BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Каложскай царкве прайшлі чытанні, прысвечаныя Ларысе Геніюш

Паэтка - адна з найвялікшых вызнаўцаў веры ХХ стагоддзя.

Імя беларускай паэткі і хрысціянкі Ларысы Геніюш мае бібліятэка, створаная сёлета пры Каложскай царкве ў Гродне - помніку мураванай старажытнарускай архітэктуры XII стагоддзя. Тут, на першых Геніюшаўскіх чытаннях, прагучалі вершы і песні на яе словы, а сучаснікі і паплечнікі прыгадалі пра сустрэчы з паэткай і няпросты лёс творцы.

“Дзе б яна ні была, яна ўсюды вызнавала праваслаўную веру -  і ў Чэхіі, і ў ГУЛАГу, і тут, калі была ў Зельве, яна была шчырай верніцай і адной з самых лепшых прыхажанак. Яна не толькі малілася, адбывала службу і вярталася дадому. Яна сапраўды служыла Богу сваёй і маці-царкве”, - зазначыў айцец Аляксандр Балонікаў, адкрываючы імпрэзу, паведамляе Саюз беларускіх пісьменнікаў.

У бібліятэцы храма Міхась Скобла, паэт і даследчык творчасці Ларысы Геніюш, распавёў пра новыя кніжкі з вершамі паэткі, што з’явіліся з нядаўняга часу ў кнігазборы царквы. Сярод іх - надрукаваныя ў Лондане, Таронта, Беластоку і Маскве.

Сваёй духоўнай маці называла Ларысу Геніюш знаная гарадзенская паэтка Данута Бічэль: “Я прайшла ўніверсітэт у Ларысы Геніюш. Гродзенскі педінстытут я як бы праляцела. Не ведаю, што там рабіла. Экзамены здавала і адзін раз нават атрымлівала стыпендыю купалаўскую, але як гэта ў мяне атрымлівалася – я не знаю. Не было часу чытаць гэтыя ўсе тэксты. А вось там я ўжо атрымала тое, што трэба чалавеку, які займаецца беларускай літаратурай і беларускай культурай. Там, у Зэльве, я і гісторыю Беларусі вывучыла, там і кнігі былі адпаведныя і заўсёды былі каментары да іх. І колькі я магла, чытала. Яны не давалі кнігі з сабой, казалі – чытай у нас, жыві колькі хочаш”.

У наступным годзе і надалей традыцыю Геніюшаўскіх чытанняў у бібліятэцы Каложы плануюць працягнуць. Пакуль жа святар Аляксандр Балонікаў запрашае прыхільнікаў паэткі наведвацца сюды часцей. “Ідучы ў бібліятэку, мы праходзім праз храм, і кожны раз узгадваем Ларысу Геніюш у малітвах. Я вас заклікаю таксама не толькі помніць пра яе творчасць і подзвіг, але і маліцца аб ей. Тады, упэўнены, і яе заступніцтва за нас стане водгукам на нашыя малітвы”.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць