Адвэнт: як трэба пасціцца?
- Written by Микола из Пинска
- Published in Хрысціянскае меркаванне
- Add new comment
Пасціцца трэба з любові да Бога і толькі перад ім, без знешняй паказухі і крывадушнай духоўнасці.
Адвэнт - час Радасці.
Адвэнт (ад лац. Adventus - прышэсце) - час чакання Нараджэння Хрыстова. Працягласць Адвэнту каля чатырох тыдняў. Адвэнт дзеліцца на два этапы: першы - прысвечаны развагам аб другім прышэсці Ісуса Хрыста; другі - падрыхтоўка да самога свята Нараджэння Хрыстовага. Кожная нядзеля Адвэнту прысвячаецца пэўнаму ўспаміну, якому адпавядаюць евангельскія чытанні падчас набажэнства: першая нядзеля прысвечана будучаму прыйсцю Езуса Хрыста ў канцы часоў, другая і трэцяя - Яну Хрысціцелю, чацвёртая - падзеям, што непасрэдна папярэднічалі нараджэнню Сына Божага і асабліваму месцу Панны Марыі ў таямніцы Богаўцелаўлення.
У першую нядзелю Адвэнту запальваюць першую свечку ў вянку Адвэнту - свечку Прароцтваў. Яна сімвалізуе старазапаветныя прароцтвы прышэсця Збавіцеля. Мы святкуем выкананне гэтых прароцтваў - прышэсце Збавіцеля на зямлю Немаўлём, Яго прышэсце ў нашы сэрцы праз веру ў Слова Божае, і Яго апошняе прышэсце ў славе, каб судзіць усіх людзей.
Як у каталіцкай, так і ў праваслаўнай царкве ёсць людзі, якія посцяць, каб заслужыць сабе што-небудзь ад Госпада. Але на самой справе не ўсё, што мы хочам рабіць для Хрыста, дапаможа нам атрымаць ад Бога жаданае. Ды і наогул, навошта трэба чалавеку пасціцца? Як пост прынясе карысць?
Прыклады паста ў Старым Запавеце.
Калі Ізраілю пагражала вынішчэнне ад персаў, Эстэр папрасіла ўвесь народ не піць і не есці тры дні і маліцца. Пасля трох дзён яна пайшла да цара Персіі прасіць за сваёй народ. Бог адказаў на іх малітву і пост, народ быў выратаваны. Давід пасціўся 7 дзён, раскайваўся ў сваім граху перад Богам, просячы прабачэння для сябе і жыцця для свайго сына. Бог дараваў Давіду, але не адмяніў пакаранне - сын памёр.
Ізраільскі цар Язафат абвясціў пост па ўсёй краіне напярэдадні бітвы, так як надзеі на выратаванне ад ворагаў практычна не было. Народ упакорыўся перад Богам і Бог даў ім перамогу ў гэтай бітве. Такім чынам, бачым, што людзі ў Старым Запавеце пасціліся, калі ім трэба было рабіць нешта важнае, калі яны мелі патрэбу ў сіле і мудрасці ад Бога. Таксама яны пасціліся і ўпакорвалі сваю душу перад Богам, набліжаючыся да яго, чысцячы сэрцы. Толькі чыстае і пакорлівае Богу сэрца можа пасціцца так, каб дагадзіць Богу. Менавіта такі пост абвясціў Бог правільным праз ізраільскага прарока Ісаю:
«Вось пост, які Я выбраў: разамкні аковы няпраўды, развяжы путы ярма, і прыгнечаных адпусці на волю і разарві кожнае ярмо: падзяліся з галодным хлебам тваім, і бяздомных бедных увядзі ў дом; калі ўбачыш голага, адзень яго і ад адзінакроўнага твайго не хавайся».
