BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Незвычайны артэфакт знойдзены ў Гомелі - ключ і замок ад узарванага касцёла [ФОТА]

Сімвалічна, што знаходку перадалі адроджанай каталіцкай парафіі.

Відаць, Божы Провід дапамог гомельскаму даследчыку, неабыякаваму да мінуўшчыны роднага горада, выпадкова зрабіць цікавую і рэдкую гістарычную знаходку, непасрэдна звязаную з каталіцкім жыццём у Гомелі.

Гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў апытваў аднога са старажылаў Гомеля, 90-гадовага ветэрана Вялікай айчыннай вайны Яўгена Мартынавіча Відоліса аб жыцці ў даваенным горадзе. І высветлілася, што ветэран – католік, яго хрысцілі ў старым гомельскім касцёле, а дзед Яўгена Мартынавіча - Мікалай Ржэвуцкі - быў сторажам храма. Больш за тое, дзед некалі зняў з брамкі агароджы старога касцёла замок, і цяпер ён стаіць у сараі ветэрана! Руплівы гаспадар перавёз з сабой замок пасля пераезду ў шматкватэрны дом з прыватнага сектару.

- Першапачаткова гэтая гісторыя пакідае дваякае ўражанне: стораж касцёла прынёс сабе дамоў замок з касцёльнай агароджы… Аднак усё становіцца на свае месцы ў святле выяўленых гістарычных фактаў з жыцця святыні, - тлумачыць Яўген Малікаў. - Пабудаваны ў 1822 годзе на сродкі Мікалая Румянцава па праекту архітэктара Джона Кларка каменны касцёл “Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі” займаў ключавое месца на вуглу вуліцы Замкавай (сучасны праспект Леніна) і рынкавай плошчы Гомеля. Як бачна на раннім фотаздымку касцёла, зробленым не пазней 1902 год, будынак святыні быў абнесены агароджай на каменных слупах з драўлянымі штыкецінамі. У 1905 годзе пры ксяндзы Францішку Пятроўскім праводзіліся значныя будаўнічыя работы - да будынка касцёла былі прыбудаваны дзве сакрыстыі, заменены надпіс на храме і іншае, і, мяркуючы па ўсім, тады ж драўляныя праслы агароджы былі заменены на металічныя, добра бачныя ўжо на фотаздымку касцёла, зробленым да 1908 года.

Паводле звестак, прыведзеных у кнізе «Костёл и власть на Гомельщине (20-30-е гг. ХХ века)», выдадзенай у 2009 годзе намаганнямі гомельскіх даследчыкаў А.Лебедзева, В.Пічукова і ксяндза С.Ляскоўскага, у канцы 1929 году Прэзідыум гарсавету вырашыў пашырыць тупік Камсамольскай вуліцы шляхам зносу жалезнай агароджы касцелу, «бо ў гэтым раёне вялікі рух аўтобусаў і пешаходаў».

- З гэтага вынікае, што менавіта тады, увосень 1929 году, стораж касцёла, у прысутнасці якога, відавочна, і адбываўся знос агароджы вакол святыні, зняў з брамкі той самы замок (дарэчы, бачны на фотаздымку, зробленым да 1908 году), які ў сілу шчаслівага збегу абставінаў захаваўся да нашага часу. Сам будынак касцёла па часе не нашмат перажыў сваю агароджу - ён быў разбураны камуністычнымі ўладамі ўвесну 1940 году, - працягвае даследчык.

Замок цудоўна захаваны, у рабочым стане, накладной канструкцыі, з унутранай спружынай і па-мастацку аформленым ключом. Фізічная і мастацкая каштоўнасць яго невялікая, як ў звычайнай утылітарнай рэчы, але непараўнальна большай з’яўляецца яго духоўнае значэнне для Гомеля - гэта, відаць, адзіная існуючая рэч, непасрэдна звязаная са старым гомельскім касцёлам! Тым больш, што ключ і замок былі знойдзены менавіта ў той час, калі вядзецца адраджэнне знішчанай парафіі.

Па дамоўленасці з ўладальнікам, старажытны замок ужо перададзены адноўленай рыма-каталіцкай парафіі Гомеля «Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі», храм якой плануецца збудаваць на пачатку Рэчыцкага праспекта. Такім чынам, гэтая знаходка стане тым фізічным звяном, што злучыць стары і новы касцёлы, матэрыяльна сімвалізуючы непарыўную пераемнасць хрысціянскіх традыцый на Гомельскай зямлі.

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць