BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Міжнародны форум Ананімных Алкаголікаў упершыню прайшоў у Гомелі [ФОТА]

Святар: праграма 12-ці крокаў АА вельмі блізкая да хрысціянства.

3-4 верасня 2016 г. упершыню ў Гомелі праходзіў Міжнародны форум Ананімных Алкаголікаў. Гасцямі мерапрыемства, прысвечанага 6-годдзю ўтварэння руху АА ў Гомелі, сталі больш за 80 цвярозых алкаголікаў з некалькіх гарадоў Беларусі, Расіі і Украіны, а таксама сябры гомельскай групы Ананімных Наркаманаў. У свой час многія з удзельнікаў форуму з-за алкаголю страцілі сям'ю, працу, жыллё, а цяпер сталі шчаслівы сем'янінамі і забяспечанымі людзьмі.

У рамках форуму адбыўся круглы стол з удзелам лідэраў руху, уладаў, гомельскага наркадыспансера, міліцыі, МНС, а таксама праваслаўнага і каталіцкага духавенства. Рыма-каталіцкую царкву ў Гомелі прадстаўляў пробашч парафіі Анёлаў-Ахоўнікаў айцец Юры Варанко. Святар адзначыў, што лічыць праграму АА найбольш прымальнай ў барацьбе з залежнасцю і дзейснай - у адрозненні ад кадавання і іншых падобных практык, пабудаваных на страху:

- Праграма 12-ці крокаў АА вельмі блізкая да хрысціянства, паколькі заснаваная на свабодзе чалавека і павазе да асобы.

Святар падкрэсліў, што многія людзі прыходзяць у групы АА пасля праяўленай да іх міласэрнасці, напрыклад, з боку сясцёр Місіянерак Любові (сясцёр Маці Тэрэзы), якія ў Гомелі клапоцяцца у тым ліку аб бяздомных. Атрымаўшы «порцыю любові», гэтыя людзі бачаць, што да іх ставяцца не як да «адкідаў грамадства, бамжоў», а як да Божых стварэнняў. Гэта дае такім людзям сілу змагацца з залежнасцю, упэўнены айцец Юры.

Прадстаўнікі АА з іншых гарадоў распавялі, што многія і каталіцкія, і праваслаўныя прыходы ідуць на супрацоўніцтва з Ананімнымі Алкаголікамі, прадастаўляюць памяшканні для сходаў, месцы для размяшчэння інфармацыйных матэрыялаў. Да супрацоўніцтва з МНС заклікаў Ананімных Алкаголікаў прадстаўнік абласнога ўпраўлення дадзенага ведамства. Ён нагадаў, што суіцыды і гібель у п'яным выглядзе лідзіруюць у спісе смяротнасці ад знешніх прычын. З ахвотай да сумеснай працы выказаліся прадстаўнікі МУС і наркадыспансера. Аднак не варта прыводзіць алкаголіка у групу АА сілай - гэта павінна быць ўсвядомленае рашэнне чалавека, які шукае спосаб барацьбы з залежнасцю і жадае яе перамагаць, адзначылі ўдзельнікі круглага стала.

Падчас прывітання гасцей форуму панавала радасная атмасфера. Удзельнікі мерапрыемства «гулялі ў лічылкі»: вядучы называў лічбы - ад 25 гадоў да аднаго дня - і пад бурныя апладысменты ўсе падымаліся з месцаў у адпаведнасці са сваім тэрмінам цвярозасці. У праграме таксама - закрытыя сходы груп АА і Ал-Анон (для членаў сем'яў алкаголікаў), апісанне Ананімнымі Алкаголікамі свайго досведу праходжання крокаў праграмы выздараўлення, а таксама канцэртная праграма і дыскатэка.

У Гомелі першасная арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Цэнтральная служба Ананімных Алкаголікаў» была зарэгістраваная ў снежні 2010 года. У цяперашні час у горадзе праходзяць сходы дзвюх груп Ананімных Алкаголікаў, а таксама групы Ал-Анон (для членаў сем'яў алкаголікаў). На дадзены момант у Беларусі ў гарадах, пасёлках і вёсках дзейнічаюць 80 груп АА, якія наведваюць больш за 2 тысячы чалавек. У свеце каля 4 мільёнаў чалавек здаравеюць дзякуючы праграме АА. У чэрвені 2015 года сусветны рух АА адзначыў сваё 80-годдзе. У траўні 2016 года беларускай садружнасці АА споўнілася 26 гадоў з моманту ўтварэння.

Ананімныя Алкаголікі (АА) - гэта Садружнасць, што яднае мужчын і жанчын, якія дзеляцца сваім вопытам, сіламі і надзеямі з мэтай дапамагчы сабе і іншым пазбавіцца ад алкагалізму. Адзіная ўмова для сяброўства ў АА - гэта жаданне кінуць піць. Члены АА не плацяць ні ўступных, ні членскіх узносаў. Групы самі сябе ўтрымліваюць на ўласныя добраахвотныя ахвяраванні. АА не звязаны ні з якой-небудзь сектай, веравызнаннем, палітычным кірункам, арганізацыяй або установай, не ўступаюць у палеміку па якіх бы там ні было пытаннях, не падтрымліваюць і не выступаюць супраць чыіх бы там ні было інтарэсаў. Галоўная мэта АА - заставацца цвярозымі і дапамагчы іншым алкаголікам здабыць цвярозасць.

Садружнасць Ананімных Алкаголікаў нарадзілася ў 1935 годзе ў горадзе Акрон (штат Агаё, ЗША) у выніку сустрэчы аднаго добра вядомага хірурга і аднаго бізнэсоўца з Нью-Ёрка. Абодва былі безнадзейнымі алкаголікамі, і пасля сталі заснавальнікамі Садружнасці АА. Яно дзейнічае на аснове Дванаццаці Крокаў АА - гэта сукупнасць духоўных прынцыпаў, якія, уваходзячы ў лад жыцця, дазваляюць хвораму вызваліцца ад прыхільнасці да алкаголю і стаць шчаслівым і карысным грамадству чалавекам. Зараз прыблізна 120 тыс. груп Ананімных Алкаголікаў паспяхова працуюць у больш чым 180 краінах свету. Беларуская Садружнасць АА з'яўляюцца неад'емнай, але самастойнай часткай Сусветнага Таварыства АА.

Як звязацца з Ананімнымі Алкаголікамі:

Адрас Офіса Цэнтра Абслугоўвання АА Беларусі:

г. Мінск, вул. Каліноўскага, 6 каб. 19

тэл/факс. 8- (017) - 395-83-50 па будніх днях з 10-00 да 20-00

Сайт: www.aabelarus.org

E-mail: oo_scaa@tut.by

КАНТАКТНЫЯ ТЭЛЕФОНЫ Ананімных Алкаголікаў (АА) У ГОМЕЛІ

+375 29 372-75-27

Антон +375 29 323-13-85 Ігар

Last modified onСубота, 03 Верасень 2016 22:54
Каментары   
+2 #1 непьющий 2016-09-05 10:55
хорошее дело! 8) и очень нужное
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць