BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Фота: у Віцебску асвяцілі матацыклы і благаславілі байкераў

Матацыклісты пачулі ў касцёле «Магутны Божа» і «Авэ Марыя».

Упершыню такое незвычайнае мерапрыемства зладзілі ў Віцебску: 14 мая мясцовая дыяцэзія і ДАІ правялі сумесную прафілактычную акцыю для матацыклістаў. На мерапрыемства «З Богам па дарогах», якую ініцыяваў пробашч катэдральнага касцёла ксёндз Андрэй Аніскевіч, сабраліся некалькі дзесяткаў матацыклістаў.

Мотакалона праехала ад гандлёвага цэнтра «Карона» практычна праз увесь Віцебск да катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага. Тут біскуп Алег Буткевіч сказаў для байкераў прывітальнае слова, благаславіў іх на пачатак сезона і акрапіў асвечанай вадой. Матацыклісты таксама пачулі цудоўныя спевы ў суправаджэнні аргана: «Магутны Божа», «Авэ, Марыя», «Малітва» Булата Акуджавы. Пасля пробашч асвяціў байкі і запрасіў матацыклістаў на гарбату, каб паразмаўляць пра паняцце свабоды, якая не павінна абмяжоўваць свабоду іншых і пагражаць бяспецы, каб заклікаць не парушаць правілы, не шумець па начах.

Ксёндз Андрэй сам з'яўляецца байкерам ужо 23 гады, і праехаў у калоне на сваёй «Хондзе», паведаміў ён Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё: «Мы збіраемся разам з матацыклістамі, каб паказаць, падкрэсліць моцны фундамент, якім з'яўляецца Бог, што без Бога немагчыма жыць, немагчыма нічога. Таму збіраемся, каб пасвяціць нашыя матацыклы, каб паказаць, што мы адна сям'я, падтрымліваем адзін аднаго, з'яўляемся адказнымі за іншых людзей, што нашая свабоды не павінна пагражаць свабодзе іншых. Гавораць розныя рэчы пра матацыклістаў, што яны сябе нядобра паводзяць, маюць нейкія кланы, што яны страшэнныя людзі, але не: мы звычайныя людзі са сваімі праблемамі і цяжкасцямі. Незалежна ад таго, ці мы ў сутане, ці ў байкерскім адзенні, мы ўсе адна сям'я. Сённяшняе мерапрыемства прысвечана гэтай узаемападтрымцы, а таксама малітве – каб памаліцца за памерлых, за тых, хто загінуў у дарожных катастрофах, за каго ніхто не моліцца, каб падтрымаць нашай малітвай усіх тых, хто ўдзельнічае ў дарожных руху».

Матацыкліст Зміцер Сарокін мае 14-гадовы байкерскі стаж, але ў такой акцыі ўдзельнічаў упершыню: «Мяне запрасілі да ўдзелу ў акцыі, я пагадзіўся, бо мне захацелася падтрымаць байкерскі рух і ўбачыць нешта новае, у касцёле я да гэтага часу не быў ні разу. Я лічу, што калі можна крыху перавысіць хуткасць, то толькі на трасе, не ў горадзе, і шумець таксама нельга, бо людзі хочуць адпачываць, трэба іх таксама разумець. Трэба трымацца правілаў дарожнага руху, бо гэта бяспека не толькі свая, але і іншых. Трэба перш думаць пра іншых, потым пра сябе. З ксяндзом Андрэем я пазнаёміўся нядаўна, ён запрасіў мяне да ўдзелу, я лічу, гэта нармальна, што ён кіроўца матацыкла, што ён байкер. А біскуп увогуле вельмі класны хлопец, малайчына, вельмі спадабаўся, такіх людзей мала на свеце».

Яшчэ адзін госць ксяндза Андрэя прыехаў з Лепеля: «У мінулым годзе ў Лепелі мы ўжо прымалі ўдзел у падобнай акцыі, асвяцілі матацыклы і сябе, і дзякуй Богу, дагэтуль катаемся без здарэнняў. Важна мець стасункі, паказваць, што мы адносімся да нармальных людзей, падтрымліваем Касцёл. Гэта другое маё мерапрыемства, і спадзяюся, не апошняе, ужо як традыцыя, і нашы хлопцы лепельскія падтрымліваюць. Так атрымалася, што наш сябар, мотабрат - святар Каталіцкага Касцёла, ён нас згуртоўвае, нам ён падабаецца, падабаецца яго рух, падабаецца прыязджаць сюды, падтрымліваць».

Ксёндз Андрэй рады, што першая спроба ўдалася, і ўжо плануе яшчэ больш масавае байкерскае мерапрыемства на заканчэнне мотасезона.

Media

Last modified onНядзеля, 15 Май 2016 14:15
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць