BEL
†Бог любіць цябе такім, які ты ёсць! †Хрыстос дабравольна пайшоў на крыж за твае правіны †Смерць пераможана! † Найбольш просты шлях да святасці - не асуджай! †Ісус шукае і чакае цябе! †Хрыстос уваскрос! †Д'ябал не можа зрабіць пекла прывабным, таму ён робіць прывабнай дарогу туды

Чаму Бог маўчыць? Ці мы Яго не чуем? 7 хвілін разважанняў

  • Written by Марко Ванцини - Карлос Айхела, перевод Константин ЧАРУХИН
  • Published in Царква
  • Add new comment

Цішыня часта з'яўляецца «месцам», у якім Бог чакае нас, каб мы маглі чуць Яго, замест таго, каб слухаць шум уласнага голасу.

Кніга Зыходу апавядае пра тое, як Бог з'явіўся Майсею на Сінаі ў ззянні Сваёй славы: уся гара трэслася, Майсей казаў, і Бог адказваў яму сярод грому і маланак (Зых. 19,16-22). Увесь народ уражана прыслухоўваўся да магутнасці і велічы Бога. Хоць падобныя тэафаніі сустракаюцца ў гісторыі Ізраэля [1], Бог збольшага з'яўляўся свайму народу інакш: не ў ззянні святла, а ў цішыні, у цемры, цытуе старонка OPUS DEI Belarus.

Праз некалькі стагоддзяў пасля Майсея прарок Ілля, ратуючыся ад пераследаў Езабэлі, па Боскім закліку адпраўляецца зноў да святой гары. Схаваўшыся ў пячоры, прарок бачыць тыя ж прыкметы тэафаніі, што ў кнізе Зыходу: землятрус, ураган, агонь. Але Бога ў іх не было. Пасля полымя, кажа святы пісьменнік, быў «шум, як ад лёгкага ветру». Ілля захіліў твар плашчом і выйшаў насустрач Богу. І менавіта тады Бог гаварыў з ім (гл. 1 Вал. 19,9-18).

Габрэйскі тэкст даслоўна кажа, што Ілля пачуў «шум або голас мяккай цішыні (дэмама)». Грэцкая версія «Сямідзесяці» і «Вульгата» пераклалі гэты выраз як «лёгкі ветрык», магчыма, каб пазбегнуць відавочнай супярэчнасці паміж шумам або голасам з аднаго боку, і маўчаннем з іншага. Але значэнне слова дэмама - гэта менавіта цішыня.

У гэты парадокс святы аўтар укладае той сэнс, што маўчанне не пустое, але поўнае боскай прысутнасці. «Цішыня ахоўвае таямніцу» [2], таямніцу Бога. І Пісанне запрашае нас увайсці ў гэту цішыню, калі мы хочам знайсці Яго. Які слабы шэпт мы чуем ад Яго Аднак нам цяжка ўспрыняць такі спосаб Бога гаварыць.

Псалмы красамоўна выказваюць гэта: «Божа, не маўчы! Не адмоўчвайся, не заставайся спакойным, Божа!» (Пс. 83.2). «Чаму хаваеш аблічча Тваё?» (Пс. 43:25) «Чаму пагане павінны казаць: «Дзе іхні Бог?»(Пс. 78: 10). Праз святы тэкст Бог сам укладае гэтыя пытанні ў нашыя вусны і ў нашыя сэрцы: Ён хоча, каб мы выказалі іх, каб разважалі над імі ў кузні малітвы.

Гэта важныя пытанні. З аднаго боку, таму, што яны проста паказваюць на тое, як Ён сам выяўляе сябе, сваёй логікай: яны дапамагаюць нам зразумець, як шукаць Яго аблічча, як слухаць Ягоны голас. З іншага боку, бо яны паказваюць складанасць усведамлення блізкасці Бога – гэта досвед, агульны для вернікаў і няверуючых, хоць ён набывае розныя формы ў тых і іншых.

Вера і жыццё ў ласцы не робяць Бога бачным; і вернік можа перажываць яўную непрысутнасць Бога. Чаму Бог маўчыць? Часта Пісанне прадстаўляе Яго маўчанне, Яго аддаленасць як вынік нявернасці чалавека.

Гэта тлумачыцца, напрыклад, у Другазаконні: «Народ гэты паўстане, каб распуставаць з чужымі багамі гэтай зямлі, у каторую ўвойдзе; і пакінуць яны Мяне, і парушаць запавет, які Я заключыў з імі… Я вось схаваю і не пакажу аблічча Майго ў той дзень дзеля ўсіх злачынстваў, да якіх ён дайшоў, бо пайшоў ён за багамі чужымі» (Друг. 31,16-18).

Грэх, пакланенне балванам, падобна заслоне, якая зацяняе Бога, замінае ўбачыць Яго; гэта падобна на шум, які не дае Яго пачуць. І Бог цярпліва чакае за гэтай перагародкай, якую мы паклалі паміж намі і Ім, чакаючы прыдатны момант, каб вярнуцца да нас на сустрэчу. «Не адвярну ад вас аблічча Майго; бо Я міласцівы» (Ер. 3,12).

Бог не проста маўчыць, бо часта здараецца так, што мы не дазваляем Яму казаць, не слухаем Яго, таму што ў нашым жыцці зашмат шуму.

«Існуе не толькі фізічная глухата, якая ў значнай ступені адлучае чалавека ад грамадскага жыцця. Існуе адменная нястача слыху – у дачыненні Бога, і мы пакутуем ад яе, асабліва ў наш час. Мы проста не чуем; зашмат розных гукаў напаўняюць нашыя вушы. Тое, што сказана пра Яго, падаецца нам данавуковым, яно ўжо не здаецца адэкватным нашаму часу.

З дэфектам слыху або нават глухатой у дачыненні Бога мы, натуральна, таксама губляем здольнасць гаварыць з Ім ці праз Яго. Аднак такім чынам мы пазбаўляемся найважнейшай здольнасці ўспрымання. Нашы ўнутраныя пачуцці знаходзяцца пад пагрозай атрафіі. Нястача гэтай здольнасці страшна звужвае кола нашых адносін з рэальнасцю ў цэлым [3].

Аднак часам нельга казаць пра глухату чалавека ў адносінах да Бога, а выдае на тое, што гэта Ён не слухае, не дзейнічае. Кніга Ёва, прыкладам, паказвае, што і малітвы праведнікаў, якія знаходзяцца ў бядзе, могуць застацца, на некаторы час, без адказу ад Бога. «Які слабы шэпт мы чуем ад Яго!» (Ёў 26,14).

Штодзённы досвед кожнага чалавека таксама паказвае, што часта бывае вельмі патрэбна атрымаць ад Бога хоць слова, будзь якую дапамогу, а просьба пра гэты нібы вісне ў вакууме. Міласэрнасць Бога, пра якую гэтак шмат кажуць Святое Пісанне і хрысціянскі катэхізіс, часам даволі цяжка адчуць таму, хто праходзіць праз цяжкія сітуацыі, злучаныя з хваробай ці несправядлівасцю, у якіх, апроч таго, і малітва, як здаецца, застаецца без адказу.

Чаму Бог не чуе? Чаму, калі Ты – Айцец, то не прыйдзеш мне на дапамогу, Ты ж можаш?

«Аддаленасць ад Бога, няўпэўненасць і сумнеў у Ім у наш час мацней, чым калі-небудзь; нават нам, тым, хто імкнецца быць вернікамі, часта здаецца, што рэальнасць Бога выслізгвае ў нас з рук. Ці не задаёмся мы ўвесь час пытаннем, ці ёсць Ён там, за велізарнай цішынёй гэтага свету? Ці не складаецца ў нас часам уражанне, што пасля доўгіх разважанняў у нас застаюцца толькі словы, а рэальнасць Бога апынаецца як ніколі далёкай ад нас?» [4].

У сэрцы Адкрыцця змяшчаецца гісторыя самога Езуса, якая ўводзіць нас у таямніцу Боскага маўчання куды глыбей, чым нашы асабістыя перажыванні. Езус – праўдзівы Праведнік, адданы Слуга, умілаваны Сын – не быў вызвалены ад Мукі і Крыжа. У адказ на Яго малітву ў Аліўным садзе быў пасланы анёл, каб суцешыць Яго, але не вызваленне ад немінучых пакут. І не перастае здзіўляць тое, што Езус маліўся на крыжы словамі Псалма 22: «Божа, мой Божа, чаму Ты мяне пакінуў? Далёкія ад майго збаўлення словы стогну майго» (Пс 22,2).

Той, Хто не ведаў граху (2 Кар. 5,21), зведаў тыя ж пакуты, якія часам так нявечаць людскія жыцці: і гэты факт азначае, што яны не могуць быць вытлумачаны як знакі адхілення ад Бога, а Яго маўчанне – як адсутнасць або аддаленасць.

Бог спазнаецца праз Сваё маўчанне, праходзячы паўз сляпога ад нараджэння, апосталы задаюць пытанне, якое адпавядае распаўсюджанаму складу думак: «Хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» (Ян. 9,1). Хоць сёння было б дзіўна пачуць штосьці гэтага кшталту, насамрэч пытанне апосталаў не так далёка, як здаецца, ад звычайнай думкі, што пакуты ёсць вынікам свайго роду сляпога лёсу, перад якім пасля ўсіх няўдалых спробаў пераадолення застаецца толькі скарыцца.

Езус папраўляе апосталаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя» (Ян. 9,3). Бог застаецца часам у цішыні, як быццам бяздзейным і абыякавым да нашага шчасця, але гэта адбываецца таму, што Ён хоча прабіць сабе дарогу ў нашую душу.

Толькі так робіцца зразумела, прыкладам, чаму Ён дазволіў пакутаваць святому Юзафу ад перажывання нявызначанасці адносна нечаканай цяжарнасці Панны Марыі (гл. Мц. 1,18-20), таму, што меў адменны «расклад» надыходзячых падзей. Бог рыхтаваў Юзафа да нечага большага. Ён «ніколі не перашкаджае радасці сваіх дзяцей, калі не рыхтуе ім «верную і большую» радасць [5].

Святы Ігнат Антыяхійскі пісаў, што «той, хто разумее словы Бога, разумее і Яго маўчанне, таму што Бог спазнаецца праз Сваё маўчанне» [6]. Цішыня Боская часта з'яўляецца для чалавека «месцам», магчымасцю і перадумовай, каб слухаць Бога замест таго, каб слухаць толькі самога сябе. Без маўклівага голасу Бога ў малітве «чалавечае «я» прыходзіць да таго, што замыкаецца ў сабе, і сумленне, якое павінна паўтараць голас Бога, рызыкуе ператварыцца ў люстэрка самога сябе, так што ўнутраная гутарка робіцца маналогам, які спараджае тысячу самаапраўданняў» [7].

Падумаем: калі б Бог увесь час гаварыў з намі і ўмешваўся ў наша жыццё дзеля вырашэння нашых праблем, то ці не стала для нас Яго прысутнасць занадта звычайнай?

Ці не прыйшлі б мы ў выніку да таго ж, што і два сыны з прыпавесці (гл. Лк. 15, 11-32), аддаючы перавагу нашым выгадам перад радасцю жыць з Ім? «Маўчанне здольна адкрыць нам унутраную прастору ў глыбіні нас саміх, каб Бог жыў там, каб Яго Слова знаходзілася ў нас, каб любоў да Яго ўкаранілася ў нашым розуме і ў нашым сэрцы, адухаўляла наша жыццё» [8]. У пошуках, у даверлівай малітве пры перанясенні цяжкасцяў чалавек вызваляецца ад сваёй самадастатковасці; ён прыводзіць свае ўнутраныя рэсурсы ў рух; умацоўваюцца яго узаемаадносіны з іншымі.

Бязмоўнасць Бога, той факт, што ён не заўсёды ўмешваецца наўпростым чынам у падзеі, як нам хацелася б, абуджае дынамізм чалавечай волі; заклікае чалавека ўзяць на сябе адказнасць за сваё жыццё або за жыццё іншых, за свае пэўныя патрэбы.

Таму вера – «гэта сіла, якая ў цішыні, не робячы шуму, змяняе свет і ператварае яго ў Валадарства Божае, а малітва – вызнанне веры. Бог не можа нічога змяніць без нашага навяртання, а нашае праўдзівае навяртанне пачынаецца з «крыку» душы, што заклікае аб прабачэнні і выратаванні» [9].

У навуцы Езуса малітва з’яўляецца дыялогам паміж чалавекам як сынам і Айцом Нябесным, дзе просьбітная частка займае вельмі важнае месца (гл. Лк. 11,5-11, Мц. 7,7-11). Дзіцё ведае, што яго бацька заўсёды слухае яго, але тое, што яму абяцана, – гэта не столькі выйсце з пакуты ці хваробы, як дарунак Святога Духу (Лк. 11,13).

Адказам, з якім Бог заўсёды прыходзіць на дапамогу чалавеку, ёсць Дар Духу-Любові. Гэта, магчыма, не зашмат нам кажа, але гэта значна каштоўнейшы і грунтоўнейшы дар, чым любое зямное вырашэнне праблем. Гэта дар, які павінен быць прыняты з сыноўскай верай і які не скасоўвае патрэбы ў чалавечых высілках для змагання з цяжкасцямі.

З Богам «даліны ценю», якія мы часам павінны перасякаць, аўтаматычна не асвятляюцца; мы працягваем ісці, магчыма, са страхам, але са страхам, поўным упэўненасці: «Я не збаюся зла, бо Ты са мною» (Пс. 23: 4). Гэты спосаб, якім Бог дзейнічае, каб абудзіць у чалавеку рашучасць і ўпэўненасць, можна распазнаць у тым, як Ён ажыццяўляў сваё Адкрыццё ў гісторыі.

Мы можам узгадаць гісторыю Абрагама, які пакідае сваю краіну і адпраўляецца ў невядомую зямлю, давяраючы Божаму абяцанню, не ведаючы, куды Бог вядзе яго (гл. Быц. 12,1-4); ці ўспомнім пра ўпэўненасць Ізраэльскага народу ў выратаванні ад Бога, нават калі ўсе чалавечыя надзеі павінны былі быць згублены (см. Эст.. 4,17); ці пакорлівыя ўцёкі Святой Сям’і ў Егіпет (см. Мц. 2,13-15), калі Бог нібы б падначаліўся прыхамаці правінцыйнага манарха... Таму было б памылкай думаць, што сведкам жыцця Езуса вера давалася лягчэй, бо нават гэтыя сведкі не вытрымалі сур'ёзнасці рашэння: паверыць у Яго ці не, прызнаць у Ім наяўнасць і дзеянне Бога ці не [10].

Шматлікія ўрыўкі Новага Запавету сведчаць пра тое, наколькі гэтае рашэнне не было відавочным [11]. Учора, як і сёння, хаця Божае Адкрыццё паказвае годныя даверу знакі, заслона недаступнасці Бога не адсоўваецца цалкам; Яго маўчанне працягвае кідаць выклік чалавеку. «Чалавечае існаванне – гэта шлях веры, і як такі ён пралягае большай часткай у змроку, чым у поўным святле, з момантамі невыразнасці і нават цемры. Пакуль мы тут, нашы адносіны з Богам складаюцца больш у слуханні, чым у бачанні» [12].

Гэты не толькі выраз таго факта, што Бог заўсёды перасягае наш розум, але таксама і логіка запытання і адказу, дарунка і задання, праз пасрэдніцтва якіх Ён хоча весці нашу гісторыю: усіх разам і асабіста кожнага. Урэшце, мы павінны ўвасабляць у сабе менавіта выяву раскрыцця Бога ў Яго стасунках з воляй. Адкрыццё Бога знаходзіцца ў нейкім святлацені, які дазваляе волі абіраць, адкрыцца Яму ці застацца замкнёнай у нашай самадастатковасці. Бог ёсць «Валадар з сэрцам з плоці, падобным нашаму; Ён ёсць Створцам сусвету і кожнага з істот, але Ён не навязвае Свайго панавання: Ён просіць крыху любові, паказваючы нам у цішыні свае зраненыя рукі»[13].

Воблака цішыні Сваёй малітвай на Крыжы - «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты пакінуў Мяне?» (Мц. 27, 46).Езус «выдае гэты крык чалавецтва, якое пакутуе ад відочнай непрысутнасці Бога і даносіць гэты крык да сэрца Айца. Маліўшыся так у гэтай апошняй самоце разам з усім чалавецтвам, Ён адкрывае сэрца Бога» [14].

У выніку, у псальме, словамі якога Езус заклікае да Айца, смутак саступае месца вялікаму гарызонту надзеі (гл. Пс 22, 20-32) [15]; гэты гарызонт адкрываецца перад Яго вачамі нават на піку смяротных мук. «У рукі Твае аддаю Я дух Мой» (Лк. 23,44), кажа Ён Айцу перад сконам. Езус ведае, што аддадзенае Ім жыццё не адыдзе ў пустэчу, што яно зменіць гісторыю назаўжды, нават калі здаецца, што апошняе слова – за злом і смерцю.

Яго маўчанне на Крыжы значыць больш, чым крыкі тых, хто яго асуджае. «Вось, я ствараю ўсё новае» (Ап. 21,5). «Вера таксама павінна верыць Яму, верыць у тое, што Ён любіць нас, што Ён жыве, што Ён здольны таямніча ўмяшацца, што Ён не пакідае нас, што Ён здабывае дабро са зла сваёй бясконцай творчай сілай. Варта верыць, што Ён перамагае ў гісторыі (...), што Валадарства Божае ўжо прысутнічае ў свеце і развіваецца паўсюль» [16].

Сваім маўчаннем Бог выхоўвае веру і надзею ў сваіх дзецях: Ён абнаўляе іх саміх і з іх дапамогай «стварае ўсё новае». Кожны з нас мусіць адказаць на мяккую цішыню Бога сваёй уважлівай цішынёй, цішынёй услых, каб даведацца, «як Бог таямніча дзейнічае» у нашых сэрцах «і якое тое воблака (...), якім Дух Святы пакрывае нашу таямніцу.

Гэта воблака ў нас, у нашым жыцці, завецца цішынёй. Цішыня – гэта менавіта тое воблака, якое пакрывае таямніцу нашых адносін з Богам, таямніцу нашай святасці і нашых грахоў» [17].

Марка Ванцыні і Карлас Айхела. На беларускую мову пераклаў Канстанцін Чарухін.

Спасылкі

[1] Гл., прыкл. Быц. 18,1-15; 1 Вал. 18,20-40, Іс. 6,1-13. [2] Францішак, гамілія ў касцёле св. Марты, 20-XII-2013. [3] Бенедыкт, гам., 10-IX-2006. [4] Ё. Ратцынгер, «Ці выратаваны мы? Ёв гаворыць з Богам: часопіс “Быць хрысціянінам” 1967, стар. 19. [5] А. Мандзоні, Жаніхі (I Promessi Sposi), разд. 8. [6] Ігнацый Антыёхійскі, Пасл. Да эфесцаў, XV, 2 (Sources chrétiennes 10, стар. 84-85). [7] Бенедыкт, гамілія, 6-II-2008. [8] Бенедыкт, аўдыенцыя, 7-III-2012. [9] Бенедыкт, гамілія, 21-Х-2007. [10] Гл. Р. Гуардыні, Пан, IV.6, «Адкрыццё і таямніца». [11] Гл., напрыклад, Ян. 6,60-68; 8,12-20; 9,1-41. [12] Бенедыкт XVI, Angelus 12-III-2006. [13] Св. Хосэмарыя, Хрыстус праходзіць, ст. 179. [14] Бенедыкт, гамілія, 6-II-2008. [15] Гэта часта сустракаецца ў псальмах, дзе Псальміст скардзіцца Богу: «Дакуль, Пане? Ці ж забудзешся на мяне зусім? Дакуль хаваць перада мною будзеш твар Твой?» (Пс 13.2-3), але не губляе веры ў яго: «Я ж спадзяваўся на міласэрнасць Тваю; хай сэрца маё ўзрадуецца збаўленнем Тваім, І я буду славіць Пана, які дабро мне ўчыніў» ( 6). [16] Францішак, Ап. эксг. Evangelii Gaudium (24-XI-2013 г.), ст. 78. [17] Францішак, гамілія у св. Марты, 20-XII-2013.

Last modified onАўторак, 10 Красавік 2018 23:42
Дадаць каментарый

Ахоўны код
Абнавіць