BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Маці пецярых дзяцей, каталіцкую верніцу асудзілі ў Мінску да 4 гадоў зняволення

"Я тут, бо я неабыякавы чалавек", - казала Вольга ў апошнім слове і заклікала да пакаяння і ўзаемнага прабачэння

У Мінскім гарадскім судзе 3 снежня абвясцілі прысуд 38-гадовай Вользе Залатар. Яна вядомая як валанцёр, удзельніца хрысціянскіх праектаў. Вольга - каталіцкая верніца, маці пецярых дзяцей, мае Ордэн маці. Яе абвінавацілі ў "актыўнай пратэстнай дзейнасці" пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Раней у сілавым ведамстве каментавалі затрыманне Вольгі, інкрымінуючы ёй "арганізацыю дваровага чата і несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў", а менавіта - "чаявання, прагулак, канцэртаў".

Вольга не прызнавала віну ні на следстве, ні ў судзе, абарона сцвярджала, што ў справе няма доказаў таго, у чым абвінавачваюць шматдзетную маці - у тым ліку ў "стварэнні экстрэмісцкага фармавання". Аднак дзяржабвінавачанне і суд палічылі яе віну даказанай. Прысуд, які абвясціла суддзя-жанчына - 4 гады зняволення ў калоніі. Жанчына-пракурор запытвала на год больш. Рашэнне суда пакуль не ўступіла ў сілу, адвакат будзе яго абскарджваць. Але калі суд вышэйшай інстанцыі не пагодзіцца з довадамі абароны, Вольгу адправяць у жаночую калонію ў Гомель.

Перад абвяшчэннем прысуду Вольга выступала з апошнім словам, якое пачала з фразы "Я тут, бо я неабыякавы чалавек. Я тут, бо жыву па Божаму запавету. Я тут, бо я - мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей".

Вольга падкрэсліла, што як мама і каталічка яна стаіць на пазіцыі чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў:

- Усе мае дзеянні і выказванні падрыхтаваныя з любоўю да людзей і з нянавісцю да хлусні і гвалту. Мы ўсе - дзеці Божыя. Кожны мае патэнцыял зрабіць гэты свет падобным да валадарства Божага, дзе пануе любоў. У Валадарстве Божым няма нянавісці, зайздрасці, хлусні, помсты і страху. Маё сэрца рвецца на часткі, бо градус нянавісці расце, павялічваецца колькасць болю і крыўдаў. Неабходна пакаянне і ўзаемнае прабачэнне. Толькі так магчыма спыніць грамадска-палітычны крызіс у краіне. У матэрыялах справы маім дзеянням нададзены сэнс, які я не мела на ўвазе. Звычайныя чалавечыя ўчынкі, рэакцыі і пачуцці крыміналізаваныя. У матэрыялах справы ёсць фота плаката, на якім напісана «Мір. Любоў. Свабода». І я падпісваюся пад кожным словам. Я хачу міра для сваёй роднай краіны. Арцыбіскуп Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, які ўзначальваў камісію ісціны і прымірэння, Дэзманд Туту, выказаўся так: «Пан бог стварыў нас і сказаў: "Ідзіце, дзеці мае". Зараз вы вольныя, І ён так паважае нашу свабоду, што гатовы дазволіць нам па ўласнай волі выправіцца ў пекла, чым пад прымусам зганяць нас у рай». У другім пасланні святога Пятра так сказана: «Бог доўгацярплівы да нас. Ён не хоча, каб нехта загінуў. Але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння». Я хачу, каб у маёй краіне панавала любоў да Бога і людзей. Я хачу, каб кожны чалавек меў свабоду выбара… Хачу скончыць словамі Уладзіміра Караткевіча: «На Беларусі Бог жыве». Жыве Бог! Жыве вечна.

Last modified onПятніца, 03 Снежань 2021 11:46

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць