BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Унебаўзяцце: Маці Божая сваімі малітвамі вызваляе нас ад смерці

Па традыцыі вернікі прыносяць у храмы плады новага ўраджаю.

15 жніўня Каталіцкая царква адзначае ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень абавязковым лічыцца ўдзел вернікаў у святой Імшы. У гомельскім касцёле службы пройдуць а 9-й, 12-й і 19-й гадзіне. Пасля вячэрняй імшы адбудзецца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і Хрэсны ход вакол касцёла. Нагадаем, у Гомелі адраджаецца каталіцкая парафія Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая была закрыта бальшавікамі, а святыня ўзарваная. Па ініцыятыве біскупа Казіміра Велікасельца парафію адрадзілі, на праспекце Рэчыцкім абласнога цэнтра будзе пабудаваны аднаіменны храм.

У дзень урачыстасці падчас літургіі чуем словы з кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна: «Адчынілася святыня Бога ў небе, і з’явіўся каўчэг Яго запавету ў святыні Ягонай. І вялікі знак з’явіўся ў небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад ступнямі ног яе, а над яе галавою вянец з дванаццаці зорак...» А ў Евангеліі ад святога Лукі чытаем аб тым, як цяжарная Маці Божая адправілася служыць сваёй сваячцы Альжбеце, цяжарнай святым Янам Хрысціцелем, і славіць Бога ў гімне «Магніфікат»:

Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы. Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі, і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца. Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. Скінуў магутных з трону і ўзвысіў пакорных. Дабром галодных насыціў, а багатых ні з чым адправіў. Прыняў свайго слугу Ізраэля, памятаючы пра сваю міласэрнасць, як абяцаў бацькам нашым, Абрагаму і яго патомству навекі.

Догмат Унебаўзяцця, абвешчаны ў 1950 г., быў часткаю праграмы Папы Пія ХІІ, які ўсім сэрцам клапаціўся пра распаўсюджванне марыйнай пабожнасці. Пій ХІІ лічыў, што распаўсюджванне марыйнай пабожнасці з’яўляецца гарантыяй пашырэння дабра ў свеце і адкрытасці людзей на дары і ласкі, якія Бог прагне ўдзяліць, каб дапамагчы свету падняцца «з жудасных бедстваў» – і мінулых і тых, якія адбываюцца ў сучаснай гісторыі. Папа верыў, што абвяшчэнне новага марыйнага догмату стане вялікім імпульсам да развіцця культу Маці Божай, і гэта накіруе свет на добры шлях.

Праўду аб Унебаўзяцці Касцёл абвясціў як догмат веры, і гэтым самым пацвердзіў, што яна заключаецца ў Святым Пісанні і Традыцыі Касцёла. Але Біблія нічога не гаворыць пра ўнебаўзяцце Марыі... Епіфаній з ІV ст. тлумачыць гэта так: «Калі нехта лічыць, што мы памыляемся, няхай ідзе следам за Святым Пісаннем, у якім не ўзгадваецца пра смерць Марыі. Няма там ніякай інфармацыі пра тое, ці памерла Яна, ці была пахаваная... Пра гэта зусім не гаворыцца ў Святым Пісанні з прычыны велічы цуда, каб ён не прыводзіў у замяшанне розумы людзей. Выходзячы па-за межы чалавечага разумення, Святое Пісанне не ўдакладніла гэту падзею, улічваючы пашану да такога значнага і прыгожага здарэння, каб часам хтосьці не прыпісаў яму нечага з рэчаў цялесных».

У Святых Паданнях гаворыцца аб тым, што пасля Ўнебаўшэсця Ісуса Хрыста на неба Панна Марыя жыла ў Ерусаліме пад апекай і клопатам Яна Багаслова, малілася ў чаканні сустрэчы з Сынам. За тры дні да скону Панны Марыі да яе з'явіўся архангел Габрыэль і абвясціў аб хуткім пераходзе да Неба. Найсвяцейшая Багародзіца заклікала ўсіх апосталаў, каб з імі развітацца. На трэці дзень пасля пахавання Багародзіцы высветлілася, што яе цела адсутнічае, замест яго ў грабніцы былі ружы.

Касцёл ушаноўваў мучанікаў у дзень іх «нараджэння для неба», г.зн. у дзень іх смерці. Свята, якое ўзнікла ў ІV ст. на ўшанаванне Маці Божай, называлася «Памяццю Святой Марыі», змест яго быў звязаны з Яе «нараджэннем для неба» і ў хуткім часе яно было перайменавана ва «Успенне Марыі» (V ст.), «Пераход» (VІ ст.), а потым «Унебаўзяцце» (VІІІ ст.). З VІ ст. на Усходзе 15 жніўня пачало адзначацца свята «шлях Марыі дадому». Яе смерць была настолькі іншай, што Касцёл гаворыць не пра смерць, але пра пераход. Так павінны былі перайсці ў жыццё вечнае жыхары раю; толькі грэх прывёў на свет смерць (гл. Рым 5, 12).

Марыя была ўзятая ў неба з душой і целам. Але Ўнебаўзяцце не азначае аддаленасці Маці Божай ад людскіх спраў. «У сваім Успенні Ты не пакінула свету, о Маці Божая: паядналася з крыніцаю жыцця, Ты, якая зачала Бога Жывога, і сваімі малітвамі вызваляеш нас ад смерці» - спявае Касцёл у сваёй візантыйскай літургіі.

Дарэчы, у дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Багародзіцы існуе традыцыя ў знак падзякі прыносіць першыя плады новага ўраджаю ў дар касцёлам і капліцам, прысвечаным Панне Марыі.

Last modified onАўторак, 15 Жнівень 2017 11:46
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць