BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Мітрапаліт: хрысціянства знаходзіцца ў вялікай небяспецы

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў пасланне на Вялікдзень.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуўся да католікаў і ўсіх людзей добрай волі з пастырскім пасланнем на Вялікдзень 2016 году.

- Дзякуючы Пасхальнай таямніцы крыж, як дрэва ганьбы і нечалавечых цярпенняў, перамяніўся ў знак перамогі, любові і надзеі. Укрыжаваны Езус прыгадвае нам аб Божай любові і Яго бязмежнай міласэрнасці, якая праявілася ў Яго збаўчай смерці і ўваскрасенні. Збаўчы акт Хрыста змяшчае адначасова Крыж і Уваскрасенне, - гаворыць Арцыбіскуп. - Крыжовая смерць Езуса - гэта не канец, але пачатак. Гэта толькі пункт часовага затрымання, як быццам аўтобусны прыпынак. Як пасля прыпынку аўтобус едзе далей, таксама і Хрыстус сваёй боскай моцай не спыняецца і працягвае дзейнічаць.

Калі Вялікая пятніца была чалавечым «НЕ» Богу, то велікодны ранак стаў Божым «ТАК» чалавеку. Чалавек створаны не для смерці, але для жыцця, якое атрымаў дзякуючы Пасхальнай таямніцы. Велікодная раніца пацвердзіла ўсемагутнасць Бога і тое, што Ён, а не хтосьці іншы, нават самы моцны гэтага свету, з’яўляецца яго Валадаром.

Але ў эйфарыі свята Мітрапаліт заклікае не забыцца аб праблемах, з якімі сустракаецца сёння Касцёл і хрысціянская вера наогул. Гэта найперш фізічны пераслед, асабліва на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы.

- У многіх краінах свету прымаюцца законы, якія супярэчаць Божаму закону, і само хрысціянства высмейваецца. Людзі не прымаюць удзел у набажэнствах, не моляцца, не захоўваюць Божыя запаведзі і г.д. З’яўляецца ўсё больш абыякавых, намінальных хрысціян, якіх на самой справе нічога, акрамя пасведчання аб хросце, не злучае з Касцёлам. Хрысціянскія ўрачыстасці і трыдыцыі для многіх становяцца як быццам фальклорам і нагодай добра правесці час без усведамлення іх глыбокага рэлігійнага сэнсу. У Еўропе ўжо ёсць краіны, дзе праблемай становіцца крыж на шыі веруючага ці на адзенні на месцы працы. Гэта не што іншае, як праяўленне дэхрысціянізацыі і дэсакралізацыі нашага жыцця. Губляецца сапраўдны сэнс хрысціянства, і яно знаходзіцца ў вялікай небяспецы ў сучасным свеце, які з касмічнай хуткасцю секулярызуецца, - працягвае Мітрапаліт.

Гістарычна хрысціянская Еўропа ўсё часцей дабравольна адмаўляецца ад сваёй хрысціянскай спадчыны і каранёў і становіцца постхрысціянскай. А калі і ўспамінае аб хрысціянстве, то без аднясення да канкрэтнай веры ў Хрыста і захавання хрысціянскіх каштоўнасцяў. Наш кантынент становіцца шматкультурным, так што нават у штодзённы абыход увайшоў тэрмін мульці-кульці-грамадства без ясна выражанай рэлігійнай прыналежнасці, адзначае арцыбіскуп.

- Вельмі часта ў сваім духоўным жыцці мы кіруемся ідэямі паліткарэктнасці ў галіне рэлігіі і свабоды веравызнання і робім усё, каб толькі спадабацца людзям з іншымі, нават секулярнымі, перакананнямі, забываючыся пры гэтым пра свае. Зразумела, што трэба з пашанай ставіцца да перакананняў іншых людзей. Але ў той жа час нам, хрысціянам, нельга страціць сваёй хрысціянскай тоеснасці і недапушчальна не бараніць хрысціянскіх каштоўнасцяў. Калі мы сцвярджаем, што з’яўляемся хрысціянамі, то павінны змагацца за нашу веру і яе сведчыць у штодзённым жыцці. Мы павінны таксама будаваць масты паміж рознымі хрысціянскімі веравызнаннямі, каб сумесна сведчыць Евангелле, яго бараніць і абвяшчаць.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! І Ён з намі!

Поўны тэкст паслання чытайце на Catholic.by.

Last modified onАўторак, 22 Сакавік 2016 09:55
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць