BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

У Гомелі прайшоў малебен на месцы масавых расстрэлаў ахвяр рэпрэсій [фота]

На малітве сабраліся католікі, у тым ліку сваякі нявінна забітых.

У Дзень памяці памерлых вернікаў, які Каталіцкая Царква адзначае 2 лістапада, традыцыйны малебен ля крыжа прайшоў на 9-м кіламетры ў Навабеліцкім раёне Гомеля - месцы расстрэлаў шматлікіх святароў і вернікаў катамі НКВД. Гэта адно з месцаў масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў перыяд 1919-1940 гг. Малебен, на якім сабраліся парафіяне касцёла, у тым ліку сваякі нявінна забітых, а таксама законніцы Маці Тэрэзы і сёстры-бенедыктынкі, правёў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

- Дзякуючы гэтым нявінным ахвярам мы сёння маем магчымасць ісці па шляху святасці. Вельмі шмат вернікаў тут скончылі свой зямны шлях у перыяд пераследу Царквы. Крыж - гэта не толькі знак перамогі над смерцю, але і знак прабачэння. Таму просім перш за ўсё за ганіцеляў, бо пакутнікі праз сам факт праліцця крыві ўжо на нябёсах. Многія паміралі, даруючы нават сваім ворагам, а гэта можна зрабіць толькі маючы ў сэрцы любоў Хрыста, - патлумачыў пробашч парафіі айцец Славамір. - Мы прыходзім сюды кожны год, каб аддаць даніну павагі тым, хто не баяўся бальшавіцкага рэжыму, хто не баяўся да канца ісці за Хрыстом, хто не баяўся таго, што можа памерці. Таму што яны верылі, што іх жыццё ў руках Госпада, што іх жыццё уваскрэсла з Хрыстом. Бо так кажа Гасподзь: хто верыць у Мяне, той мае жыццё вечнае.

Гэты крыж - месца сімвалічнае, бо ў гэтых ваколіцах ў 30-я гады, перш за ўсё ў 1937 год, расстрэльвалі вельмі шмат католікаў, праваслаўных, святароў абедзвюх канфесій. І ў тутэйшых лясах знаходзілі шмат такіх месцаў, як гэта. Вернікі прыходзяць сюды з любоўю, таму што Ісус гаворыць сваім вучням любіць ворагаў і маліцца за іх:

- Мы ведаем сведчанні нашых пакутнікаў, якія ў момант расстрэлаў маліліся ў тым ліку і за сваіх карнікаў. Гэты подзвіг магчымы толькі пры адной умове - калі ў нашым сэрцы ёсць Святы Дух. Таму збіраемся тут не для таго, каб зводзіць рахункі з кімсці, а каб маліцца і за нашых братоў, і за іх забойцаў. Разумеем, што жыццё чалавека не заканчваецца смерцю, а толькі мяняецца. Прыходзім дзякаваць Богу за гэтых сведкаў веры, бо сёння развіваецца Царква дзякуючы таму, што гэтая зямля прапітаная крывёй пакутнікаў. Мы ідзем па іх слядах і вучымся вернаму служэнню Богу аж да праліцця крыві, калі ў гэтым ёсць Яго воля.

Святар нагадвае, што і сёння ў свеце вельмі шмат людзей аддаюць свае жыцці за Ісуса Хрыста: многія хрысціяне ў Сірыі, Іране, Іраку, Паўночнай Карэі, Кітаі, Афрыцы маюць мужнасць быць да канца вернымі Госпаду.

Last modified onЧацвер, 03 Лістапад 2016 15:16

Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць