамендаваць духавенству звяртацца да вернікаў па-беларуску, перадаць католікам касцёлы, канфіскаваныя раней, у якіх планавалася весці беларускую працу, ініцыяваць друк рэлігійнай літаратуры і перыядычных выданняў па-беларуску. Гэта, зразумела, не магло спадабацца польскай грамадскасці Гомеля.

Перыяд зацішша паміж Лютаўскай рэвалюцыяй і Кастрычніцкім пераваротам 1917 г., які працягваўся некалькі месяцаў, стаў адзіным часам для вольнага існавання Каталіцкага Касцёла ў Расіі (і ва ўсходняй Беларусі ў прыватнасці).

У гэты час гомельскі дэкан Ячэйка аб становішчы на Гомельшчыне і аб католіках Гомельшчыны пісаў наступнае: «Сяляне прагнуць паляпшэння быту. Да памешчыкаў стаўленне ў пэўным сэнсе негатыўнае. Да яўрэяў яшчэ горшае. Тыя, хто лічыцца палякамі, карыстаюцца гутарковай беларускай мовай. У некаторых мясцовасцях у гэтай беларускай мове больш рускіх выразаў. Прагнуць вучыцца па-польску. З людзьмі іншых нацыянальнасцяў мясцовыя людзі (католікі) жывуць у згодзе. Арганізацыі ЦКО спрыяюць, а ПТПО адтрымліваюць, беручы ў іх працы чынны ўдзел. Падобна ж ставяцца да іншых арганізацый. Жадаюць мець свае нацыянальна-каталіцкія школы. А калі застануцца дзяржаўныя школы ў тым самым стане, у якім яны знаходзяцца сёння, то жадаюць выкладання для сябе ў роднай мове (тут маецца на ўвазе польская мова, — У.В.) рэлігіі, таксама мовы, роднай гісторыі і геаграфіі. Гомельскі гарнізон задаволены сваімі капеланамі, але давялося чуць нараканні на рэдкія прыезды вайсковых капеланаў».

А вось што пісаў А.Ячэйка пра задачы каталіцкага клеру і парафіяльнага актыву: «Праз выданні і брашуры трэба прышчапляць рэлігійна-маральную асвету, трэба ўладкоўваць матэрыяльныя справы, засноўваць дэмакратычна-хрысціянскія саюзы і іншыя арганізацыі, якія датычацца польскага люду па вёсках, мястэчках і гарадах з цэнтральнай арганізацыяй у парафіі. Трэба засноўваць страхавое таварыства, ствараць трацейскія суды, трэба стаяць на каталіцкай платформе, падтрымліваць сваё, спрыяць іншым, унікаць нацыянальнага шавінізму. Трэба закладаць новыя і пашыраць існуючыя чыста каталіцкія і навуковыя бібліятэкі. Заахвочваць з амбона да чытання добрых кніжак, часопісаў, выяўляць кепскія. Дзе няма школ — ствараць парафіяльныя. Існуючыя земскія ці народныя рэфармаваць у духу, прыязным да каталіцтва. Даваць мажлівасць заробку, засноўваць дамы працы, прытулкі для жабракоў (старцаў) і г.д. Засноўваць каталіцкія дамы, ці дабрачынныя таварыствы. Арганізоўваць на месцы каталіцкія саюзы. Галасаваць за прыхільныя каталіцкаму касцёлу партыі. Прызначаць у вялікай колькасці вайсковых капеланаў». Аднак гэтыя задачы і мэты ў большасці так і засталіся нявыкананымі.

У першыя гады савецкай улады становішча Касцёла значна пагоршылася. Фармальнай прычынай для пачатку ганенняў на рэлігію наогул і асабліва на хрысціянства стаў дэкрэт ад 23 студзеня 1918 г. «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы». У жніўні 1918 г. была выдадзена інструкцыя, якая пазбаўляла рэлігійныя арганізацыі юрыдычных правоў і маёмасці. Дэкрэты ад 26 снежня 1921 г. і 3 студзеня 1922 г. уводзілі цэнзуру казанняў і забарону на рэлігійнае навучанне дзяцей да 14 гадоў. Улада ініцыявала стварэнне атэістычных арганізацый.

Аб цяжкім становішчы Касцёла на Гомельшчыне ў першыя гады савецкай улады можна дазнацца з архіўных дакументаў. Адным з такіх дакументаў з’яўляецца перапіска гомельскага пробашча Шчэнха з біскупам Цепляком і віцэ-канцлерам Івановым. 14 студзеня 1921 г. Шчэнх пісаў біскупу Цепляку, што «у Гомельскім дэканаце працы шмат і яна толькі прыбаўляецца». Ён прасіў біскупа прыслаць ксяндза для Хойнікаў, Астраглядавіч і Рэчыцы, дзе ўжо некалькі месяцаў, ад самага адступлення польскага войска, іх не было. Не было святароў і ў Мазыры і Калінкавічах. Былі арыштаваны ў гэты час магілёўскі дэкан Белагаловы і ксёндз Антоній Ярмаловіч. Таму Шчэнх прасіў прыслаць ксяндза ў гэтыя мясцовасці. «А тым часам, — пісаў Шчэнх, — ён паслаў на тыдзень ці два чачэрскага пробашча Альбіна Шацілу для аб’езду Хойніцкай, Астраглядавіцкай і Рэчыцкай парафій, якія заставаліся без духоўнай апекі». Таксама Шчэнх выражаў надзею, што яму прышлюць у Гомель ксяндза на дапамогу.


Last modified onЧацвер, 19 Сакавік 2015 10:48
Каментары   
+2 #1 А.А. 2014-05-28 20:49
А вось так выглядала царква Нараджэння Божай Маці, на месцы якой цяпер стаіць касцёл:

Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць