Папа - пра родную мову: «Гэта абарона ад ідэалагічнай і культурнай каланізацыі»
- Written by Katolik.life
- Published in Соцыум
- Add new comment
Захоўваць родную мову - значыць, супрацьстаяць культурнай экспансіі.
У Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё зрабіла падборку цытат Папы Францішка на тэму роднай мовы. Паводле Святога Айца, “матчыная мова – гэта абарона ад ідэалагічнай і культурнай каланізацый, супраць уніфікацыі мыслення, мэтай якой – знішчыць разнастайнасць”. Падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 23 лістапада 2017 г. у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі, Папа казаў, што адным з індыкатараў ідэалагічнай каланізацыі з’яўляецца знішчэнне памяці і мясцовай гаворкі.
Каланізатары нібыта кажуць: “Гісторыя пачынаецца з мяне, пачынаецца зараз, грунтуецца на тым, што я распавядаю, а не на памяці, якая вам была перададзена”. Захоўваць родную мову значыць супрацьстаяць такой культурнай экспансіі, бо, на думку Францішка, не існуе культурнай каланізацыі, якая магла б перамагчы дыялект.
Папа заўважыў, што ў захаванні памяці і дыялекту заўсёды былі моцнымі жанчыны, прыклады чаго існуюць ад біблійных часоў да генацыдаў мінулага стагоддзя. Перадаючы веру, грунтуючыся пры гэтым на памяці і дыялекце, жанчыны вучаць дзяей сапраўдным каштоўнасцямі і такім чынам бароняць гісторыю ўсяго народа.
Аб важнасці перадачы веры на асаблівым дыялекце Францішак казаў 7 студзеня 2018 г., падчас св. Імшы ў ватыканскай Сікстынскай капэле, калі хрысціў дзяцей супрацоўнікаў ватыканскіх структур. Вучыць дзяцей веры трэба на “дыялекце сям’і, дыялекце бацькі і маці, дзядулі і бабулі”. Гэтым дыялектам, з’яўляецца “мова любові”, на якой бацькі размаўляюць паміж сабой. Калі яе не будзе ў сямейным асяроддзі, здзейніць перадачу веры, якая з’яўляецца нялёгкай справай, будзе немагчыма, лічыць Папа.
Related items
-
У школе ў Гродзенскай вобласці «ўрок» да Дня роднай мовы правёў ксёндз
-
Адбылася Імша беларускага епіскапату за мір для Украіны і Святой Зямлі – але непрыкметна
-
У кіеўскім касцёле паказалі, як саграваюць людзей у маразы
-
Памёр біскуп Казімір Велікаселец – найстарэйшы каталіцкі іерарх Беларусі. Якім быў яго апошні дзень?
-
«Не будзем баяцца перамен». Пасол Ватыкана сустрэўся з моладдзю Мінска