На раскопках у Будславе сабраліся 30 гідаў. Што шукалі і ці знайшлі?
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Знойдзеныя прадметы перададзеныя ў Інстытут гісторыі на далейшае вывучэнне.
У каталіцкім Нацыянальным санктуарыі ў Будславе 22-23 красавіка ладзілі археалагічныя раскопкі з удзелам валанцёраў. Мэтай было абследаванне канструкцыі кляштара, сцен і падмуркаў алтарнай часткі касцёла 1643 года, на месцы якога быў пабудаваны цяперашні храм.
Мы заўважылі, што ў раскопках удзельнічалі каля 30 прадстаўнікоў Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, якія паказалі на сваіх старонках, як адбываліся раскопкі [фота глядзіце ніжэй]
Адзін з валанцёраў, экскурсавод Яўген Апанасевіч напісаў, што «лепшыя гіды Беларусі адкапалі першы храм у Будславе». Распавядаем, што менавіта маецца на ўвазе.
Напярэдадні будслаўскі санктуарый паведамляў, што падчас абследвання сучаснага будынка былі выяўлены не толькі вядомыя канструкцыі кляштара, але і, меркавана, сцены і падмуркі алтарнай часткі касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі 1643 года – першай мураванай святыні.
Гэта адкрыццё можа змяніць падыход да гісторыі развіцця кляштарнага комплексу ў Будславе. Раскопкі неабходна было правесці, каб адкрыць перспектывы для далейшых археалагічных і гістарычных даследаванняў, адзначалі ў санктуарыі. Задачай было пацвярджэнне тэорыі адносна размяшчэння «старога» касцёла і удакладненне памераў кляштара.
Паводле Яўгена Апанасевіча, удзельнікі раскопак заклалі некалькі шурфоў і пад кіраўніцтвам прадстаўніка Інстытута гісторыі знайшлі знешні мур самага першага каменнага храма ў Будславе.
На старонцы Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў адзначаецца, што шурфы да 2 метраў глыбіні дазволілі выявіць падмуркі сцен, падлогу, элементы керамікі, посуд, шкло.
Таксама ў раскопках удзельнічаў карэспандэнт нарачанскай раённай газеты, які паведаміў, што выяўленыя прадметы адносяцца да 17-18 стагоддзяў. Сярод знойдзенага таксама – манета 1660-х гадоў, стары ключ. На фрагментах выяўленай кафлі можна ўбачыць выявы кветак, розныя раслінныя карункі. Адна з кафляў, магчыма, з'яўлялася гербавай. Знойдзеныя прадметы перададзеныя ў Інстытут гісторыі на далейшае вывучэнне.
Будслаўскі санктуарый паказаў на здымках сцены і падмурак «старога» касцёла, сцяну, падмурак і падлогу кляштара.
Фота: Яўгена Апанасевіча, Вікторыі Мурашка, Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, газеты «Нарачанская зара»
Related items
-
Яшчэ адзін касцёл закрыюць у Мінску. Што пра гэта і іншыя балючыя пытанні распавялі біскупы Папе Рымскаму?
-
А вы бачылі, як вырабляюць ружанцы? Працэс паказаў беларускі майстар
-
«Уся каталіцкая Беларусь моліцца». Як адрозніваецца афіцыйнае і неафіцыйнае жыццё Касцёла
-
Упершыню новы пробашч у Будславе звярнуўся да вернікаў
-
Тры гады як закрыты Чырвоны касцёл у Мінску: вернікі пачынаюць зваротны адлік