BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

5 гадоў без сацсетак. Вядомую беларуску не прынялі ў кляштар, але яна ні пра што не шкадуе

Столькі часу Ася Паплаўская рыхтавалася стаць манахіняй, жыла ў манастыры. А цяпер вярнулася ў свецкае жыццё і дзеліцца сваім досведам – як пачуць Бога?

Вядомая ў Беларусі блогерка Ася (Галіна) Паплаўская, у мінулым – журналістка, медыя-экспертка, літаратурны крытык – паведаміла пра тое, што яе не прынялі ў каталіцкі манаскі ордэн. Год таму Katolik.life распавядаў, што верніца праходзіць навіцыят – перыяд паслушніцтва, выпрабавання перад уступленнем у кангрэгацыю сясцёр Служыцелек Езуса ў Эўхарыстыі (Эўхарыстак).

На працягу пяці гадоў беларуска рыхтавалася да паступлення ў ордэн, апошнія два гады жыла ў манастыры – праходзіла фармацыю, падрыхтоўку да прыняцця першых абяцанняў, а настаяцельніца ў гэты час прыглядалася да кандыдаткі, каб зразумець, ці ёсць у яе манаскае пакліканне, ці гатовая яна цалкам прысвяціць сваё жыццё Богу.

30 чэрвеня Ася апублікавала паведамленне, у якім распавяла, што не яна прынятая ў ордэн:

«Апошнія пяць гадоў жыцця я марыла пра адно: прынесці манаскія абяцанні паслушэнства, беднасці і чысціні, змяніць белы велен і кароткую сукенку на чорны велен і хабіт – «паўнавартаснае» манаскае адзенне. І служыць сваімі дарамі людзям у імя Госпада. Я ні разу не ўсумнілася ў сваім пакліканні».

Верніца напісала, што не можа назваць прычыну адмовы:

«Скажу толькі, што на працягу пяці гадоў майго знаходжання ў манастыры тое, што стала «перашкодай», такім не было. Але ... Дапушчэнне Божае».

Гэта не першы падобны выпадак. Вядомыя сітуацыі, калі дзяўчыны доўгі час праходзілі фармацыю ў розных кангрэгацыях, але ў выніку іх не прымалі ў ордэн. Гэтаму могуць быць розныя прычыны. Настаяцельніцы кляштараў распазнаюць, ці ёсць у дзяўчат пакліканне менавіта да манаскага жыцця, ці гатовыя яны да гэтага цяпер, ці не маюць перашкод, вывучаюць, што рухае дзяўчатамі пры паступленні ў ордэн.

Цяпер Асе 36 гадоў, і ёй «трэба пачынаць жыццё спачатку»:

«Без жылля, без працы, без плана на жыццё. Так, цяпер у мяне няма нічога. Але адначасова ёсць усё, бо галоўнае заўсёды са мной: вера ў Бога, глыбокія адносіны з Ім. І мае людзі побач. Я ўдзячная Богу і сёстрам за гэты час. Пражыла цудоўныя пяць гадоў, бясконца неабходныя для майго развіцця і росту. Ніколі, чуеце, ніколі не адмовілася б ад гэтага досведу! І так, зноў прыйшла б да маіх эўхарыстак. Гады ў манастыры паказалі мне вельмі канкрэтна: я не адна. Я ніколі не адна. Са мной Гасподзь».

Ася вярнулася ў свецкае жыццё і ў пастах на сваёй старонцы ў Instagram дзеліцца духоўным вопытам. У прыватнасці, піша пра тое, што 5 гадоў практычна не карысталася сацсеткамі і распавядае, што атрымала наўзамен:

«Гэта быў вельмі цяжкі, але вельмі плённы час. Час паглыблення ў сябе, час стасункаў з Богам. Час, які навучыў па-новаму адчуваць жыццё і сябе ў ім. Вучылася зноўку арганізоўваць свой вольны час, чытала (больш за 200 кніг), малявала, вяла дзённікі – запісвала свой духоўны шлях, дзялілася перажываннямі сваіх адносін з Богам, чытала Святое Пісанне. Другі год практычна штодня трэніравалася ўвечары.

Чаму гэты час быў класным і плённым? Таму што ў нейкі момант я настолькі пагрузілася ў камфортную цішыню, якую запаўняў Гасподзь, што проста перастала адчуваць недахоп чагосьці. Я нават сумнявалася, ці варта вяртацца ў сеціва :) І вось парадокс: ты вонкава маўчыш, цябе нібы не стала, але на самой справе ты пачынаеш вельмі цікава пражываць кожны дзень свайго жыцця, таму што Бог штодня адкрывае табе нешта новае пра Сябе, пра людзей, пра свет.

Гэта захапляльная прыгода, паверце мне! Гасподзь мае стасункі з намі, кажа нам важныя рэчы. Але мы Яго можам не пачуць. Каб пачуць Госпада, яго далікатны голас, патрэбна цішыня (не блытайце цішыню з маўчаннем). У ёй – велізарная сіла. Хоць спачатку яна палохае. Але не паддаўшыся, прыняўшы рашэнне быць у цішыні, з'яўляецца шанец слухаць і чуць. Чуць Бога».

Last modified onПанядзелак, 01 Ліпень 2024 11:26
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць