Беларускія скаўты сустрэліся на духоўных практыкаваннях [фота]
- Written by gomel.catholic.by
- Published in Скаўты - Гомель
- Comments (1)
На развітанне хлопцы падкінулі ўгору берэты і айца Алега - у падзяку за рэкалекцыі.
Дарослыя скаўты-«вандроўнікі» з розных куткоў Беларусі сабраліся ў Докшыцах, у мясцовым кляштары Ордэна братоў меншых Капуцынаў. Духоўныя практыкаванні для скаўтаў па тэме «Жыць 8-ю блаславенствамі і скаўцкім правам» праводзіў беларускі манах-капуцын айцец Алег.
На працягу двух дзён святар раскрываў сэнс васьмі блаславенстваў, абвешчаных Хрыстом у Нагорнай пропаведзі. Скаўты гаварылі з айцом Алегам і аб асновах веры, аб тым, чаго кожны чакае ад Бога. Разам усе прыйшлі да высновы: хрысціянін - гэта сляпы, які давярае сябе адзінаму відушчаму павадыру - Ісусу Хрысту.
Акрамя правядзення канферэнцый па васьмі блаславенствам скаўты шмат маліліся і дапамагалі манахам ў гаспадарцы: прыбіралі снег, вазілі дровы. Таксама хлопцы сустрэліся з мясцовымі міністрантамі, каб распавесці ім пра скаўтынг і зацікавіць іх.
Адпачывалі скаўты ў спартзале манастыра: там можна было выплеснуць энергію ў гульнях у тэніс і настольны футбол. Не адыходзячы ад скаўцкага ладу жыцця, хлопцы самі рыхтавалі сабе ежу, а на ад'езд добра прыбралі за сабой пакоі.
Пасля цырымоніі прыняцця ў свае шэрагі новых сяброў, скаўты па традыцыі падкідвалі ўгору берэты, а потым сталі качаць і айца Алега - такім чынам падзякаваўшы яго за правядзенне рэкалекцый.
RSS-стужка каментароў гэтага запiсу