BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Чаму святасць іншых выклікае ў табе лютасць, чалавек гэтага свету?

Пасля кананізацыі Маці Тэрэзы ў інтэрнэце вылілі на святую мора бруду...

Навіна аб кананізацыі 4 верасня ў Ватыкане Маці Тэрэзы Калькуцкай выклікала буру неадэкватных і шакавальных водгукаў чытачоў свецкай прэсы. Здавалася б - шакавальных, але на самой справе заканамерных. На імя чалавека, прызнанага не толькі Царквой, але і светам (Маці Тэрэза ўдастоена Нобелеўскай прэміі міру), у дзень прылічэння да ліку святых інтэрнэт-карыстальнікі вылілі столькі бруду! Напрыклад, пад кароткай навіной аб кананізацыі Маці Тэрэзы на адным з самых папулярных беларускіх парталаў з'явілася 90 каментароў. І большасць - такога тыпу: «Кідала людзей на страшныя пакуты - а цяпер яе да ліку святых!», «Мучыла, забівала, крала - святая!», «Маці Тэрэза працавала на ЗША і Вялікабрытанію пад выглядам дапамогі дзецям у бедных краінах!» , «Тэрэза скрала шмат грошай, яна аферыстка сусветнага маштабу. Ганьба!».

І яшчэ адзін, самы галоўны водгук: «На Зямлі няма святых!» Думаю, гэта перакананне - прычына ўсіх абвінавачванняў у адрас святой. Бо можна было б падумаць: гэта чэрці шалеюць, што ў Царкве новая святая, вось і спрабуюць запляміць яе імя. Але не - гэтыя водгукі пакінулі канкрэтныя людзі, такія як ты і я, якія чамусьці не змаглі прайсці міма навіны, якая, здавалася б, ніяк іх не датычыць. Дык чаму ж ты, чалавек гэтага свету, прыходзіш у лютасць ад святасці іншых? Можа быць, таму, што не накарміў ніводнага галоднага? Не прыняў да сябе ніводнага паміраючага? Ды што там - не даў ні рубля бяздомнаму?

Таму што святасць іншых - гэта выклік для цябе. Гэта святло, якое азарае і выстаўляе на паказ тваё гнілое, пустое жыццё. Заклікае да твайго сумлення і робіць табе балюча, таму табе прасцей думаць, што святла не існуе, што не ты адзін - а ўсе - жывуць у змроку. Замест таго, каб браць прыклад і імкнуцца да святасці, ты падманваеш сябе тым, што святым быць немагчыма. Маці Тэрэза - гэта выклік кожнаму з нас. Выклік, які трэба або прыняць - і тады прызнаць свае «марнасць», абыякавасць і падняцца з бруду, ці закідаць святога сваім брудам - каб яго чысціня не мазоліла вочы і не раздзірала сумленне.

Што казаць пра вучняў Хрыста - прывядзем у прыклад урывак з Евангелля ад Лукі, які ілюструе, як ставіліся да самога Сына Божага:

«Аднойчы ў шабат Езус увайшоў у сінагогу і навучаў. І быў там чалавек, які меў паралізаваную правую руку. А фарысеі і кніжнікі сачылі, ці не будзе Езус аздараўляць ў шабат, каб знайсці, у чым абвінаваціць Яго. Ён жа, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку, у якога была паралізавана рука: Падыміся і стань пасярэдзіне. Той падняўся і стаў. Тады Езус сказаў ім: Я пытаюся ў вас, ці дазволена ў шабат рабіць дабро або рабіць зло; уратаваць душу ці загубіць? І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў таму: Працягні руку сваю. Той зрабіў гэта, і выздаравела рука ягоная. А яны ж напоўніліся лютасцю і абмяркоўвалі паміж сабою, што б зрабіць з Езусам».

P.S. Праз гадзіну пасля з'яўлення ў Каталіцкай царкве новай святой я ішоў па горадзе і сустрэў бяздомнага мужчыну, які два гады жыў у Доме міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы. Да гэтага быў самым сапраўдным «асацыяльнымі элементам» - спаў на вуліцы ў кардоннай скрынцы, харчаваўся са сметніцы, піў, сядзеў. Пасля таго, як хлопец трапіў у Дом міласэрнасці, яго жыццё цалкам перавярнулася. Сёстры аднавілі яму дакументы, давалі вопратку, грошы, далі прытулак пад свой дах і кармілі са свайго, хай і сціплага, стала. Мужчына сам дапамагаў сёстрам карміць натоўпы бяздомных, якія прыходзяць у Дом міласэрнасці. Словам, вярнуўся ў грамадства і пачаў жыць па-новаму. Праўда, працу ўсё ніяк не хацеў шукаць... І вось пару месяцаў таму сустрэў гэтага чалавека на вакзале - бруднага і п'янага. Чамусьці свіныя ражкі спакусілі яго вярнуцца да свайго ранейшага жыцця, і ён сышоў з Дома міласэрнасці.

- А ты хоць прыходзіш у Дом на абеды для бяздомных? - пытаюся ў яго.

- Не, бо сорамна. Нядаўна сам ежу ім раздаваў, а зараз мне з імі сядаць за адзін стол? - шчыра спавядаў мужчына сваю пыху.

Але калі я сустрэў яго ў дзень кананізацыі Маці Тэрэзы, ён адказаў ужо па-іншаму:

- А чаго мне да сёстраў ісці? Яны ж аб'едкамі кормяць. Тое што самі не даядаюць, скідаюць у агульны кацёл і раздаюць, - разважаў ён, седзячы на асфальце і дапіваючы з бруднай шклянкі поліўка ад «Ролтана», набытага на міласціну.

Каментары   
+5 #1 Мария 2016-09-09 14:09
Спасибо за эту статью. Вы так просто и доходчево обьяснили этот феномен.
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць