У свае 90 гадоў гомельскі парафіянін - кожны дзень на Імшы
- Written by Katolik.life
- Published in Навіны - Гомель
- Add new comment
«Жыццё было цяжкае, але я вельмі ўдзячны за яго Богу».
Аднаму з самых пажылых парафіянаў гомельскага касцёла сёлета споўнілася 90 гадоў. Неверагодна, але ў гэтым ганаровым узросце ён амаль кожны дзень прыходзіць на святую Імшу, дабіраючыся з перасадкамі да святыні.
Мікалай Карлавіч Маркоўскі нарадзіўся ў 1927 годзе ў Лельчыцах. Усяго ў гэтай веруючай каталіцкай сям'і было 11 дзяцей. Але ў 30-х гадах бацькоў маленькага Мікалая бальшавікі саслалі на поўнач Расіі, прызнаўшы іх кулакамі, а сам ён застаўся ў сваякоў у суседняй з гарадскім пасёлкам вёсцы. Мясцовыя прадстаўнікі новай улады кідаліся ў дзіцяці знявагамі, называлі яго «кулацкай мордай», пагражалі забіць, распавядае Мікалай Карлавіч. Дарэчы, цяпер ён кожны год прыходзіць на Набажэнства ля крыжа на месцы масавых расстрэлаў рэпрэсаваных пад Гомелем.
Усе гэтыя гады, з ранняга дзяцінства, мужчына не пакідаў веру. Калі храмы зачынілі, маліўся дома. Вернік успамінае, як падчас Другой сусветнай вайны ў перыяд акупацыі фашыстамі пры дарозе каля вёскі ўсталявалі крыж і мясцовыя жыхары рэгулярна маліліся ля яго. Мікалай Карлавіч упэўнены, што дзякуючы гэтаму вёска засталася цэлая, хоць іншыя населеныя пункты ў акрузе немцы спалілі.
Амаль усё працоўнае жыццё вернік правёў у Светлагорскім раёне, дзе аддаваў сябе простым рабочым спецыяльнасцям. А ўжо будучы пенсіянерам пераехаў у Гомель.
«Бог мяне ратаваў, і падчас вайны, і ўсё жыццё. Прашу ў Бога дапамогі, і ён заўсёды мне дапамагае, колькі б ні было цяжкасцяў, небяспекаў, розных праблем. Жыццё было цяжкае, але я вельмі ўдзячны Богу за сваё жыццё. Кожны дзень я ўстаю і дзякую Богу за тое, што перажыў ноч, і калі кладуся, дзякую за тое, што перажыў дзень. Маладым хачу сказаць, што без Бога - не можна і да парога. Галоўнае - гэта верыць у Бога. І будзеш сумленны, не будзеш нікога баяцца», - заклікае гомельскі парафіянін.
Таму Мікалай Карлавіч і імкнецца прыходзіць на святую Імшу кожны дзень. Да таго ж, для здароўя карысна - рухацца, распрацоўваць суставы, адзначае ён. У ганаровага парафіяніна - чацвёра дзяцей, іх таксама часта можна сустрэць у касцёле. Гэта значыць, што галоўнае ў сваім жыцці Мікалай Карлавіч зрабіў - перадаў дзецям веру.
Related items
-
"Беснаватых можам убачыць на тэлеэкране ў пінжаках" – інтэрв'ю з экзарцыстам
-
Малітву аб неразмяшчэнні ў Беларусі ядзернай зброі ініцыявалі вернікі
-
Прайшло паўгода, як Чырвоны касцёл зачынены – пытанні застаюцца без адказаў
-
У Дабравешчанне і 105-годдзе БНР вернікі моляцца за Беларусь
-
Украіне – мір, грэшнікам – навяртанне. Біскуп заклікаў да Акту пасвячэння Найсвяцейшай Багародзіцы