BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

«Такія забароны шкодзяць іміджу краіны». За віцебскага пробашча збіраюць подпісы

Каталіцкі святар з Польшчы служыў у Беларусі больш за 15 гадоў, быў для многіх духоўным айцом, размаўляў па-беларуску

- Мы, вернікі каталіцкай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску i iншыя грамадзяне, вельмі засмучаныя тым фактам, што нашаму пробашчу кс. Паўлу Кнурэку не працягнулі дазвол на служэнне ў Беларусі. Да якой ступені засмучаныя - перадаць словамі вельмі цяжка. Бо кс. Павел Кнурэк - наш духоўны айцец, а што адчуваюць дзеці, калі іх разлучаюць з бацькамі – вядома кожнаму. Роспач, разгубленасць і бездапаможнасць, - гаворыцца ў петыцыі да Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Савета Міністраў Беларусі Леаніда Гулякі на платформе petitions.by. Петыцыя была апублікаваная 20 студзеня, пакуль пад ёй толькі лічаныя подпісы. Пад зваротам у пісьмовым выглядзе за дзень падпісаліся звыш 300 чалавек.

Віцебскія католікі просяць Гуляку паведаміць, з якой прычыны пробашчу было адмоўлена ў пастырскім служэнні на тэрыторыі Беларусі, а таксама перагледзець гэтае рашэнне і дазволіць святару вярнуцца ў сваю парафію.

- Мяркуем, што рашэнне аб непрацягненні дазволу на працу ў нашай краіне занадта жорсткае i ў адносінах да нас, простых вернікаў і грамадзян Беларусі, - пішуць віцебскія парафіяне.

Рашэнне Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей выклікае тым большае здзіўленне, што ў апошнія гады Беларусь яскрава дэманструе адкрытасць свету. У 2018 годзе указам прэзідэнта быў павялічаны тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі краіны, і зусім незразумела пры гэтым, чаму чалавек, які больш за 15 гадоў адпрацаваў на ніве духоўнага адраджэння Беларусі, пазбаўляецца права знаходзіцца і служыць на яе тэрыторыі, задаюцца пытаннем віцебскія католікі.

- Упэўненыя, што такія забароны шкодзяць іміджу ўсёй краіны, - канстатуюць яны.

Вернікі пішуць, што не ўспрымаюць свайго духоўнага айца як чужаземца, бо ксёндз Павел адпраўляў набажэнствы, прамаўляў казанні і размаўляў з людзьмі на добрай беларускай мове:

- Выдатна ведаў пра нашы праблемы. Жыў нашымі клопатамі. Кожнага адорваў святлом сваёй веры і рабіў усё магчымае, каб не толькі ў парафіі, але ў цэлым у горадзе і краіне панавала атмасфера згоды і любові. Беларусь для яго стала сваёй краінай і, без перабольшвання, другой радзімай.

Дарэчы, кс. Павел служыў не толькі пробашчам, але і экзарцыстам Віцебскай дыяцэзіі.

Парафіяне перакананыя, што для людзей, якія сеюць дабро, любоў і сапраўдную веру, Беларусь павінна заўсёды трымаць дзверы адчыненымі:

- З таго, што яны раптам зачыняюцца перад кімсьці, вынікае, на наш погляд, толькі шкода ды напружанасць у грамадстве. Молімся Богу, каб нашыя просьбы былі пачутыя і зразуметыя ўладамі і каб наш духоўны айцец вярнуўся да паствы. Католікі адзначаюць, што разумеюць палітыку дзяржавы, накіраваную на тое, каб у краіне служылі найперш святары-беларусы:

- Але і гэты аргумент - не супраць а. Паўла Кнурэка, бо з-пад яго крыла за час служэння ў Беларусі выйшла адразу некалькі беларускіх ксяндзоў - ягоных выхаванцаў. У яго сапраўдны святарскі дар.

Нагадаем, раней стала вядома аб тым, што пробашчу салігорскай парафіі не працягнулі дазвол на служэнне ў Беларусі, нягледзячы на тое, што ён аддаў мясцовым вернікам 20 гадоў свайго жыцця.

Last modified onПанядзелак, 21 Студзень 2019 21:03
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць