BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Пасланне Арцыбіскупа на 2015 год: без веры ў Бога чалавек ідзе па жыцці ў цемры

«У душы не будзе вясёлкі, калі на вачах не было слёз».

Навяртанне – шлях да жыцця з Богам

Дарагія браты і сёстры!

1. 2015 год – гэта другі год у праграме падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя аб’яўленняў Божай Маці ў Фаціме. Ён прысвечаны навяртанню і будзе праходзіць пад дэвізам “Марыя – прытулак грэшнікаў”.

Ведаючы аб пагрозах, якія нясе атэістычны рэжым, Марыя ў далёкім 1917 г. на другім канцы Еўропы, у Фаціме, заклікала да малітвы і навяртання. Гэты заклік застаецца актуальным і сёння. Святы апостал Павел заклікае да пастаяннай малітвы (пар. 1 Тэс 5, 17). Езус сваю публічную дзейнасць распачынае ад закліку да навяртання і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15).

2. Заклік Хрыста да навяртання не быў чымсьці новым у жыцці Выбранага народу. Прыкладам са Старога Запавету можа служыць прарок Ёна, якога Бог паслаў у горад Нініву, каб абвясціць яго жыхарам, што яны маюць сорак дзён на навяртанне, каб іх горад не быў знішчаны (пар. Ён 3, 2-5). У Евангеллі чытаем, як святы Ян Хрысціцель заклікаў людзей да навяртання і падрыхтоўкі дарогі прыходзячаму Збаўцу (пар. Лк 3, 4).

Касцёл таксама часта заклікае да навяртання. Асабліва падчас Адвэнту і Вялікага посту мы чуем заклік да перамены нашых сэрцаў. Можа, мы ўжо прызвычаіліся да такіх заклікаў і не вельмі звяртаем на іх увагу. На жаль, сучасны чалавек, разлічваючы выключна на свае сілы, не адчувае патрэбы ў малітве і навяртанні. Аднак менавіта яны з’яўляюцца асноўнымі элементамі ва ўпарадкаванні жыцця чалавека згодна з Божай воляй. Святы апостал Павел выразна кажа, што час кароткі і хутка праходзіць (пар. 1 Кар 7, 29). Гэтымі словамі Апостал народаў заахвочвае нас да адпаведнага Божай волі выкарыстоўвання часу на хвалу Бога, для служэння бліжнім і для нашага збаўлення.

Усе мы грэшнікі, як гэта часта падкрэслівае Папа Францішак. Таму заклік да навяртання павінен быць чымсьці вельмі актуальным для нас, калі мы жадаем быць добрымі вучнямі Хрыста.

3. Евангелле распавядае, што пасля закліку да навяртання Хрыстус паклікаў сваіх апосталаў (пар. Мк 1, 16-20). А таму заклік Касцёла да навяртання з’яўляецца не чым іншым, як заклікам быць вучнямі Хрыста. Езус сёння таксама заклікае нас ісці за Ім, каб асвятліць жыццё сучаснага чалавека святлом Яго Евангелля і веры.

Мы добра ведаем, што вера ў Бога з’яўляецца лекамі ад духоўных хваробаў, якім асабліва падвержаны сучасны свет. Без веры ў Бога чалавек ідзе па жыцці ў цемры, у выніку чаго спатыкаецца і падае. Калі мы страцілі веру або калі яна слабая, то нам неабходна навярнуцца, каб сапраўды будаваць наша жыццё на веры, каб быць шчаслівымі. У душы не будзе вясёлкі, калі ў вачах не было слёз, – кажа прыказка. Святы Амброзій вучыць, што Касцёл мае ваду і слёзы: ваду хросту і слёзы навяртання (пар. ККЦ 1429).

4. Бог кліча нас да навяртання, бо палюбіў нас да канца і нават паслаў у гэты свет свайго Адзінароднага Сына, які сваёй смерцю нас збавіў.

На жаль, мы не заўсёды задумваемся аб тым, наколькі каштоўнымі ў вачах Бога з’яўляемся. У Хрысце мы былі выбраны Богам яшчэ перад стварэннем свету (пар. Эф 1, 3-14), а ў сакрамэнце хросту сталіся дзецьмі Божымі (пар. Гал 3, 26-27). А калі мы выбраныя самім Богам, то натуральна, што наша жыццё павінна быць згодна з Божым законам. На самой справе мы бачым нешта зусім іншае і нават адваротнае, не ведаем, кім з’яўляемся; не ведаем, што былі адкуплены крывёй Хрыста і з’яўляемся найбольш каштоўнымі ў вачах Бога.

Часам мы можам пачуць, што хочам жыць у абсалютнай свабодзе і чыніць усё, што нам падабаецца. Так кажучы, мы не прызнаём факту, што былі выбраны Богам і адкуплены крывёй Збаўцы.

Поўны тэкст - на Catholic.by >>>

Last modified onПанядзелак, 12 Студзень 2015 14:20
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць