BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«100 год савецкага хэлоўіна». Святар - пра юбілей камсамола

Віцебскі пробашч заклікае рэлігійныя аб’яднанні выказаць афіцыйны пратэст з нагоды святкавання дня заснавання ленінскага саюза моладзі.

29 кастрычніка адна частка беларускага грамадства адзначае сумную дату расстрэлу 132 рэпрэсаваных дзеячоў культуры, а іншая - на дзяржаўным узроўні - святкуе 100-годдзе заснавання ВЛКСМ (камсамола). «Што гэта, як не актывізацыя сілаў зла? Хлусня і падман ляжалі ў аснове той ідэалогіі, якую вызнавалі камсамольцы», - піша ў сваім блогу святар Каталіцкай царквы Вячаслаў Барок, пробашч касцёла святога Антонія ў Віцебску.

- Гэта страшна, калі пасля перажытага чырвонага тэрору, які доўжыўся больш сямідзесяці гадоў і пакінуў след крывавага і трагічнага досведу, у пэўным народзе ў цэнтры Еўропы, у бяспамяцтве святкуецца стагоддзе заснавання арганізацыі, якая па сваёй сутнасці з’яўлялася злачыннай і антычалавечай, бо яна праслаўляла той рэжым, - лічыць а. Вячаслаў.

Дзяржаўная ідэалогія ў СССР стварыла сваю “квазі рэлігію". У ёй ролю сумлення чалавека адыгрывала партыя. Замест хросных хадоў практыкаваліся парады ў гонар бальшавіцкага перавароту, піша святар.

Евангелічную веру ў Валадарства Божае спрабавалі замяніць верай у камунізм. Вядома, адным з асноўных заданняў камсамолу было таксама знішчэнне ўсялякіх праяваў рэлігійнага жыцця. Камсамолец ні ў якім разе не мог быць хрысціянінам, нагадвае віцебскі пробашч. Старэйшыя напэўна памятаюць, як здзекаваліся камсамольцы ва ўсіх навучальных установах з тых, хто прызнаваўся ў сваёй веры ў Бога.

Ахвярамі чырвонага тэрору толькі ў Беларусі сталі па розных падліках ад сотні тысячаў да двух мільёнаў чалавек:

- ВЛКСМ будаваў на хлусні і падмане. Вядома, бацькам усялякай хлусні ёсць сатана, а не Бог. А таму не знаходжу нічога дзіўнага, што напярэдадні каталіцкіх хрысціянскіх святаў - урачыстасці Ўсіх Святых і ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў - сілы цемры імкнуцца зрабіць свой шабаш.

Святкаванне 100-годдзя ВЛКСМ, што масава і паўсюдна адзначаецца ў Беларусі, гэта нішто іншае, як такі хэлоўін - свята сатаны.

Паводле а. Вячаслава, пазіцыя сучаснага БРСМ, які падкрэслівае, што працягвае традыцыі камсамола, таксама заслугоўвае асуджэння:

- Хтосьці скажа, што я перабольшваю і нагнятаю, бо БРСМ і добрае штосьці ж робіць. Часам царкве якой дапамогуць з добраўпарадкаваннем, бачыш, і ў Курапатах надоечы суботнік зладзілі. Але ж немагчыма, як кажа Пісанне, служыць Богу і мамоне, як і немагчыма запаліць свечку Богу, а д’яблу агарак.

Святар упэўнены, што каталіцкі епіскапат у Беларусі, як і ўсе іншыя рэлігійныя аб’яднанні краіны, павінны выказаць афіцыйны пратэст «з нагоды неадэкватнай рэакцыі дзяржавы і БРСМ на сёлетнюю дату 100-годдзя ВЛКСМ»:

- Царква павінна была б абавязаць католікаў выйсці з арганізацыі, якая сябе скампраментавала, а таксама падаваць ясныя маральныя арыенціры для моладзі і ўсяго народу. Пасля шабашу сілаў цемры, згодна з каталіцкім рытмам жыцця, надыходзіць свята Усіх святых. Можа і не шмат сёння цвярозадумаючых у нашым грамадстве, але я перакананы, будзе і нашае свята…

Media

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць