Кіраўнік МУС Беларусі заявіў, што не даваў загаду да жорсткіх дзеянняў
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Юрый Караеў сустрэўся з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам
21 жніўня па просьбе арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча яго прыняў міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрый Караеў.
Сустрэча пачалася з таго, што кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату і міністр акрэслілі сваё бачанне сённяшняй сітуацыі ў краіне з мэтай пошуку мірнага вырашэння крызісу ў грамадстве.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў занепакоенасць складанай грамадска-палітычнай сітуацыяй, якая склалася ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў і жорсткіх дзеянняў сілавых структур.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл заўсёды выступае ў абарону слабых і безабаронных і ў гэтай сітуацыі з’яўляецца голасам тых, хто пазбаўлены голасу, як вучыць Папа Францішак. Таму другая па колькасці канфесія ў Беларусі не можа заставацца ў баку ад таго, што цяпер перажывае грамадзянская супольнасць краіны.
У адказ міністр Караеў паведаміў, што не даваў загаду да жорсткіх дзеянняў і суперажывае пацярпелым. Кіраўнік праваахоўнага міністэрства таксама паінфармаваў, што створана міжведамасная камісія для расследавання актаў насілля.
На пытанне арцыбіскупа адносна зніклых без вестак, спісы якіх публікуюцца ў СМІ, міністр адказаў, што такіх ужо няма, а пад арыштам застаюцца каля 40 чалавек.
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі давёў да ведаму міністра ўнутраных спраў, што душпастыраў Касцёла моцна засмучае той факт, што каталіцкія святары не маюць магчымасці наведваць зняволеных у турмах і ізалятарах, якім акрамя гуманітарнай, псіхалагічнай і медыцынскай дапамогі патрэбна таксама духоўная падтрымка. Міністр паабяцаў разгледзець гэтае пытанне, пра што будзе дадаткова паведамлена касцёльным уладам.
Акрамя таго, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі дадаў, што да яго асабіста і да іншых святароў звяртаюцца людзі з просьбай дапамагчы ў складаных сітуацыях. Адну з іх іерарх, карыстаючыся магчымасцю, неадкладна прадставіў міністру. Міністэрства спрацавала аператыўна, і прыкладна праз гадзіну пасля заканчэння сустрэчы прыйшоў адказ, што пытанне вырашана.
На заканчэнне сустрэчы Юрый Караеў выказаў падзяку Каталіцкаму Касцёлу у асобе арцыбіскупа Кандрусевіча за малітвы і намаганні, скіраваныя на мірнае вырашэнне грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі.
У знак міру міністр унутраных спраў падараваў Старшыні ККББ фігурку святога Арханёла Міхала, Апекуна Касцёла ў Беларусі.
Са свайго боку, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў прадстаўнікам улады за іх адкрытасць і за тое, што знайшлі час для асабістай сустрэчы. Яна дала магчымасць данесці сілавым структурам пазіцыю Касцёла, які рашуча выступае супраць жорсткага абыходжання з людзьмі, бо кожны чалавек — гэта асоба, якая мае сваю годнасць, і гэтую годнасць заўсёды трэба паважаць.
«Падобныя сустрэчы павінны быць; і чым часцей, тым больш мы будзем разумець адно аднаго і паспрыяем хуткаму вырашэнню складаных сітуацый.
Мы не створаны судзіць і заклікаем усіх, хто ўчыніў злачынствы, да пакаяння, а астатніх — да міласэрнасці і прабачэння», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Related items
-
Масква, Саратаў, Нароўля. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – рэкардсмен у душпастырскіх візітах
-
Яшчэ адзін касцёл закрыюць у Мінску. Што пра гэта і іншыя балючыя пытанні распавялі біскупы Папе Рымскаму?
-
«Спадзяюся, што людзі, даведаўшыся пра гэта, умацуюцца ў веры». З'явілася вестка ад ксяндза Акалатовіча
-
Новы Апостальскі нунцый упершыню наведаў Гомель – і вось з якой нагоды
-
«Уся каталіцкая Беларусь моліцца». Як адрозніваецца афіцыйнае і неафіцыйнае жыццё Касцёла