Як пры камуністах: у касцёле на Гродзеншчыне патрабуюць зафарбаваць фрэску
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Соцыум
- Add new comment
Карціна адлюстроўвае «Цуд на Вісле» - калі расійскую агрэсію змагло спыніць польскае войска, не дапусціўшы распаўсюджвання бальшавіцкага атэістычнага рэжыму
На галоўным дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» выпусцілі сюжэт, які ганьбіць пробашча рыма-каталіцкай парафіі ў Солах Смаргонскага раёна ксяндза Леанарда Станкоўскага. У сюжэце выкарысталі словы некаторых вернікаў, якія далі пробашчу негатыўную характарыстыку, а самога святара Лебедзева запісвала ўтоена, без дазволу.
Акрамя атакі на пробашча (як заявіла Лебедзева, «копіі матэрыялаў будуць перададзеныя ў Апостальскую нунцыятуру і Святы Пасад»), вядучая абурылася фрэскай у касцёле з выявай Варшаўскай бітвы 1920 года. Карціна была напісана неўзабаве пасля гэтай падзеі, якая адыграла вялікую ролю ў гісторыі Еўропы. Тады Польшча змагла спыніць наступ арміі савецкай Расіі і дамагчыся пералому ў ходзе вайны. Гэта адбылося 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Некаторыя ўдзельнікі бітвы сцвярджалі, што бачылі ў небе над польскімі акопамі Панну Марыю, якая дапамагала абараняцца ад атэістаў-бальшавікоў. Перамога над расійскімі захопнікамі лічыцца цудам, якое было здзейснена праз пасрэдніцтва Божай Маці. Таму фрэска ў гэтым храме не здзіўляе, тым больш, што ён названы ў гонар Панны Марыі Ружанцовай. Намаляваны на карціне і святар, які малітвай умацоўвае салдат.
Аднак, на думку работніцы дзяржтэлеканала, карціна «заклікае да распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці», а наяўнасць такой фрэскі ў касцёле гаворыць пра тое, што «асобныя служыцелі клапоцяцца не аб выратаванні душы, а аб вяртанні Заходняй Беларусі ў склад Польшчы» (пасля паразы ў савецка-польскай вайне Масква аддала Варшаве частку заходняй Беларусі і Украіны). На думку Лебедзевай, «Польшчу па-ранейшаму мучаць фантомныя болі, і яе ўлады сур'ёзна глядзяць на тое, каб захад Беларусі вярнуць у свой склад».
У савецкі час у храме зафарбавалі гэтую фрэску, а пасля падзення СССР, пры рэстаўрацыі алтарнай часткі, карціну аднавілі і зноўку асвяцілі. Але цяпер, па словах пробашча, якога запісалі на ўтоеную камеру, наконт фрэсак «прыязджалі з райвыканкаму, сказалі зафарбаваць». Аднак святар «супраць, бо яны благаслаўленыя, асвячоныя, таму хто цяпер дакранецца да гэтага - я, напрыклад, баюся».
Акрамя фрэскі з «Цудам на Вісле» храм упрыгожаны выявай абароны Яснагорскага кляштара ў 1655 годзе ад шведаў.
Напярэдадні ў сваім тэлеграм-канале Лебедзева абрынулася на яшчэ аднаго святара - пробашча парафіі ў Гожы Гродзенскага раёна ксяндза Паўла Шанчука. Працаўніцу «Беларусь 1» абурыў радок на парафіяльным сайце, які, па яе думку, кажа аб тым, што «некаторыя ксяндзы па гэты дзень пакутуюць па Польшчы і не саромеюцца пра гэта пісаць на сайце касцёла». Такую выснову Лебедзева зрабіла з гэтых двух сказаў: «Да восені 1939 года Гожа жыла спакойным жыццём. 1 верасня 1939 года з пачаткам Другой сусветнай вайны пачалася новая савецкая гісторыя, вывучэнне якой хай застанецца для іншых».
Related items
- Загадкі Каралевы Беларусі: уратавала ад маскоўскай акупацыі, знікла і зноў аб'явілася
- Не святар: разабралі памылковую інфармацыю пра затрыманне верніка ў Омску
- Адпраўка ў войска ў Беларусі адбываецца з удзелам святароў
- Беларусы даказваюць у судах «польскія карані» – з дапамогай веры
- На «гучныя» службы ў касцёле паскардзіўся жыхар Смаргоні. Што яму адказалі?