BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

"Няма нічога немагчымага". Гамяльчанка з цэрэбральным паралічам знайшла сябе ў працы з дзецьмі-інвалідамі

Юлія атрымала адукацыю псіхолага, але яе не бралі на працу з-за інваліднасці.

У дабрачыннай каталіцкай місіі «Карытас-Міласэрнасць» з'явіўся новы выдатны і незвычайны супрацоўнік - псіхолаг Юлія Чыкунова. Дзівосна: Юлія з дзяцінства мае інваліднасць па цэрэбральным паралічы, але смела ідзе наперад, пераадольвае ўсе перашкоды з усмешкай, а цяпер - і сама дапамагае хворым дзецям.

З ДКМ «Карытас-Міласэрнасць» дзяўчыну пазнаёміў пробашч Рыма-каталіцкай парафіі «Нараджэння Божай Маці» айцец Славамір Ласкоўскі. Дзякуючы яго ідэі ў Юліі спраўдзілася мара дапамагаць людзям, а ў першую чаргу - дзецям і маладым людзям з Дзіцячай вёскі («Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця»), дзе яна спачатку паспяхова працавала псіхолагам.

- Колькі сябе памятаю, заўсёды хацела дапамагаць людзям. У дзяцінстве хацела стаць лекарам, а потым юрыстам. У падлеткавым узросце ў мяне ўзніклі пытанні, на якія я самастойна не магла знайсці адказы. Я стала чытаць псіхалагічную літаратуру, пазнаёмілася з псіхолагамі і закахалася ў псіхалогію. У мяне з'явілася мара стаць прафесійным псіхолагам і дапамагаць людзям, асабліва такім як я - што маюць якія-небудзь абмежаванні, - распавядае Юлія. - Я стала цвёрда ісці да вызначанай мэты. Паступіла ў ГДУ імя Ф. Скарыны на завочны факультэт псіхалогіі. Гэта былі незабыўныя шэсць гадоў у маім жыцці. За час навучання я набыла новыя веды, верных сяброў, цудоўных выкладчыкаў, якія сапраўды гараць сваёй прафесіяй. Але былі і свае складанасці: неразуменне, нявер'е, сумнеў, непавага з боку некаторых выкладчыкаў... Былі слёзы, засмучэнні, шкадаванні. Я вельмі рада, што Бог заўсёды даваў мне веру і любоў, веру ў заўтрашні дзень і што знойдуцца ўва мне сілы пераадольваць свае страхі, комплексы і няўпэўненасць - дзякуючы бязмернай любові да навакольнай рэчаіснасці, нястомнай цікавасці да жыцця і да таго, што будзе заўтра!

Пасля заканчэння ВНУ наступіў найцяжэйшы год у жыцці Юліі:

- Я не магла знайсці працу. Ніхто не хацеў браць мяне, інваліда 2 групы. Ад усіх я чула адно і тое ж: «Вы ж інвалід ...». Як быццам інваліднасць - гэта прысуд. Але я хачу сказаць, што гэта не прысуд, гэта ўсяго толькі фізічная асаблівасць, па якой я адрозніваюся ад іншых. Але я, гэтак жа як і іншыя, звычайны чалавек, звычайная дзяўчына, якая хоча прынесці карысць іншым. Гэта быў вельмі доўгі год. Але потым чароўным чынам у маім жыцці наступілі перамены. Выпадковая сустрэча, затым яшчэ адна, якія цалкам перавярнулі маё жыццё, і прымусілі паглядзець на ўсе пад іншым ракурсам. Я пазнаёмілася з выдатным, прамяністым, добрым ксяндзом Славамірам, які прыняў мяне, такой, якая я ёсць. Я распавяла яму пра тое, што не магу знайсці працу, што я ў адчаі. Ад яго я даведалася пра Дзіцячаю вёску і дабрачынную каталіцкую Місію.

Неўзабаве Юля пазнаёмілася з камандай ДКМ «Карытас-Міласэрнасць»:

- Мяне прынялі, як у сям'ю. Я не забуду ніколі першую сустрэчу ў офісе за круглым сталом, дзе былі ксёндз Славамір, Валянціна Казлова, Аліна Прыходзька, сёстры Каміла і Шымона. Усе былі вельмі адкрытыя і радыя мне. Мяне яшчэ так ніхто не прымаў. Затым былі амаль два месяцы валанцёрства ў Дзіцячай Вёсцы, дзе я вучылася, галоўным чынам, ў сясцёр, як паводзіць сябе з дзецьмі. Я вельмі палюбіла і прывязалася да дзяцей.

Юлія ўдзячная адміністрацыі дома-інтэрната за неверагодны рознабаковы досвед. За час працы ў «Карытас» яна ўжо паспела пабываць на семінары ў Мінску, а неўзабаве спадзяецца атрымаць вопыт і веды ад прафесійных псіхолагаў ў лагеры для дзяцей з асаблівасцямі ў Вільні. Юлія дзякуе ДКМ «Карытас-Міласэрнасць» за падтрымку, разуменне, любоў і асабісты прыклад.

Дзяўчына звяртаецца да ўсіх і асабліва да тых людзей, якія маюць фізічныя абмежаванні:

- Не бойцеся, перамагайце свой страх нават праз «не магу»! Вы зможаце, калі ёсць тое, да чаго вы імкнецеся. Стаўце мэты і атрымаеце вынікі. Жывіце, радуйцеся гэтым жыцціём. А калі будзе зусім кепска, азірніцеся вакол сябе, і вы знойдзеце прыгажосць ва ўсім, што вас атачае. Верце! І ўсё збудзецца. Вера праз шторм праводзіць караблі. Любіце! Любоў перамагае ўсё. І гэта праверана на асабістым досведзе!

Дарэчы, ДКМ «Карытас-Міласэрнасць» аказвала дапамогу дашкольнай установе адукацыі «Яслі-сад № 22 г. Гомеля» - ўмацавала яе матэрыяльна-тэхнічную базу. У гэтым садку ўжо больш за 10 гадоў вядзецца праца па інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Нядаўна для садка набылі кампутары і метадычныя матэрыялы для працы спецыялістаў з дзецьмі і бацькамі, асабліва ў інтэграваных групах. На адной з сустрэч у садку выступіла Юлія Чыкунова - яе словы асабліва кранулі бацькоў і спецыялістаў, бо дзяўчына сваім прыкладам паказала, што няма нічога немагчымага, што нягледзячы на шматлікія цяжкасці і крыўды, жыццё дорыць веру, надзею і любоў. Пасля таго, як Юлія расказала пра сябе і пра свой досвед, многія бацькі дзетак з асаблівасцямі ў развіцці пачалі раскрывацца і расказваць адкрыта пра свае цяжкасці і праблемы.

Last modified onСерада, 08 Чэрвень 2016 12:10
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць