BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Беларуская – мова любові». Вернік даслаў з-за кратаў верш да Дня роднай мовы

Раней з малюнкамі Паўла выпусцілі каляндар, а цяпер плануюць выдаць хрысціянскую казку, якую ён па частках дасылаў у лістах да свайго маленькага сына.

Да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, праваслаўны вернік Павал Севярынец напісаў хрысціянскі верш, прысвечаны беларускай мове. Яго апублікавала на сваёй старонцы жонка Паўла, каталіцкая верніца Вольга Севярынец. Павал даслаў верш са зняволення – ён асуджаны ў 2020 годзе па абвінавачванні ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Нагадаем, Вольга выпусціла каляндар на 2023 год «Беларусь – гэта святое» з малюнкамі Паўла: вядомымі праваслаўнымі і каталіцкімі храмамі. А цяпер плануе выдаць хрысціянскую  казку, якую Павал таксама напісаў у турме і па частках дасылаў у лістах свайму маленькаму сыну.

Беларуская - мова любові.
Ненавідзець - ня ў нашай крыві.
Бо сказана ў нашае мове:
"Пачынаецца ўсё з любві".
 
Беларуская - мова любові.
Толькі сэрцам магчыма пачуць:
Тут крыніцы бруяць у размове
І над кветкамі пчолы гудуць.
 
Беларуская - мова любові,
І, каб бліжні бяз клопату жыў,
Мы і родным у шчасці адмовім,
І сябе аддадзім на крыжы.
 
Беларуская - мова любові.
Гэтай мовы ў нас не адняць:
Мы і храмы, і замкі адновім,
Каб маліцца, спяваць і кахаць!
 
Беларуская - мова любові,
І калі ты яе збярог,
Нават у адзінюткім слове
Цябе ў вусны цалуе Бог.
 
Беларуская - мова любові:
Хрысціянаў з усіх краёў
У Самім Хрысце як аснове
Беларусь яднае наноў.
 
Адгукнецца ў Менску і Шклове:
"Не хлусі. Не крадзі. Не забі..."
Беларуская - мова любові.
Калі ты беларус - любі.

Media

Last modified onПанядзелак, 20 Люты 2023 18:12
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць