BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Каталіцкі біскуп з Італіі перадаў праваслаўным Гомеля рэліквіі св. Панцелеімона

Франчэска Аліва: я бачу тут вялікую надзею і імкненне да яднання.

Беларусь наведаў італьянскі каталіцкі біскуп Франчэска Аліва. Ардынарый Локры і Джэрачэ прывёз у Гомель каўчэг з часціцай перадплечча святога пакутніка Панцелеімона, які асабліва шануецца Праваслаўнай царквой. Упершыню святыню - перадплечча святога лекара-цудатворца - прывозілі ў Беларусь ў 2016 годзе. За 350 гадоў каўчэг тады ўпершыню пакінуў месца свайго пастаяннага знаходжання - катэдру ў Джэрачэ ў італьянскай Калабрыі. А пазней была дасягнутая дамоўленасць аб пастаянным знаходжанні святыні ў Гомелі - як дапамога ў вылячэнні і дабраславенні вернікаў Беларусі.

9 жніўня 2017 г., для праваслаўных - дзень памяці святога велікамучаніка і лекара Панцелеімона, у гомельскі праваслаўны Свята-Петра-Паўлаўскі кафедральны сабор біскуп Франчэска Аліва даставіў каўчэг з рэліквіяй св. Панцелеімона. Дэлегацыю з Італіі разам з многімі вернікамі і прадстаўнікамі духавенства сустрэў епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан. Праваслаўны Уладыка горача падзякаваў каталіцкаму госцю і адзначыў, што святыня мае вялікае значэнне для ўсіх, асабліва, для жыхароў Гомельскай вобласці, якая пацярпела ад тэхнагеннай Чарнобыльскай катастрофы. «Мы верым, што прысутнасць такой найвялікшай святыні на гомельскай зямлі - гэта дар Божы для ўсіх нас», - сказаў епіскап Стэфан.

Пасля ўрачыстасцяў у праваслаўным саборы, 11 жніўня, біскуп Франчэска Аліва наведаў гомельскую рыма-каталіцкую парафію Нараджэння Божай Маці, дзе пробашч Юры Варанко правёў для італьянскага госця экскурсію па святыні і распавёў пра жыццё мясцовых католікаў. Як адзначыў біскуп Франчэска ў інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, перадачу рэліквіі праваслаўным Гомеля ён бачыць у ліку тых маленькіх крокаў, якія вядуць да галоўнага - да яднання, да пераадолення шматлікіх праблем, якія ёсць цяпер і могуць з'явіцца ў будучыні.

- У мяне неверагодна цудоўныя ўражанні ад знаходжання на беларускай зямлі. Нават нягледзячы на тое, што мы вельмі далёкія геаграфічна, мы адчуваем адзінства праз веру, праз нашу агульную гісторыю, старажытную візантыйскую культуру, якая нас аб'ядноўвае. Нягледзячы на сумную гісторыю мінулага і трагедыі, якія адбыліся на беларускай зямлі, якія ўдарылі па вернікам, я бачу тут вялікую надзею і імкненне да яднання, да веры, якая была страчана, але цяпер з сілай адраджаецца.

Св. Панцелеімон жыў у III-IV стагоддзях на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Стаўшы лекарам, ён лячыў бясплатна і пазбавіў многіх лекараў даходаў, з-за чаго на яго паступіў данос імператару Максіміану, што Панцелеімон наведвае ў турме хрысціянаў і лечыць іх імем Хрыста. Імператар паклікаў Панцелеімона і прасіў абвергнуць данос. Святы прапанаваў імператару паклікаць аднаго невылечна хворага і зладзіць выпрабаванне. Хто ацаліць яго: ён ці паганскія жрацы - вера таго і павінна быць сапраўднай. Паводле легенды, паганскія жрацы не змаглі вылечыць хворага, а Панцелеімон сілай малітвы дараваў паралізаванаму вылячэнне. Пасля гэтага многія паверылі ў Хрыста, а Максіміян азлобіўся на Панцелеімона і загадаў катаваць яго, а затым кінуць з цяжкім каменем у моры. Але Панцелеімон застаўся цэлы, тады яго падвергнулі новым пакутам: павесілі на дрэве, палілі свечкамі, потым рвалі жалезнымі кіпцюрамі, калесавалі, кідалі ў кіпячае волава, спрабавалі ўтапіць у моры. Дзікія звяры, якім ён быў кінуты на разарванне, лізалі яму ногі. Пасля ўсіх катаванняў Панцелеімона прысудзілі да ўсячэння галавы. Яго прывязалі да аліўнага дрэва і хацелі адсекчы галаву, але святы стаў маліцца, і меч не прычыніў яму шкоды. Падчас малітвы голас з нябёсаў заклікаў Панцелеімона ў Валадарства нябеснае і святы папрасіў воінаў выканаць дадзены ім загад. Легенда гаворыць, што калі яму адсеклі галаву, то з раны пацякло замест крыві малако, а масліна тут жа пакрылася пладамі. Кінутае ў вогнішча цела мучаніка не згарэла і было пахавана хрысціянамі.

Лічыцца, што Гасподзь праз гэтага святога выконвае мноства звернутых да яго просьбаў аб аздараўленні.

Last modified onПанядзелак, 18 Верасень 2017 23:56
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць