BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Літве і Польшчы ладзяць масавае свята «Казюкі». А што ў Беларусі?

Гэта гулянне ў гонар святога Казіміра, апекуна зямель ВКЛ і Польшчы. Але ў Беларусі гэты дзень адзначаць толькі кірмашом у Гродне – прычым, каталіцкае свята сумясцілі з паганскай Масленіцай. Але ёсць спадзяванне на Стоўбцы. А яшчэ ўзгадаем пра «Цуд над Дзвіной», які здзейсніў святы Казімір пры абароне Полацка ад акупантаў.

4 сакавіка ў сталіцы Літвы Вільні, а таксама ў Познані ды іншых гарадах Польшчы шырока адзначаюць свята «Казюкі». У гэты дзень Каталіцкая царква ўспамінае святога Казіміра – гэта літоўскі княжыч і польскі каралевіч, заступнік Польшчы і зямель Вялікага Княства Літоўскага, аснову якога складала цяперашняя тэрыторыя Беларусі.

Паколькі святы Казімір лічыцца таксама заступнікам моладзі і рамеснікаў, у гэты дзень прынята праводзіць масавыя гарадскія гулянні і кірмашы. Напрыклад, у Вільні «Казюкі» святкуюць урачыстым шэсцем з фігурай святога Казіміра, канцэртамі, танцамі, вялізным кірмашом.

У Беларусі традыцыя адзначаць «Казюкі» пакуль ёсць толькі ў Гродне. Аднак там кірмаш носіць выключна свецкі характар, без рэлігійнага складніка. Больш за тое, сёлета «Казюкі» ў Гродне вырашылі сумясціць з Масленіцай — паганскім святам.

Спроба правесці ў Беларусі сапраўдныя «Казюкі» — са службай у касцёле, канцэртам, кірмашом, з героем у вобразе святога Казіміра — рабілася ў сакавіку 2022 года ў Стоўбцах. Аднак у апошні момант гулянні вырашылі адмяніць, папрасіўшы тых, хто збіраўся ўдзельнічаць у свяце, аб малітве за мір.

Сёлета «Стаўпецкія Казюкі» ў сакавіку зноў вырашылі не праводзіць. У мясцовай парафіі святога Казіміра ёсць планы аб магчымай арганізацыі свята ў іншы час, але пра іх пакуль казаць рана. Таму 4 сакавіка ў стаўбцоўскім касцёле запланавалі традыцыйнае парафіяльнае свята з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

У Магілёве таксама ёсць парафія святога Казіміра. Тут запланавана парафіяльнае свята з удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага, пачастункі, канцэрт і выстава фотаработ. У парафіі ў Маладэчне свята намечанае на вечар суботы — цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліць біскуп Юрый Касабуцкі. Таксама ў касцёле пройдзе тэатралізаванае прадстаўленне «Страчаная спадчына: Надзея. Вера. Любоў».

Наш канал в Telegram – только важное. Подписаться >

«Цуд над Дзвіной», які здзейсніў святы Казімір пры абароне Полацка ад акупантаў

Дарэчы, у гродзенскім фарным касцёле ёсць старадаўняя фрэска, на якой намаляваны святы Казімір у момант здзяйснення «Цуду над Дзвіной». Улетку 1518 года, праз 34 гады пасля смерці каралевіча, у паўночную частку Вялікага Княства Літоўскага ўварваліся некалькі маскоўскіх палкоў. Пад Полацкам яны аб'ядналіся і вырашылі захапіць старажытны горад, аднак жыхары мужна абараняліся. Пачалася доўгая аблога.

Полацкі ваявода Альбрэхт Гаштольд з групоўкай у 2 000 воінаў спяшаўся на дапамогу гораду, які цярпеў аблогу, але шырокая і паўнаводная Дзвіна не давала магчымасці перабрацца з ваенным рыштункам на паўночны бок. І раптам, па шматлікіх сведчаннях, воіны ўбачылі святога Казіміра – вершніка ў белай вопратцы на белым кані, які знакамі паказваў, каб ішлі за ім. Армія рушыла да вады і ўбачыла, што тут пралягае добры брод. Перайшоўшы праз Дзвіну, 29 ліпеня войска ВКЛ нечакана ўдарыла ў спіну значна большаму па колькасці маскоўскаму войску. У шэрагах захопнікаў пачалася паніка. Частка воінаў кінулася да Дзвіны і патанула ў ёй. Асноўная ж групоўка, кінуўшы абложныя прылады, ваенны рыштунак і параненых, спешна адступіла.

Media

Last modified onСубота, 04 Сакавік 2023 10:50
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць