BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Ці верыў Васіль Быкаў у Бога і што казаў пра рэлігію ў Беларусі – фрагменты інтэрв'ю

«Усё тое не робіць простым і лёгкім вяртання народа да Хрыста». Да 100-годдзя выбітнага пісьменніка публікуем вытрымкі з размоў, падчас якіх ён разважаў пра веру.

Невялікія ўрыўкі з гутарак з Васілём Быкавым, слынным беларускім пісьменнікам, прапануем да 100-годдзя з дня ягонага нараджэння, якое адзначаецца 19 чэрвеня. Гэтыя размовы былі запісаны ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Затым Быкаў вымушаны быў з’ехаць у эміграцыю. На радзіму вярнуўся незадоўга да сваёй смерці, якая наступіла 22 чэрвеня 2003 года.

Што казаў пісьменнік, які нарадзіўся і вырас у часы ваяўнічага атэізму і прайшоў вайну, пра веру ў Бога і рэлігійнае жыццё ў Беларусі? Прыводзім вытрымкі з інтэрв'ю, у якіх Быкаў даваў рэалістычныя прагнозы аб будучыні Беларусі і Расіі — многія з якіх ужо спраўдзіліся — з кнігі Аляксандра Лукашука «Зкімбы-зымбы» (выданне даступнае ў Інтэрнэце для бясплатнага пампавання).

На пытанне «Ці ёсць у вас анёл-ахоўнік?», Быкаў адказаў:

— Некалькі разоў я меў магчымасць пераканацца, што ёсць. Як ён выглядае, як ён завецца — я не ведаю. Але напэўна ёсць, таму што іншых момантаў свайго жыцця я не магу растлумачыць, як толькі ўмяшаннем, пакравіцельствам іменна анёла-ахоўніка.

— Вашыя адносіны да Бога?

— Я думаю, што Бог ёсць, і хацелася б у гэта верыць.

— Ці здараліся з вамі цуды?

— Так, здараліся.

«Новыя пакаленні не мелі магчымасці пераняць ад бацькоў і дзядоў веру»

Таксама прыводзім разгорнуты адказ Быкава на наступнае пытанне: «На пачатку пазбаўлення ад таталітарызму многія асаблівыя надзеі ўскладаліся на вяртанне да Бога, на адраджэнне рэлігіі — як у плане практычнай маралі, так і ў вырашэнні глабальных пытанняў жыцця і смерці. Як вы цяпер ацанілі б тыя спадзяванні і рэальную ролю Царквы ў грамадстве?»

— Канечне, гэта выдатна — вяртанне народу яго традыцыйнай рэлігіі, зварот да хоць якой-небудзь духоўнасці ў нашым спрэс бездухоўным, матэрыяльным свеце. Баюся толькі, што ва ўмовах посттаталітарнага грамадства гэтае вяртанне не дасць таго плёну, на які можна было б разлічваць.

Мусіць, як і ў іншых сферах жыцця, у рэлігіі патрэбная непарыўная сувязь часоў; выпаданне з гісторыі пэўнага (і вялікага) прамежку, вядома ж, не на карысць нават і такой магутнай тысячагадовай традыцыі, якой з’яўляецца хрысціянства. Новыя пакаленні не маюць магчымасці пераняць ад бацькоў і дзядоў веру і дагмат Царквы, ім трэба дайсці да іх самахоць, з уласнай патрэбы, а час для таго не самы спрыяльны.

Зноў жа, нельга не ўлічыць старой праблемы двухканфесійнасці ў Беларусі, праваслаўнага расійскамоўя. Ды і агульнавядомая сервільнасць пэўнай (і вялікай) часткі царкоўнага кліру ў форме супрацоўніцтва не толькі з партыйнымі органамі... Усё тое не робіць простай і лёгкай праблему вяртання хрысціянства да народа, або вяртання народа да Хрыста. Надта шмат перашкодаў за гэтыя гады ўтварылася перад імі.

«Крыніца Боскага задавальнення»

Таксама цікава, што на пытанне «Што вас радуе ў жыцці?», Быкаў адказаў:

— Прырода пакуль што яшчэ здольная радаваць. Можа быць, нават не так задавальняць, як пабуджаць да задавальнення. Я спадзяюся, што яшчэ нейкі «хвосцік» прыроды нам Бог пакідае для нашага задавальнення. Я маю на ўвазе, вядома, старых людзей. І ў ёй крыніца Боскага задавальнення.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onСерада, 19 Чэрвень 2024 14:11
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць