BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Навошта пост?» Спытаў святар і не атрымаў слушнага адказу

«Узнікае думка, што вернікі не слухаюць пропаведзі або чуюць нешта іншае», – заўважыў святар і прапанаваў свой адказ.

На пачатак Вялікага посту ў католікаў 14 лютага пробашч парафіі Святога Духа ў Гродне ксёндз Павел Салабуда на сваёй старонцы задаўся пытаннем: навошта пост? Такое простае, на першы погляд, пытанне не зусім простае для адказу, піша святар. Прыводзім ягоны допіс цалкам.

Бэнэдыкт XVI на гэтае пытанне некалі адказаў так: “Таму што існуе зло, больш за тое – грэх, які, паводле Святога Пісання, з’яўляецца глыбокай прычынай усялякага зла”.

Я вырашыў праверыць (год таму), як разумеюць пост іншыя. Успамінаючы лекцыі па псіхалогіі ва ўніверсітэце, якія прапаноўвалі рознага роду апытанні і анкеты, я вырашыў аналагічным чынам даследаваць хвалюючую мяне праблему і праверыць пры нагодзе, як тое, што мы, святары, гаворым падчас гаміліі, успрымаецца вернікамі.

Пачутыя адказы далі шмат да роздуму. Вось некалькі з іх:

“Для нас гэта такі ж самы перыяд, як іншыя, таму што мы вернікі, але не практыкуем”; “Я прытрымліваюся посту так, як гавораць пра гэта ў касцёле: не ем мяса, хаджу на рэкалекцыі, у святы раблю тое, што патрабуе традыцыя”; “У мяне няма столькі сілы волі, каб прытрымлівацца посту належным чынам”; “У мяне пост толькі перад вігіліяй Божага Нараджэння і ў Вялікую Пятніцу, больш няма, або тады, калі не маю чаго есці”; “Для мяне пост – гэта ачышчэнне арганізма”.

Узнікае думка, што вернікі ўвогуле не слухаюць пропаведзі, не хочуць слухаць або чуюць нешта іншае, чым ім гавораць. Аналіз вышэйпрыведзеных адказаў паказвае, што амаль усе апытаныя мной успрымаюць пост выключна як пэўныя забароны, звязаныя з ежай. Хоць бы адзін мне сустрэўся, хто даў бы на маё пытанне прынамсі катэхетычны адказ і задумаўся над гэтым значным перыядам у сваім жыцці, якім з’яўляецца Вялікі пост.

Давайце паспрабуем адказаць сабе на гэтае пытанне яшчэ раз, але беручы пад увагу перш за ўсё вучэнне Пятра нашага часу. Давайце паспрабуем ажывіць у сабе поўную надзеі праўду, што з Езусам, які перамог смерць і шатана, мы зможам перамагчы кожнае зло.

Тады мы будзем усё бліжэй да Бога і іншага чалавека. Давайце паспрабуем зрабіць так, каб гэта не былі толькі словы, каб гэты голас Бога дайшоў да нашага сэрца. А тады, спадзяюся, многія з нас зразумеюць, навошта Вялікі пост.

Таксама допіс на пачатак Вялікага посту апублікаваў вікарый парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах ксёндз Алег Зямчонак:

«Пост заўсёды павінен быць вынікам любові. Спачатку важна навучыцца любіць усім сэрцам Бога, сябе і іншага чалавека. Толькі гарачая любоў можа прымусіць выправіць тое, што нас часта трывожыць і турбуе. Вялікі пост – гэта магчымасць зазірнуць у глыбіні свайго сэрца. Усвядоміць, што перашкаджае нам, перш за ўсё, абагаўленне свайго «я». Скаргі, крыўда і незадаволенасць блізкімі – гэта і ёсць духоўная хвароба, якая прычыняе часам невыносны боль. Мы павінны пастарацца знайсці Хрыста, дараваць сябе і таму, хто нас пакрыўдзіў. Знайсці ў сабе сілы папрасіць прабачэння, выслухаць і падтрымаць таго, хто пакутуе. Толькі тады мы зможам вылечыць душэўныя раны і здабыць сябе саміх!»

Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >

Media

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць