BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Шостага нарадзіла ў 43-ы ў Аргенціне». Лайфстайл мацярынства па-беларуску – ад вядомай блогеркі

Праз свой прыклад fashion-экспертка з Мінска паказвае, што шматдзетная маці можа быць прывабнай, стылёвай і шчаслівай, мудра разважае пра жыццё і сям'ю. І канешне, посціць прыгожыя фота.

Папулярная Instagram-блогерка з Мінска Вольга Жадзеева нарадзіла шостага дзіцяці ў 43 гады і стала весці свой паблік па-беларуску. «Мацярынства ў кайф. Лайфстайл на беларускай мове» – так прэзентуе шматдзетная маці сваю старонку, на якую падпісана амаль 33 тысячы чалавек.

У сваіх публікацыях Вольга не закранае рэлігійны аспект, але мы распавядаем пра яе паблік таму, што тэма шматдзетнасці блізкая многім хрысціянскім вернікам і адкрытасць сужэнцаў на новае жыццё – важны момант у вучэнні Царквы. Праз свой прыклад Вольга паказвае, што шматдзетная маці можа быць прывабнай, стылёвай і шчаслівай. А думкі, выказаныя ёй, – у духу хрысціянства.

«Быць зручным і прызвычайвацца – дрэнны шлях»

На беларускую мову блогерка – экспертка моды – перайшла вясной 2022 года і патлумачыла, чаму:

«Мой пост на беларускай мове стаў для мяне своеасаблівым камінг-аутам: я падзялілася тым, што адчувала ўжо даўно. Разумела, што такі крок прывядзе да страты часткі аўдыторыі. Беларусы адвыклі ад сваёй мовы, шмат для каго яна – нешта надакучлівае са школьнай і універсітэцкай праграмы.

Усё маё асяроддзе рускамоўнае, я сама яшчэ пакуль не магу перайсці на мову ў штодзённым жыцці, але пачала пісаць – і думкі ўжо калі-некалі з’яўляюцца на роднай мове. Не ўпэўнена, што брэнды цяпер гатовы супрацоўнічаць з беларускамоўным блогерам.

Асэнсоўна раблю гэты крок, хоць і разумею, што ен часова прывядзе да страт. Жыццё вучыць, што быць зручным і прызвычайвацца – дрэнны шлях, ён вядзе не да сябе, а ад сябе. Калі кожны дзень патрошку здраджваць сваім каштоўнасцям, гэта не будзе вельмі прыкметна адразу. Але ў перспектыве згубіць можна нешта куды больш значнае».

«У жыцці ёсць тое, у што ніколі не шкада інвеставаць частку сябе»

Блог Вольгі раней быў прысвечаны, у асноўным, модзе і стылю, але тэматыка пабліка змянілася пасля таго, як fashion-экспертка зацяжарала і нарадзіла шостага дзіцяці ў 43 гады:

«Я ўспрымаю гэту цяжарнасць як цуд і падарунак, не інакш. І я прыняла важныя для сябе рашэнні (...) Ведаеце, аб чым я шкадавала пасля 5 дзіцяці? Што мала займалася сабой і Мікітай і шмат працавала. Пачатак цяжарнасці супаў з адкрыццём канцэпт-крамы, я не звяртала ўвагі на свой стан, амаль не сядзела ў дэкрэце пасля родаў. Увесь час і сілы я прысвячала справе, якая праз 4 гады скончылася для мяне крыўднай гісторыяй, калі я засталася без нічога.

Гэта навучыла мяне, што праекты прыходзяць і сыходзяць, праца ці бізнэс сёння ёсць, а заўтра няма. Але ў жыцці ёсць тое, у што ніколі не шкада інвеставаць частку сябе, тое, што сапраўды важна і каштоўна».

У канцы 2023 года Вольга адправілася нараджаць сына ў Аргенціну. Чаму і як гэта адбывалася – яна падрабязна апісала ў сваіх публікацыях.

«Сям’я – гэта не пра колькасныя паказчыкі. Гэта гісторыя пра паступовы рост»

У адной з публікацый Вольга разважае на тэму шматдзетнасці:

«Ты заўсёды хацела столькі дзяцей?! Адно з пытанняў, якое чую даволі часта. Сям’я – гэта ўвогуле не пра колькасныя паказчыкі. Гэта гісторыя пра паступовы рост. Як у спорце, навучанні, кар’еры, духоўным развіцці. Тое, што калісьці здавалася складаным, незразумелым, немагчымым, робіцца яскравым і відавочным, як мае быць. Ты можаш і паспяваеш больш, вугал зроку пашыраецца, ёмістасць сэрца павялічваецца. Кожнае дзіця мяняе сям’ю, адносіны, расклад жыцця, звычкі і каштоўнасці. З трэцім вы ўжо не тыя бацькі, якія былі з першым. З пятым – зусім іншыя.

І пытанні накшталт “навошта?!”, “для чаго?!”, “вам што мала?!” – яны аднекуль з іншай рэчаіснасці, якую вы даўно перараслі. Не ведаю нікога, у тым ліку са шматдзетных, хто сказаў бы: шкадую, што вось гэты сын ці гэтая дачка ў мяне ёсць, што змарнавалі на яго час, грошы, магчымасці».

«Самы просты спосаб палепшыць адносіны ў сям’і – пачаць кожны дзень гуляць разам і размаўляць. Размаўляць пра ўсё, што хвалюе і натхняе. Дзяліцца навінамі і думкамі. Абмяркоўваць прачытанае і прагледжанае. Марыць і планаваць».

Акрамя аповедаў пра сям'ю мацярынства Вольга разам з сынам знаёміць падпісчыкаў з рэдкімі беларускімі словамі.

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Last modified onСерада, 17 Ліпень 2024 11:30
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць