Гаворыць і паказвае Бог. Што азначае свята Хрыста Валадара, якое адзначаюць католікі
- Written by KATOLIK.LIFE
- Published in Царква
- Add new comment
Езус зацвярджае Сваё валадарства не сілай заваёўніка, але ласкай і лагоднасцю пастыра.
У апошнюю нядзелю літургічнага года (сёлета 24 лістапада) у Каталіцкай Царкве адзначаецца ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Сутнасць гэтага свята тлумачыць у кнізе «У стасунках з Богам» святар і багаслоў Франсіска Карвахал.
Ён адзначае, што цяперашняя ўрачыстасць была ўстаноўлена спецыяльна для таго, каб прадэманстраваць свету, які адышоў ад Бога, што Хрыстос па-ранейшаму застаецца яго адзіным уладаром.
У літургічных тэкстах святочнай Імшы Хрыстос паказаны любячым Валадаром, які прыйшоў зацвердзіць сваё валадарства не сілай заваёўніка, але ласкай і лагоднасцю пастыра: «вось, Я Сам адшукаю авечак Маіх і агледжу іх. Як пастух лічыць статак свой, калі знаходзіцца сярод статка свайго рассеянага, так і Я перагледжу авечак Маіх і вызвалю іх з усіх месцаў, у якія яны былі рассеяныя ў дзень воблачны і змрочны».
Валадарства, усталяванае Езусам Хрыстом – гэта дынамічная рэальнасць, закваска і знак выратавання. Гэта – звернуты да чалавека заклік зрабіць наш свет больш справядлівым, зацвердзіць у ім адносіны братэрства і салідарнасці, паказаць яму евангельскія каштоўнасці і адкрыць перспектывы надзеі на будучае вечнае шчасце, да якога мы ўсе пакліканы.
Па гэтай прычыне ў прэфацыі святой Імшы падкрэслена, што Езус перадаў Айцу валадарства ісціны і жыцця, валадарства святасці і ласкі, валадарства праўды, любові і міру. Вось якое яно, валадарства Хрыстовае, у якое ўсе мы пакліканы ўвайсці, у якім павінны прыняць удзел і якое абавязаныя ўсяляк распаўсюджваць праз плённае апостальскае служэнне.
«Гасподзь хоча "стаць сваім" у коле нашых сваякоў, сяброў, суседзяў, супрацоўнікаў... Перад тымі, хто зводзіць рэлігію да нейкай кучы адмаўленняў, або згодны задаволіцца палавіністым каталіцтвам, перад тымі, хто хацеў бы засунуць Госпада абліччам да сцяны або ў кут, хоць бы – у куток сваёй душы, мы абавязаны сцвярджаць словам і справай, што імкнемся да таго, каб Хрыстос стаў сапраўдным Валадаром усіх сэрцаў, нават іх уласных» [св. Х. Эскрыва, Разора, 608].
Апостал Павел вучыць, што Валадарства Хрыста над усякім стварэннем працягваецца ў часе, аднак дасягне сваёй паўнаты толькі пасля Страшнага суда. Гасподзь з'явіцца ў славе ў канцы часоў, калі адкрыюцца новае неба і новая зямля, калі будзе здабытая канчатковая перамога над д'яблам, грахом, пакутай і смерцю.
Аднак пакуль гэты момант яшчэ не наступіў, мы, хрысціяне, не можам дазволіць сабе пасіўнасці ў тым, што тычыцца сапраўднага характару Валадарства Хрыста ў свеце. Мы ад усёй душы жадаем поўнай рэалізацыі ягонага Валадарства. Богу належыць валадарыць, перш за ўсё, у нашым мысленні, што сілкуецца ежай Яго святога вучэння і горача шукае пазнання Богаадкрытай ісціны; Богу належыць валадарыць у нашай, паслухмянай яму, волі, якая усё паўней змяшчае ў сябе Ягоную волю; Богу належыць валадарыць і ў нашым сэрцы так, каб ніякая іншая любоў не магла выцесніць любоў Божую; Богу належыць валадарыць у нашым целе – гэтым храме Святога Духа, і ў нашых працах, якімі выбрукаваны наш шлях да святасці…
Цяперашняя ўрачыстасць некаторым чынам апярэджвае Другое прышэсце Хрыста з сілаю і славаю вялікаю – тое слаўнае Другое прышэсце, якое ўлагодзіць нашы сэрцы і абмые ўсякую слязу адчаю з нашых павек (...) Таму, хоць зямны прагрэс варта старанна адрозніваць ад ўзрастання Валадарства Хрыстовага, ён усё ж мае немалое значэнне для Валадарства Божага, паколькі можа дапамагчы лепшаму ўладкаванню чалавечага грамадства.
Гэта валадарства ўжо таемна прысутнічае тут, на зямлі; завершыцца ж яно з прышэсцем Госпада. Мы распаўсюджваем Валадарства Хрыстовае, спрыяючы гуманізацыі і хрысціянізацыі таго «малога свету», у які мы пагружаныя і з якім маем справу штодня.
Валадарства Хрыстовае, аднак, пачынаецца ў гэтым свеце. Яно распаўсюджваецца ў асяроддзі людзей, якія ўсведамляюць сябе дзецьмі Нябеснага Айца, тых, што любяць Бога, сілкуюцца Ім і жывуць для Яго.
Святкуючы гэтую ўрачыстасць, мы чуем, як Гасподзь звяртаецца да нас у глыбіні нашых сэрцаў: «Я ведаю намеры, якія маю пра вас, кажа Пан, намеры на карысць, а не на зло, каб даць вам будучыню і надзею».
Наш канал в Telegram – только интересное и важное. Подписаться >
Related items
- Манахіня ў Гродна здымае на відэа, як стварае вышыўку на літургічных прадметах
- У касцёлах пачаліся асаблівыя службы – Рараты. Як яны праходзяць, паказалі ў Пінску
- «Ваенную» зорку замест Каляднай зноў усталявалі на галоўнай елцы Брэста
- Пад гукі горнаў і дуды: свята паляўнічых ярка адзначылі ў Лепелі
- Царква не асуджае смяротнае пакаранне, заявіў Патрыярх Кірыл, маніпулюючы Бібліяй