BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку

З 2 па 7 жніўня 2014 г. Рада па Справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арганізавала т.зв. “Школу нараджэння” для інструктараў, мэта якой — падрыхтоўка бацькоў да натуральных родаў.

Яна прайшла ў Беларусі ўжо шосты раз, сёлета ў Навагрудку, удзел у ёй прынялі рыма-католікі, праваслаўныя і грэка-католікі з усёй краіны, акушэры, гінеколагі і іншыя зацікаўленыя.

Сем’і прыязджаюць на “Школу нараджэння”, каб фізічна, духоўна, інтэлектуальна і псіхалагічна падрыхтавацца да прыняцця дзяцей, а галоўнае — адкрыць Бога, які прысутнічае пры зачацці і нараджэнні чалавека.

“Школа” прапануе цыкл сустрэч, падчас якіх бацькі вучацца ўсталёўваць сувязі з зачатым дзіцём ужо з самых першых хвілін яго жыцця ва ўлонні маці, рыхтуюцца да поўнага ўдзелу ў цудзе нараджэння і вучацца правільнаму догляду нованароджанага і немаўляці.

Шмат увагі тут прысвячаецца як самому працэсу нараджэння, так і ролі бацькоў — не толькі маці, але і бацькі, бо роды — важная сямейная падзея. Кожны ўдзельнік мог адкрыць, наколькі патрэбна падтрымка мужа, якая гэта цяжкая і адказная праца і што такое натуральныя роды.

Курсы рыхтуюць перш за ўсё будучых “інструктараў”, якія будуць дапамагаць маладым бацькам у падрыхтоўцы да родаў.
 
У праграме “Школы” — практыкаванні для цяжарных, музыкатэрапія, адпачынак, падрыхтоўка да народзінаў, догляд нованароджанага. Заняткі праходзяць у цікавай і разнастайнай форме: гэта слуханне лекцый, прагляд фільмаў і абавязкова малітва за дзяцей. Сёлета курсы праводзілі сужэнская пара, акушэры-гінеколагі і псіхолаг.

“Школа нараджэння” носіць хрысціянскі характар — абапіраецца на малітву і асабістую размову з Богам. Прадметныя веды па медыцыне былі цесна звязаны з малітвай. Дзень пачынаўся малітвай, галоўным пунктам дня была Эўхарыстыя.
 
Дзякуючы добрым уражанням удзельнікаў з папярэдніх гадоў, “Школа нараджэння” заахвочвае новых людзей да ўдзелу ў плануемых занятках у будучыні.

catholic.by 

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць