25 гадоў сестры Маці Тэрэзы служаць у Беларусі. ФОТЫ свята
- Written by Katolik.life
- Published in Царква
- Add new comment
Святар: «Яны заўсёды апярэджваюць ва ўсмешцы і ў кожным бачаць Хрыста».
4 жніўня 2018 г. у Гомелі дзякавалі Богу за 25 гадоў служэння сясцёр Маці Тэрэзы ў мясцовай каталіцкай парафіі і ў горадзе. Сёстры запрасілі ўсіх жадаючых на ўрачыстую святую Імшу ў іх Доме Міласэрнасці, а затым наладзілі пачастунак. Дарэчы, у той жа дзень у Каталіцкім Касцёле адзначалі памяць св. Яна Марыі Віанэя, заступніка святароў і асабліва пробашчаў. Таму мясцовыя святары таксама не засталіся без віншаванняў і малітваў.
Святочную Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, казанне прачытаў дэкан Гомельскага дэканата кс. Тадэвуш Саморэк. Ён упэўнены, што сёстры прыехалі ў Беларусь, бо гэтага пажадаў Бог. У 1993 годзе першыя прадстаўніцы кангрэгацыі «Місіянерак міласэрнасці» прыбылі ў Беларусь па благаславенні Папы Яна Паўла II, і іх прысутнасць на Гомельшчыне кс. Тадэвуш лічыць Божым благаслаўленнем. «Я часта прыязджаю ў гомельскі Дом міласэрнасці, і ні разу такога не здаралася, каб я першы ўсміхаўся сёстрам. Яны заўсёды мяне апярэджваюць ва ўсмешцы», - адзначыў святар.
Ен дадаў, што сестры вучаць нас бачыць у кожным чалавеку Езуса Хрыста.
Пасля службы гомельскія парафіяне горача дзякавалі сестрам, а затым падарылі ім і святарам букеты кветак і цукеркі.
Нагадаем, адзіныя ў Беларусі прадстаўніцы ордэна Маці Тэрэзы служаць у Гомелі. Законніцы розных нацыянальнасцяў утрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным ўжо 25 гадоў і займаюцца многімі справамі міласэрнасці. Дом сясцёр служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання. Сестры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абеды для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем'яў і адзінокіх старых, дапамагаюць дзецям з малазабяспечаных і праблемных сем'яў. Наогул, дапамагчы сестрам у гэтай справе можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.
Фота Алены Германовіч
Related items
-
Немцы з'ехалі, беларусы памерлі, святароў выслалі. Што стала з католікамі Валгадонска, дзе знеслі храм
-
Упершыню ў Беларусі зарэгістравалі арганізацыю капуцынаў. Чаму гэта важна і дзякуючы каму гэта адбылося?
-
У Гродне рэабілітавалі Казюкі. Але...
-
Пратэсціравалі хрысціянскі штучны інтэлект Acutis AI – добры «сябар», але можа памыляцца
-
Каталіцкую капліцу, якую ў Расіі разабралі і адправілі на фронт, уратавалі праваслаўныя