Паліць, п'е, гуляе ў «Танкі» - усё што ведаю пра бацьку
- Written by Павел Мицкевич
- Published in Хрысціянскае меркаванне
- Comments (4)
Безбацькоўства - сур'ёзная хвароба нашага грамадства, якая нараджае няшчасных дзяцей і жорсткіх забойцаў.
Ноч у цягніку, не спіцца. На суседняй ніжняй паліцы сядзіць дзяўчына і распавядае сяброўцы пра свае студэнцкія будні, пра тое, што ніяк не можа знайсці сабе прыдатнага хлопца. Зусім не будуюцца адносіны, цяжка ёй з мужчынскім полам. Потым размова пераходзіць на тэму сям'і, і дзяўчына прызнаецца: «Свайго бацькі амаль не бачу, усё, што ведаю пра яго - паліць, п'е, вечарамі і начамі гуляе ў«Танкі»...
Не толькі псіхолаг, але і любы разумны чалавек адразу зразумее, што менавіта з такімі адносінамі з бацькам, а дакладней, з іх адсутнасцю, і звязаныя праблемы дзяўчыны на асабістым фронце. Безбацькоўства - фармальнае і фактычнае, якое для цяперашняга часу звыклая з'ява, - дае аб сабе ведаць. Гэта яшчэ адна з сур'ёзных хваробаў нашага грамадства. Дай Бог, каб той дзяўчыне Гасподзь залячыў раны і паслаў добрага мужа, але, як правіла, дзеці, якія выраслі ў няпоўных сем'ях, пакутуюць у шлюбе і ў рэшце рэшт таксама бураць яго.
Мала таго, менавіта дзеці з няпоўных сем'яў часцей становяцца жорсткімі злачынцамі. Тыя, хто не атрымаў у дзяцінстве любові, падсвядома помсцяць за гэта грамадству. І як іх можна ў гэтым вінаваціць, калі яны проста не маюць вопыту любові, а іх душу з ранніх гадоў напоўнілі злом ці хаця б абыякавасцю. Як прыклад - некалькі апошніх рэзанансных злачынстваў у Гомелі: маладыя хлопцы, якія здзейснілі шакавальныя жорсткія і бессэнсоўныя злачынствы былі выхадцамі з няпоўных сем'яў...
Так, бацькам быць цяжка, ведаю па сабе. Але без Бога ўсё цяжка для нас, слабых, вельмі слабых людзей. Я сам зусім ня добры бацька, рэдка знаходжу час на стасункі з дзецьмі, змяняючы іх на як бы больш важныя справы, працу. Ды і калі час быццам бы, нарэшце, знайшлоўся, так хочацца выдаткаваць яго на свае асабістыя патрэбы: ці то гэта кніга, ці то інтэрнэт, але не дзеці...
Здавалася б, няма дзяцей, і няма праблем - не трэба нікому надаваць час, можна без пакут сумлення марнаваць яго на сябе або на тую ж працу, атрымліваць больш грошай. Але не раз заўважаў, што калі дзяцей побач няма, з'ехалі ў санаторый або ў вёску да бабулі, сямейнае жыццё становіцца амаль бессэнсоўным...
Дзякуй Богу, што Ён дапамагае змагацца з эгаізмам і дае разуменне, што ні школа, ні нават царква не дадуць дзецям тое, што закліканы даваць бацькі. Быць бацькам - гэта пакліканне ад Бога, талент, які нельга закопваць у зямлю. Асабліва важна для мяне ўсведамленне адказнасці за тое, што менавіта па вобразу бацькоў у свядомасці дзяцей фармуецца і вобраз Бога. Паверыць у тое, што Ён добры, маючы злых і абыякавых бацькоў, дзіцяці вельмі цяжка. Таму кожны дзень у малітве дзякую за дзяцей і прашу дапамогі аб тым, каб быць сапраўдным любячым бацькам.
Related items
-
«Дзе няма справядлівасці, няма дзяржавы». Папа Рымскі – пра важныя аспекты жыцця грамадства
-
Пакаянне за Беларусь і пілігрымка да Каралевы Беларусі: дзве важныя падзеі на захадзе і ўсходзе
-
«Хваліцца не новымі ракетамі і танкамі, а тым...» Беларускі біскуп распавёў пра сваю мару
-
На новы навучальны год благаславілі ў касцёлах Беларусі – топ-9 фота і відэа
-
Упершыню канал святога набраў амаль 1 тысячу падпісчыкаў
RSS-стужка каментароў гэтага запiсу