BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Беларусі развіталіся з Народным паэтам Нілам Гілевічам

Яго вершы друкаваліся ў каталіцкім часопісе [+ВІДЭА хітоў]

1 красавіка на Кальварыйскіх могілках у Мінску пахавалі Народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча, які адышоў у вечнасць 29 сакавіка на 85-м годзе жыцця. Развітанне з паэтам і памінальную паніхіду правялі ў праваслаўным Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска на Нямізе, паведамляе Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Развітацца з апошнім Народным паэтам Беларусі (з 1992 года гэтае званне нікому не прысуджаецца) прыйшлі тысячы чалавек, сярод іх - былы кіраўнік краіны Станіслаў Шушкевіч, цяперашні міністр культуры Барыс Святлоў, пісьменнік Віктар Казько, старшыня "Таварыства беларускай мовы" Алег Трусаў, навуковая і літаратурная інтэлігенцыя, дыпламаты, палітыкі, простыя людзі.

Ніл Гілевіч нарадзіўся 30.09.1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. У савецкі час працаваў у Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце, газеце «Звязда», Саюзе пісьменнікаў БССР. З 1989 г. - старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. Таксама быў народным дэпутатам БССР. Упершыню ў друку з вершамі выступіў у 1946 г. Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983). Працаваў таксама ў галіне перакладу. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць.

Ніл Гілевіч - аўтар тэкстаў такіх беларускіх хітоў як «Вы шуміце, бярозы»:

Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы,

Калышыце, люляйце свой напеў векавы,

А я лягу-прылягу край гасцінца старога

На духмяным пракосе недаспелай травы.

Любоў да роднага краю - вызначальная характарыстыка паэзіі Гілевіча. Стаў шырока вядомым ягоны верш «І усё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі»:

…Равуць вятры, грымяць грамы,

Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,

I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы

Да Беларусі!..

У апошнія гады вершы Ніла Гілевіча часта друкаваліся ў каталіцкім часопісе «Наша вера», а ў выдавецтве Pro Christo Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Каталіцкай царквы ў Беларусі выходзілі кнігі народнага паэта. Дарэчы, у 2011 годзе ў Чырвоным касцёле Мінска ладзілі адмысловую імшу з нагоды 80-годдзя Ніла Гілевіча.

І я жыву...

Жыву таму, што знаю:

Усе мае грахі перад табой

Перамагла і на парозе раю

Не ўспомніла пра іх твая любоў.

Media

Last modified onПятніца, 01 Красавік 2016 15:49
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць