BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Аб прывідзе паненкі кажуць у вясковай школе пад Гомелем - ФОТА + каментар

Адкуль бяруцца зданні, і як з імі змагацца, тлумачыць спецыяліст, які вывучае ў семінарыі экзарцызм.

Ужо шмат гадоў у вёсцы Грабаўка Гомельскага раёна вартаўнікі і настаўнікі мясцовай школы распавядаюць пра прывід, які з'яўляецца па начах у школе.

- Як правіла, паказваецца прывід маладым нежанатым мужчынам. Упершыню мы пра яго пачулі ў пачатку 2000-х пасля дзяжурства ў школе маладога вартаўніка. Уначы ён глядзеў тэлевізар у кабінеце, і раптам у куце паўстаў вобраз жанчыны з распушчанымі доўгімі светлымі валасамі, якая закрывала рукамі экран тэлевізара. Праз некалькі гадоў у школу ўзялі на падпрацоўку іншага вартаўніка. Прыезджы хлопец, студэнт, расказаў, што заснуў за чытаннем кнігі на канапе ў настаўніцкай, а прачнуўся ад адчування на твары і шыі страшэннага холаду. Адкрыўшы вочы, хлопец убачыў светлавалосую жанчыну, якая схілілася над ім. Пазней малады чалавек сустракаў прывід яшчэ некалькі разоў. Ён парыў у цёмным калідоры і гучна смяяўся, - кажа дырэктар Грабаўскай школы-сада Таццяна Мацюшэнка.

Па словах цяперашніх вартаўнікоў, па начах у школе часта нешта стукае і рухаецца, часам чутныя крокі. Адна з настаўніц, якая дзяжурыла ў школе, сцвярджае, што таксама бачыла ноччу прывід: светлавалосая жанчына ішла па калідоры з ліхтаром у руцэ.

Мясцовыя старажылы лічаць, што прывідам можа быць дзяўчына Ядвіся, якая жыла ў вёсцы ў тыя часы, калі тут жыў род Фашчаў - гомельскіх шляхцічаў, каталікоў, карані якіх ідуць з 16-га стагоддзя. Па адной з версій, дзяўчына была тайнай каханай памешчыка і займалася "лекаваннем" - замовамі і чараўніцтвам. Будынак школы - сучасны, аднак яно пабудавалі ў раёне старажытнага парку, паблізу згарэлага панскага маёнтка.

- З пункту гледжання Царквы нельга сцвярджаць адразу, што маем справу з нячыстым духам. Неабходна, каб прыйшоў спецыяліст або нават просты святар, які б проста пабыў і паглядзеў, якая рэакцыя ў гэтым будынку на малітву. Тое, што кажуць людзі - можам прыняць да ўвагі, але з вялікай насцярожанасцю. Таму што чалавек можа бачыць розныя рэчы, трэба аддаваць належнае псіхіцы чалавека. Можа быць нейкі звычайны псіхоз, што часцей за ўсё назіраецца. З тагасветнай сілай мы сутыкаемся на самай справе вельмі рэдка, - каментуе семінарыст Віктар Прыходзька, які падчас вучобы ў каталіцкай Кіеўскай міжнароднай семінарыі Redemptoris Mater займаецца даследаваннем экзарцызму - выгнання дэманаў.

Што тычыцца прывідаў, то Царква не прызнае існавання такіх зданяў, як у мультфільмах. Ёсць пэўная дэманічная сіла, якая можа мець уплыў на які-небудзь дом. Гэтая дэманічная сіла можа выяўляцца там, дзе займаліся магіяй, акультызмам. Таксама дом можа быць «заражаны», калі на яго месцы праводзілі, напрыклад, сэксуальныя оргіі або здзейснілі забойства.

- Ці можа гэта быць непрыкаяная душа?

- Калі чалавек ужо памёр, то ён патрапіў або ў Рай або ў Пекла, адкуль ужо не можа вяртацца. Праўда, цяпер шматлікія экзарцысты вядуць спрэчкі і пакуль не прыйшлі да адзінага меркавання, ці можа душа, якая знаходзіцца ў Чысцецы або нават у Адзе, мець нейкі ўплыў на чалавека, які жыве ў гэтым свеце. Некаторыя святары мяркуюць, што Бог можа дазволіць душы з'яўляцца ў наш свет для нейкіх мэтаў.

- Мае таксама значэнне, якія людзі жывуць у дадзенай мясцовасці, ці вядуць яны хрысціянскі лад жыцця ці паганскі: займаюцца варажбой, вераць у прыкметы, лечаць замовамі, - працягвае спецыяліст. - Калі ж сапраўды пацвярджаецца, што маем справу з дэманічнай сілай, тады святар-экзарцыст з дазволу біскупа праводзіць асвячэнне дома. Аднак не варта гэта рабіць самому: бывае, што людзі, не маючы веры, акрапляюць дом святой вадой, і тады дэманічная сіла пачынае дзейнічаць яшчэ больш. Для здзяйснення экзарцызму неабходная ў першую чаргу вера.

Калі чалавек усё ж мяркуе, што мае справу з душой, якая знаходзіцца ў Чысцецы, то трэба памаліцца Богу з просьбай дараваць і прыняць гэтую душу ў сваё Царства, параіў семінарыст.

Last modified onАўторак, 24 Чэрвень 2014 15:06
Каментары   
0 #1 Нина 2014-06-26 13:14
Привидения- это или падшие ангела балуются, чтобы люди , не знающие Слово, поверили в существование душ умерших. или темные силы "притворяются" бабушками, дедушками, умершими родственниками.
Цытаваць | Паведаміць мадэратару
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць