BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«На нас паглядзела Панна Марыя». Цудоўная гісторыя пошуку легендарных званоў

Калі званы паднялі з зямлі, пан Уладзіслаў, які закопваў іх 70 гадоў таму, стаў перад імі на калені [ФОТА, ВІДЭА]

Нядаўна мы пісалі пра тое, што ля вёскі Дубрава Маладзечанскага раёна знайшлі званы, якія праляжалі ў зямлі 70 гадоў. Katolik.life пагаварыў з ініцыятарам пошукаў і даведаўся цудоўную гісторыю пошукаў званоў.

- Неяк яшчэ ўзімку мая калега, якая знаёмая з панам Уладзіславам, распавяла мне пра гэта. Экспедыцыю запланавалі на 9 траўня. Зараз мы арганізоўваем грамадскае аб'яднанне аматараў прыборнага пошуку, таму ў нас ужо ёсць адпаведная каманда. Кінуў кліч, з розных гарадоў сабралося 11 чалавек, - кажа аматар прыборнага пошуку Руслан Верамей.

Пан Уладзіслаў Лапо, які ў 1948 годзе разам з бацькам хаваў званы пасля таго, як ксяндза арыштавалі, завёў у лес і паказаў месца. Тут быў хутар, але пасля калектывізацыі яго перанеслі ў вёску, а хутар зарос, і зараз там добры малады лес.

- На месцы мы ўбачылі вялікі выкапаны катлаван і падумалі, што шукаць, напэўна, ужо няма чаго. Многія людзі нам загадзя казалі, што гэта глупства, можаце не спрабаваць. Але дзядуля распавёў, што ў 60-70 гадах званы шукаў трактарыст на экскаватары, аднак не змог знайсці. Так і з'явіўся гэты катлаван. У 2011 годзе была першая спроба знайсці званы з металадэтэктарамі, але яна аказалася няўдалай. У нас былі вера, надзея і жаданне, - працягвае Руслан.

Дзядуля паказаў, дзе стаяў хлеў, у якім ён з бацькам закапаў званы, і глыбінны металадэтэктар даў сігнал. Лёгкі, сумніўны, але пан Уладзіслаў казаў, што так, менавіта тут. Заклалі шурф, прайшліся прыборам яшчэ раз і ён паказаў масіўны металічны прадмет, далей рыдлёўкамі пачалі акуратна паглыбляцца. Рыдлёўка радасна дзынькнула аб край аднаго са званоў, неўзабаве пашукавікі іх убачылі. Званы розных памераў ляжалі адзін у адным.

- Калі акуратна знялі апошні пласт зямлі, які ляжаў на саміх званах, на нас паглядзела Божая Маці - яе абраз выбіты на самым вялікім звоне, у які былі схаваныя астатнія. Калі пан Уладзіслаў з бацькам апускалі ў зямлю званы, яны паклалі іх абразом дагары, каб Панна Марыя ахоўвала званы, - распавядае Руслан.

Цікава, што ўсё гэта адбылося ў траўні - гэты месяц у Каталіцкай царкве прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі.

Яшчэ адзін цуд - пан Уладзіслаў сцвярджае, што яма была ў ягоны рост. У той час яму было ўжо гадоў 16, мужчына даволі рослы, пашукавікі разлічвалі, што званы будуць на глыбіні каля двух метраў. Дзіўна, але званы ляжалі ўсяго прыкладна ў 60 сантыметрах ад узроўню агульнага грунту. Такое пачуццё, што зямля гэтыя званы проста пачала выштурхоўваць насустрач пашукавікам.

Дарэчы, хлопцам надта пашэнціла, бо калі раней званы шукаў экскаватаршчык, зямлю ён складваў менавіта на тое месца, дзе яны былі закапаныя. Ніхто нават падумаць не мог, што званы ляжаць пад гэтым курганам, а прыборы такі пласт зямлі не прабівалі. На шчасце, пашукавікі вырашылі зайсці збоку катлавана.

- Калі наша рэакцыя на тое, што званы знайшлі, стала крыкам на ўвесь лес, то пан Уладзіслаў адрэагаваў па-філасофску спакойна. Я глядзеў на ягоны твар, і выглядала, так, што ў чалавека была глабальная мэта жыцця. Ён пражыў ужо столькі гадоў, але ў яго заставаўся незавершаны план. Калі мы знайшлі званы, відаць было, што чалавек, нарэшце супакоіўся, на яго твары было поўнае супакаенне, - апісвае Руслан. - Калі мы вынеслі званы, ён закрыў вочы, дакрануўся да іх. Потым узяў самы маленькі і па памяці пазваніў так, як рабіў гэта ў дзяцінстве...

У гэты час пад апладысменты пашукавікоў прагучала: «Хвала Хрысту!»

Калі з зямлі выцягнулі ўсе званы, каб сфатаграфаваць іх, пан Уладзіслаў падышоў і стаў перад імі на калені, далікатна паклаў на іх рукі... У гэтым быў увесь сэнс ягонага жыцця. Ён быў настолькі шчаслівым і адначасова спакойным, што гэта было дзіўна.

Званы вырашылі перадаць у Мінск, у касцёл Святога Францішка Асізскага, які будуецца ва Уруччы. Яго парафіянінам цяпер з'яўляецца пан Уладзіслаў. Гэта было яго жаданне. Пробашч парафіі рады, што яго святыня будзе мець голас з такой гісторыяй.

Media

Last modified onСерада, 16 Май 2018 16:39
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць