У гомельскім касцёле пачынаецца катэхізацыя
- Written by katolik.life
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
Нядзельная школа адкрыецца 24 верасня, неўзабаве пачнуцца сустрэчы для моладзі і дарослая «Школа веры».
У гомельскай рымска-каталіцкай парафіі пачынаецца навучальны год для дзяцей, якія наведваюць Нядзельную школу. Прыводзім расклад заняткаў па ўзростах. Нагадаем, паводле вучэння Касцёла, перадача веры з'яўляецца самай галоўнай задачай і абавязкам бацькоў-хрысціянаў. Тыя, хто не паспеў запісацца, могуць прыходзіць ва ўказаны ніжэй час і ўнесці дадзеныя дзіцяці проста на занятках.
Такім чынам, катэхезы (заняткі па рэлігіі) для дзяцей, якія рыхтуюцца да прыняцця Першай камуніі, будуць праходзіць у класах на першым паверсе касцёла па нядзелях з 10.30 да 11.30 у дзвюх групах для дзяцей ва ўзросце 7-11 гадоў (з другога класа агульнаадукацыйнай школы). У гэты час у розных класах будуць адначасова працаваць групы 1-га года падрыхтоўкі і 2-га года падрыхтоўкі да Першай камуніі. Пры гэтым дзіця з бацькамі можа наведаць нядзельную Імшу ў 9.00 або 12.00.
Для дзяцей, старэйшых за 12 гадоў, такія заняткі будуць праходзіць па суботах з 11.00 да 12.00.
Дзеці, якія ўжо прыступаюць да Камуніі, таксама будуць займацца па суботах. 4-6 клас агульнаадукацыйнай школы - з 9 да 10 гадзін раніцы. 7-8 клас - з 10 да 11 гадзін. 9-11 клас - з 16 да 17 гадзін.
А для самых маленькіх вучняў, дзяцей ад 3 да 7 гадоў, заняткі будуць праходзіць у Доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы (вул. Савецкая, 146а). Час на выбар - субота ў 10.00 ці нядзеля ў 15.00.
Дарэчы, упершыню ў парафіі праводзіцца набор дзяўчынак малодшага школьнага ўзросту ў «Божыя кароўкі» - гэта «пачатковы ўзровень» каталіцкага скаўтынга для дзяўчынак. А ў кастрычніку плануецца пачаць сустрэчы ў «Школе веры» для дарослых і моладзі - для тых, хто жадае падрыхтавацца да сакрамэнтаў і ўмацаваць сваю веру. Таксама ў парафіі будуць праходзіць асобныя сустрэчы для студэнтаў і моладзі. Інфармацыя пра гэта з'явіцца пазней.
Related items
-
Ці можна ў Беларусі набыць «каталіцкі» Новы Запавет па-беларуску і чаму ўзнікла такое пытанне?
-
Каляндар каталіцкіх святаў у 2025 годзе – Вялікдзень раней, чым у праваслаўных, і 3 выходных на Каляды
-
Гістарычную капліцу аднаўляюць у Стоўбцах: дапамагаюць мясцовыя прадпрыемствы
-
Усмешкі, сардэчкі, лайкі. Як адрозніваецца стыль «новых» біскупаў і што яшчэ ад іх чакаюць
-
Топ-5 фота і відэа Рарат – незвычайных Імшаў, якія пачаліся ў касцёлах