А зараз адказ ад таго ж прарока Ісаі на пытанне «што я атрымаю ад Бога ў выніку дагоднага Богу паста?»: «Тады адкрыецца, як зара, святло тваё, і ацаленне тваё хутка вырасце, і праўда твая пойдзе перад табою, і слава Гасподняя будзе з табою. Тады ты паклічаш, і Гасподзь пачуе; залямантуеш, і Ён скажа: "вось Я!" Калі ты адвядзеш з асяродздзя твайго ярмо, перастанеш падымаць палец, і тады святло тваё ўзыдзе ў цемры, і морак твой будзе як апоўдні; і будзе Гасподзь правадыром тваім заўсёды, і падчас засухі будзе насычаць душу тваю і мацаваць косці твае, і ты будзеш як напоены вадою сад і як крыніца, воды якое ніколі не перасыхаюць. І забудуцца нашчадкамі тваімі пустыні спрадвечныя: ты адродзіш асновы многіх пакаленняў, і будуць называць цябе адраджэнцам руінаў, адраджэнцам шляхоў насельніцтву».
Пост будуе душу чалавека, сам Бог пачынае весці гэтага чалавека па жыцці, гэты чалавек, як святло ў цемры, атрымлівае здольнасць ад Бога паказваць на праўду людзям. Бог клапоціцца аб ім, як аб духоўных, так і аб фізічных патрэбах гэтага чалавека. Можна сказаць, што сваім постам чалавек ўплывае на будучыню сваіх нашчадкаў, на будучыню свайго народа.
Сам Ісус пра пост казаў мала, але Яго словы адкрыюць нам шлях і матывы сапраўднага посту. Вось урывак з Евангелля ад Матфея:
«Калі посціце, не будзьце маркотныя, як крывадушнікі, бо яны прымаюць на сябе змрочныя твары, каб паказаць сябе людзям поснікамі. Праўду кажу вам, што яны ўжо атрымліваюць узнагароду сваю. А ты, калі посціш, памаж галаву тваю і ўмый аблічча тваё, каб явіцца поснікам не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, Які ў тайнасці; і Айцец твой, Які бачыць тайнае, аддасць табе на яве».
З ўрыўка вынікае, што не трэба пасціцца, каб зрабіць уражанне, адлюстраваць духоўнасць. Любая справа, зробленая для ўласнай хвалы, не мае каштоўнасці. Біблейскі пост - гэта ўстрыманне ад усякай ежы, часам і пітва (часам і ад палавых адносін) на працягу нейкага перыяду. Гэты час пакоры і знішчэння сваёй пыхі перад Богам. Пасціцца трэба з любові да Бога і толькі перад ім, без знешняй паказухі і крывадушнай духоўнасці. Калі чалавек посціцца з праведным сэрцам і стаўленнем да Бога, Бог абяцае духоўнае дабраславенне для гэтага чалавека.
А цяпер самае галоўнае пытанне: ці з правільным сэрцам мы прыступілі да паста ці не? Ці пачуе Бог вашу малітву і ці будзе яму даспадобы наш пост? І на самой справе не важна, як ты посцішся - галоўнае, каб гэты пост падрыхтаваў тваё сэрца да прыходу Госпада.
І ў канцы маленькая прыпавесць: Два манаха пайшлі ў горад і там запалі ў блуд. Абодвух адправілі на сорак дзён у затвор на пакаянне. Пасля заканчэння тэрміну першы манах выйшаў стомлены і бледны, а другі - радасны і зіхатлівы. Першы ўсе сорак дзён аплакваў сваё падзенне і маліў Бога аб прабачэнні. Другі - усхваляў Бога за Яго міласць, якая дала яму магчымасць пакаяцца і пачаць новае жыццё. Настаяцелю было адкрыццё, што пакаянне абодвух братоў роўнае перад Богам.
Усім удалага і радаснага паста!
Related items
- Апублікавана відэа прэзентацыі альбому на вершы святой Тэрэзы – унікальнага праекта беларусаў
- Ксёндз-акцёр, жоўтыя біркі – незвычайна адзначылі юбілей касцёла ў Варнянах
- Першая нанакапліца са штучным інтэлектам у Польшчы выклікала захапленне і крытыку
- Ксёндз Завальнюк набраў тысячу падпісчыкаў. Ён стаў адзіным, хто згадаў пра гадавіну закрыцця Чырвонага касцёла
- Быў ксяндзом – стаў шматдзетным бацькам. Адкрыта – пра былых святароў