BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Грамадства расколата. Свет на парозе вайны». Арцыбіскуп Кандрусевіч у слове на Адвент – аб сучасных праблемах

Каталіцкі іерарх згадаў закрыты Чырвоны касцёл і заклікаў да салідарнасці з церпячымі з-за несправядлівасці

У сваім пастырскім слове на Адвэнт, які католікі пачнуць перажываць 27 лістапада, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў аб праблемах, з якімі сутыкнуліся свет, Беларусь і мясцовыя каталіцкія вернікі.

Адвэнт дапамагае знайсці надзею сярод праблем сучаснага свету, адзначае іерарх. На ягоную думку, «самым важным ёсць тое, што сярод розных спусташэнняў, якія перажывае сучасны свет, мы павінны працягваць любіць Бога і бліжняга і служыць ім».

— Наш час напоўнены шматлікімі выклікамі і складанасцямі. Грамадства расколата. Свет знаходзіцца на парозе новай сусветнай вайны. Шмат людзей церпяць з-за несправядлівасці, зняволення, хваробы, страты блізкіх і іншых нягодаў. Таму Адвэнт, які распачынаецца, і святы Божага Нараджэння будуць для нас складанымі. Мы павінны быць салідарнымі з церпячымі і патрабуючымі і дапамагаць ім матэрыяльна і духоўна, а таксама маліцца аб хутчэйшым вырашэнні надзённых праблем, з якімі сутыкнуўся свет, наша Бацькаўшчына і Касцёл, — заклікаў Кандрусевіч.

Асобна ён адзначыў, што «дух салідарнай малітвы аб хутчэйшым аднаўленні набажэнстваў у закрытым касцёле святых Сымона і Алены таксама павінен спадарожнічаць нам»:

— Касцёл — гэта месца сустрэчы чалавека з Богам у Эўхарыстыі, сакрамэнтах і Божым слове, чаго сёння ў Чырвоным касцёле няма. Калі гэтыя сустрэчы адновяцца? Калі ў Эўхарыстыі народзіцца Езус у касцёле, які з’яўлецца сімвалам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі? Калі мы ў ім будзем нанава перажываць таямніцу Богаўцелаўлення?

Іерарх звярнуўся да святога Яна Паўла ІІ з просьбай аб ягоным заступніцтве ў справе хутчэйшага аднаўлення дзейнасці Чырвонага касцёла і падкрэсліў, што «адвэнтавая падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння павінна адрадзіць у сучасным секулярным свеце праўду аб тым, што Сын Божы прыйшоў у наш свет, каб яго збавіць сваёй крыжовай смерцю». «Сваім нараджэннем у Бэтлеемскай пячоры, жыццём, мукай, смерцю і Уваскрасеннем Езус умацаваў нашую веру і надзею на перамогу дабра над злом, а таксама навучыў як, калі і дзе любіць, і любіць так, як любіць Бог», — дадаў арцыбіскуп эмерыт.

Last modified onПятніца, 25 Лістапад 2022 13:51
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць